Вялікі блеф маленькага тэатра

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Рэкламны ролік па тэлебачанні і афішы на рэкламных тумбах абяцалі мінскім аматарам тэатра ледзь не “спектакль стагоддзя”, “баль для душы”, “імяніны сэрца”. Сумненняў ні ў каго ўзнікнуць не магло: першакрыніца — знакаміты раман Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта”, пастаноўка “маскоўскага эксперыментальнага тэатра”, спектакль ужо “дваццаць гадоў на сцэне”, ролю галоўнай гераіні выконвае вядомая і таленавітая актрыса Кацярына Клімава... Праўда, цэны на квіткі моцна “кусаліся”, але праўдзівы тэатрал лепей недаесць-недап’е, чым пазбавіць сябе добрага спектаклю. Пагатоў, паказ быў прызначаны на 3 сакавіка — напярэдадні жаночага вясновага свята. Хіба сапраўдны мужчына адмовіць у задавальненні каханай? жанчыне? Адным словам, разлік верны...

І вось доўгачаканы дзень настаў. Вялікая зала Палаца рэспублікі запоўненая цалкам. 19.00. Праходзіць дзесяць хвілін, потым пятнаццаць... Нашы прызвычаеныя да пунктуальнасці гледачы пачалі трохі хвалявацца. Але вось нарэшце — пачалося...

Ужо першыя сцэны спектакля трохі збянтэжылі. Найперш праз адсутнасць звязнай драматургіі, замест якой — хаатычна складзеныя кавалкі, адвольна надзёртыя з булгакаўскага тэксту. Ігра акцёраў таксама, як кажуць, “пакідала жадаць”: перабольшаны націск, танныя трукі ў разліку выклікаць смех залы, невыразная дыкцыя...

Заставалася надзея на Клімаву — і вось з-за кулісаў з’явілася жаночая фігурка ў капелюшы з вялізнымі палямі, пад якімі разгледзець твар актрысы было немагчыма. Элегантна прысела на лаву, адставіўшы ножку — і неўзабаве зноў схавалася за кулісамі. На гэтым удзел галоўнай гераіні (!) у першым дзеянні і абмежаваўся. Зарадзілася нядобрая думка: а ці Клімава гэта?

Калі першае дзеянне “спектакля” яшчэ можна было — хай і з вялікай нацяжкай — суаднесці з першакрыніцай, то дзеянне другое — як бы гэта мякчэй выказацца — уяўляла з сябе бессэнсоўны набор слоў, выкрыкаў і рухаў цела. Нават знакаміты эпізод у вар’етэ, які дае выдатную магчымасць пагуляць з глядзельнай залай, забіў плоскім гумарам — што называецца, “ніжэй за плінтус”. “Маг” выпрасіў у гледачоў некалькі грашовых купюр і паабяцаў гэтым “недарэкам” адправіць іх у нейкае нядобрае месца, а “сеанс чорнай магіі” быў зведзены да перакладвання цукеркі з правай рукі ў левую.

І што ж нашы гледачы? Іх яўна падвяла ўласная выхаванасць. Многія проста здзіўлена маўчалі, некаторыя спрабавалі падбадзёрыць акцёраў стрыманымі смяшкамі: можа быць, гэта дапаможа ім “разыграцца”. Тыя, аднак, у дапамозе патрэбы не мелі, адчувалі сябе цалкам вольна — але, мабыць, не зусім разумелі, што ж ім, уласна, на сцэне рабіць. Падобна было на тое, што са спектакля выпалі нейкія эпізоды (магчыма, з той жа галоўнай гераіняй), і таму акцёры спрабавалі хоць як залатаць “дзіркі” імправізацыяй — на рэдкасць бяздарнай. Наогул, акцёрская імправізацыя мае права на існаванне і нават можа быць цалкам удалай. Але для гэтага трэба зусім іншы ўзровень інтэлекту і культуры...

Атмасфера расчаравання ў глядзельнай зале ўсё больш згушчалася. Экспансіўныя італьянскія гледачы, пэўна, папросту закідалі б гора-акцёраў гнілымі памідорамі, ну а нашы сталі патроху культурна сыходзіць.

“Не вынесла душа поэта” і ў аўтара гэтай рэплікі — я пакінула залу ў сярэдзіне другога дзеяння, бо стала ўжо невыносна. І справа нават не ў тым, што часу было шкада. Усё нашмат горш: за бойкім нахабствам маладых маскоўскіх “выканаўцаў” відавочна чыталася адкрытая непавага: маўляў, “правінцыйныя разявакі з’ядуць што ім ні дай”. І вось гэта трываць не было ніякай магчымасці.

Якая ж мараль? Перш за ўсё, хацелася б сказаць паважанай актрысе Кацярыне Клімавай: такую бессаромную эксплуатацыю свайго імя нельга пакідаць беспакаранай. Але галоўнае тут у іншым. Ліхім гастралёрам, вядома, мала справы да глядацкага расчаравання. Ім важна толькі адно: удалося-такі “ссекчы” грошыкі, і вельмі немалыя. Аднак такі іх поспех — аднаразовы. Чуткамі зямля поўніцца — і ніхто болей на іх “спектаклі” ў Мінску хадзіць не будзе. Заадно ўдалося ім выклікаць вялікі недавер іншым сваім маскоўскім “субратам па цэху”. Сярод іх, вядома, шмат годных людзей, але зараз і да іх міжволі пачнуць ставіцца з недаверам.

Алена ЧЫЖЭЎСКАЯ,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі