У адпаведнасці з ім і выправілася ў вандроўку фальклорная экспедыцыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, якая даследуе традыцыйную культуру ва ўсіх яе праявах і мае на мэце выявіць яе сённяшні стан. У ходзе экспедыцыі навукоўцы наведалі Магілёўскае Падняпроўе, Віцебскае Падзвінне, Гродзенскае Панямонне і Заходняе Палессе. Сёлета ж пахваліцца спадчынным багаццем надышла чарга Цэнтральнаму рэгіёну. Міншчына ўяўляе для даследчыкаў асаблівую цікавасць, бо мае не толькі ўласныя культурныя адметнасці, але і аб’ядноўвае шматлікія плыні, характэрныя для іншых рэгіёнаў краіны.
З Міколам Козенкам, метадыстам аддзела традыцыйнай культуры БДУКіМ і нястомным даследчыкам харэаграфічнай спадчыны, мы сустрэліся ў Лагойскім раёне. “Бадай, на карце кожнага этнографа і фалькларыста, — адзначыў Мікола Аляксеевіч, — вёска Гайна падкрэслена тлустым алоўкам і не ўпершыню прымае цікаўных гасцей. Сюды завітваюць студэнты пад час фальклорнай практыкі, якіх раённы аддзел культуры заўжды запрашае да ўдзелу ў самых розных мерапрыемствах. Едуць і навукоўцы, каб дакрануцца да вытокаў мастацкай традыцыі. Часам з’яўляюцца нават замежныя турысты. Вёска трымаецца сваіх каранёў і шануе сваіх старажылаў — носьбітаў культурнай і мастацкай традыцыі, шасцёра з якіх выступаюць у складзе калектыву фальклорна-бытавога танца “Суботка”, перадаючы сваё майстэрства моладзі”.
Урачыста апранутыя бабулі ветла сустрэлі нас на ганку мясцовага Дома культуры.
Сяргей Мікалаевіч Кохан, старажыл-гарманіст, са стажам больш за 60 гадоў, дастаў гармонік, і... руплівыя бабулі нібы ператварыліся ў бесклапотных маладзіц. З першымі акордамі яны пусціліся ў скокі, выбіваючы шпаркімі нагамі душу з драўлянай клубнай падлогі.
Раптам мільганула думка пра тое, што, пэўна, прыемна жвавым танцоркам успамінаць моманты ўласнай маладосці: магію вясковай вечарынкі, ужо далёкай, але незабыўнай. “А як у вашу пару хлопцы запрашалі на танец дзяўчат? А ў якія гульні любілі гуляць на вечарынцы? А ў колькі гадоў… першы раз пацалаваліся?” — увесь час сыпаліся на жанчын часам нечаканыя пытанні Міколы Аляксеевіча. Ці не гэта практычны ўзор выкарыстання тых самых апытальнікаў, што змяшчае ў сваім “Куфры-радцы” наша газета?
Пасля пяці гадзін песень, танцаў, гульняў, спісаўшы не адну касету ў відэакамеры, перавыканаўшы план рэлаксатэрапіі, стомленыя і ўражаныя, ехалі мы дадому. Каб неаднойчы яшчэ прыгадаць гэтую светлую і змястоўную старасць, каб перагарнуць не адну старонку будучай таўшчэзнай скарбніцы-анталогіі.
Настасся КУР’ЯН