Крыкі шэптам

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Полацкая мастацкая галерэя не часта прымае такіх нечаканых гасцей. Гэта чатыры асобы, чатыры стыхіі, якія за адзін творчы вечар зрабілі маленькі пераварот у розумах нават тых, хто прыйшоў з чыстай цікаўнасці: маўляў, а што ж яны тут вырабляюць? Літаратурна-мастацка-музычная дзея imhleben напоўніла кубаметры прасторы старых езуіцкіх лёхаў сваім адмысловым “вайбам”.

/i/content/pi/cult/737/16009/17.JPGІмпрэзу пачала група з невымаўляльнай назвай “Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk”. Яе ўдзельнік Павел Вайніцкі, адказны за візуальны складнік, з дапамогай праектара праламаў акно ў сцяне і адправіў гледачоў за кадр, абсыпаючы іх адгалоскамі дзеі, якую ён сам называе “мікраскульптурай”. Ужо з першых секунд стала зразумела, што падлашчвання і падбору спрыяльнага тона для размовы з гледачом не будзе.

Наадварот, перформанс, які суправаджаўся мінімалістычнымі гукамі аналагавых сінтэзатараў Яўгена Рагозіна, нібыта будаваў вібрацыйную шырму, цёмную заслону. Але ж гэтая перашкода для глядацкага ўспрыняцця стваралася свядома. Маўляў, ці здолееце вы расплюшчыць вочы і наладзіць свае органы слыху?

Прысутныя, будучы не толькі назіральнікамі, але і ўдзельнікамі працэсу, мелі задавальненне адчуць атмасферу дзеі на сабе, занурваючыся ў свайго кшталту транс. Гэтаму спрыяла і літаратурная дэкламацыя, падобная да ціхага прамаўлення малітвы. Несумненна, такая падача толькі яшчэ раз пацвярджае, што феномен перформансу заключаецца ў абыходжанні класічных нормаў у падачы аўтарскага матэрыялу — у дадзеным выпадку, літаратурнага. Спрабуючы трымацца за апавядальную нітку, ты адчуваў, што вось-вось сарвешся і ўпадзеш ад бяссілля, ад ілюзіі адсутнасці сэнсаў.

Трамплінам наверх, дзе і святло ў плафонах і шум заціхлі, паслужыў выступ паэткі Галіны Сіўчанка, якая прэзентавала свой зборнік “Зоў звычаю”. Натхніўшыся творчасцю неперасягненага мэтра Іосіфа Бродскага, а таксама сучасных аўтараў Ігара Кулікова і Міхаіла Баярына, яна стала даследаваць свет з дапамогай сваёй уласнай паэтычнай мовы. Каб ствараць нешта падобнае, неабходна быць чулым і раз за разам прапускаць праз сябе прамяні рэфлектычнага сканера.

Яе герметычная паэзія заключаецца ва ўзмоцненым выяўленні сімвалічных магчымасцяў слова, якому паэтка надае неверагодныя пластычныя ўласцівасці. Вынікам такой працы стаў і аўтарскі неалагізм “імглебен”. Верагодна, ён з’яўляецца сімбіёзам двух слоў — “імгла” і “малебен”.

Як падалося, кожны з удзельнікаў праекта — дастаткова дасведчаны даследчык мастацкіх прастораў, які вывучае свет у рэжыме “макра”. У іх атрымліваецца бачыць дзіўныя каляровыя модулі, тады як многія яшчэ глядзяць на прымітыўны малюнак.

Гэтая сустрэча стала толькі знаёмствам, якое ні да чаго не абавязвае. А значыць, у гледачоў ёсць свабода выбару — спазнаць больш і глыбей, ці абмежавацца малым.

Мікіта МЕЛЬНІКАЎ