Тэатральная тусоўка ад 9 да 17

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

25 сакавіка ў сталіцы распачнецца V Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі”. Ён збярэ калектывы школ мастацтваў і ўстаноў культуры з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Эстоніі. Пра новыя гарызонты фестывалю аглядальніку “К” распавяла прадстаўнік дырэкцыі форуму, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзіцячай школы мастацтваў № 2 горада Мінска Людміла СЕМІЖОН.

/i/content/pi/cult/737/16006/12.jpgПрастора аднадумцаў

— Гісторыя форуму была распачатая ў 2011 годзе. Тады наша ДШМ звярнулася да Мінгарвыканкама з ініцыятывай стварэння конкурсу для дзіцячых тэатральных калектываў. Сёлета ў пяты раз у беларускую сталіцу прыедуць акцёры, чый узрост не меншы за дзевяць гадоў і не перавышае 17-ці.

У дырэкцыю прыходзіць шмат заявак, некаторым даводзіцца адмаўляць. Для нас было прынцыповым сабраць на адной пляцоўцы калектывы, якія займаюцца сістэматычна, па адмысловых вучэбных праграмах, маюць у сваім раскладзе некалькі адукацыйных дысцыплін. Хацелася стварыць не толькі своеасаблівае творчае асяроддзе, але і прастору, дзе педагогі дзіцячых школ мастацтваў, цэнтраў пазашкольнай работы, палацаў культуры, прыватных тэатральных школ маглі б абменьвацца досведам.

Мы бачым, што з года ў год расце ўзровень спектакляў, якія заяўляюцца на “Крокі”. І хочацца верыць, што ў гэтым ёсць і нашая заслуга, бо ў праграме форуму заўсёды прысутнічаюць трэнінгі і круглыя сталы як ад беларускага боку, так і ад нашых замежных удзельнікаў. Напрыклад, гэтым разам запланаваны майстар-клас па беларускім народным танцы. У нашай школе мастацтваў на харэаграфічным аддзяленні працуе клас з паглыбленым яго вывучэннем, які курыруе народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. Нацыянальны каларыт замежным калегам прадэманструе педагог гэтага класа Алена Кузнік.

З досведу папярэдніх гадоў мы адчулі, што кіраўнікам калектываў не стае публічных абмеркаванняў. Ім хацелася не толькі пачуць, хто з іх у пэўнай намінацыі найлепшы, але і даведацца пра стаўленне журы да пастаноўкі, папрысутнічаць на разборы паказу. Сёлета мы прадугледзелі час на такія прафесійныя сустрэчы.

Шматрукі і шматаблічны

— Форум аб’ядноўвае кіраўнікоў калектываў, матывуе іх. Цікава назіраць, як раскрываецца талент педагогаў, якія завітваюць да нас. Параўнайце школьны калектыў з тэатрам. Над прафесійнай пастаноўкай будзе шчыраваць каманда — рэжысёр, драматург, сцэнограф, кампазітар, мастак па касцюмах... А ў аматарскім спектаклі ва ўсіх пералічаных іпастасях часцей за ўсё выступае адзін настаўнік. Самая вялікая складанасць — знайсці літаратурны матэрыял для будучай пастаноўкі. Часта выбар п’есы становіцца сапраўднай праблемай, бо заходзіш у клас — а там 15 дзяўчынак і адзін хлопчык. Дзе знайсці драматургію на такі акцёрскі склад? З гэтым пытаннем сутыкаюцца не толькі ў нас. Вось з Беластока прыедзе аматарскі дзіцячы тэатр Bel Etage — трупа складаецца выключна з дзяўчынак.

Педагогам тэатральных школ неабходна адштурхоўвацца ад таго, з кім яны працуюць. Часцей за ўсё ён не можа адабраць колькі вучняў для паказальнага выступлення, а астатніх пакінуць “за бортам”. Ходзяць на заняткі 12 чалавек? Значыцца, у пастаноўцы ўвесь тузін павінен выйсці на сцэну. Кожнаму трэ ба дапамагчы раскрыцца — і пры гэтым не згубіць цэласнасць і якасць пастаноўкі.

З-за нястачы неабходных п’ес многія настаўнікі самі робяць інсцэніроўкі. Прыкладам, у пазаконкурснай праграме будзе ісці спектакль нашага педагога Наталлі Мельнікавай “Прадыслава”. Яна ўзяла за аснову аповесць Вольгі Іпатавай і зрабіла з яго драматургічны матэрыял для сваіх падапечных.

Я бачу, як доўга рыхтуецца кожны школьны спектакль, таму мне вельмі шкада, што такі складаны прадукт не вельмі часта паказваецца. Фестывалі, па сутнасці, і становяцца той запаветнай магчымасцю выйсці на сапраўдную сцэну і адчуць водгук глядзельнай залы. На Міншчыне ёсць некалькі такіх фэстаў, куды едзеш як да старых знаёмых. Вось і адразу пасля завяршэння “Крокаў” калектыў нашага тэатральнага аддзялення выправіцца ў Салігорск на “ТЕАТРОН line”. А ёсць яшчэ летуценны “Чароўны куфэрак” у Любані, самавіты “Тэатральны марафон” у Барысаве. Летась асобная дзіцячая праграма з’явілася ў міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”.

Выпраўляемся і на замежныя фэсты, часцяком — да тых калектываў, з якімі пазнаёміліся ў Мінску. На “Кроках” фарміруецца добрая міжнародная тэатральная тусоўка. Не мае значэння, хто ў якой краіне жыве, бо творчыя сувязі лёгка падтрымліваюцца праз Viber або WhatsApp.

/i/content/pi/cult/737/16006/13.jpgРазам дзеля выніку

— “Крокі” аб’ядноўваюць не толькі рэжысёраў аматарскіх калектываў. У падрыхтоўцы міжнароднага форуму нам моцна дапамагаюць калегі з іншых школ. Выканаўцы з дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава сустракаюць гасцей фестывалю, музыканты дзіцячай музычнай школы мастацтваў №14 ствараюць атмасферу ў фае ў перапынках паміж паказамі. Выхаванцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў № 3 арганізуюць выставу. Навучэнцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў № 1 імя Віталя Цвірко рыхтуюць карціны ў падарунак удзельнікам. Многія з выпускнікоў нашай ДШМ вяртаюцца на форум у якасці валанцёраў. Напрыклад, дапамагаюць збіраць пасля спектакляў аркушы з адзнакамі наведвальнікаў, падводзіць вынікі глядацкага галасавання (гледачы ацэньваюць канкурсантаў паралельна з асноўным журы і журы прэсы).

Арганізатарам форуму з’яўляецца Мінгарвыканкам. Сумеснымі намаганнямі атрымліваецца выбудаваць лагістыку размяшчэння ўдзельнікаў (на вясновых канікулах многія сталічныя гатэлі забраніраваны турыстамі, таму падабраць для калектываў нумары — тая яшчэ задача), вынайсці найлепшае рашэнне з харчаваннем, прапанаваць гасцям імпрэзы азнаямленчыя экскурсіі.

Вакол “Крокаў” расце кола заўзятых гледачоў. Да нас цягнуцца дзеці, якія вучацца ў сталічных школах мастацтваў. Прыходзяць і тыя, хто пабачыў рэкламу ў метро ці на вуліцы. Абодва залы Новага драматычнага тэатра, дзе мы пачыналі, заўсёды былі перапоўненыя. Нават на гасцявых спектаклях, якія ідуць на мове, роднай замежным акцёрам. Інфармацыі ў буклеце было дастаткова для іх прыязнага ўспрымання. Гэтым разам мы апрабуем пляцоўку з большай колькасцю месцаў: конкурсны паказ будзе праходзіць на вялікай і малой сцэнах у Мінскім гарадскім палацы культуры.

Заўсёды спадзяёмся ўбачыць у глядацкіх шэрагах студэнтаў творчых ВНУ. Педагагічныя кадры для тэатральных аддзяленняў школ мастацтваў рыхтуе кафедра тэатральнай творчасці ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Нярэдка на пасады кіраўнікоў калектываў размяркоўваюцца будучыя акцёры і рэжысёры акадэміі мастацтваў. Прыкладам, на тэатральным аддзяленні ДШМ №2 працуе педагог Таццяна Казановіч, якая прыйшла да нас пасля заканчэння рэжысуры эстрады БДАМ. Аднак у студэнтаў у час фестывалю лекцыі, таму вырвацца да нас у іх часцей за ўсё не атрымліваецца. Шкада.

Крыштальныя мары

— У форуму за гэтыя гады назапасіўся самавіты архіў фотаздымкаў, алічбаваных афіш, артыкулаў пра яго. А вось афіцыйнага сайта у нас пакуль няма. Можна было б сканцэнтраваць на ім усю інфармацыю па “Кроках”, змяшчаць там навіны пра падрыхтоўку, пра будучых гасцей (бо рыхтавацца да чарговага форуму мы пачынаем практычна адразу пасля заканчэння папярэдняга), распавядаць пра членаў журы, вывешваць афішу і аператыўна паведамляць пра правядзенне майстар-класаў ці карэктыроўку часу паказу. Адтуль маглі б чэрпаць неабходныя звесткі журналісты, каб не было недарэчнасцяў ва ўказанні пасад ці прозвішчаў. Там мы вывешвалі б спасылкі на матэрыялы ў мас-медыя. Пакуль жа даводзіцца абыходзіцца адмысловымі групамі ва ўсіх папулярных сацсетках.

З верагодных шляхоў развіцця “Крокаў” мне бачыцца стварэнне асобнай беларускай праграмы. Сёлета ў конкурсе значацца тры айчынныя спектаклі, прадстаўленыя калектывамі нашай ДШМ, “Арт-бум” са сталічнай школы № 26 і Салігорскай ДШМ. Выдатных аматарскіх тэатраў і таленавітых маладых педагогаў у нашай краіне насамрэч куды больш! Можна зрабіць асобны дзень для іх прагляду, а пераможцаў своеасаблівага нацыянальнага адбору ўводзіць у міжнародную праграму.

А яшчэ ёсць крыштальная мара, ужо датычная тэатральнага аддзялення нашай ДШМ №2 . Яно 15 гадоў таму стваралася на базе Новага драматычнага тэатра. Трэба бачыць, як запальваюцца вочы дзяцей, калі яны ўспрымаюць святло сапраўднай рампы, пачынаюць арыентавацца, дзе знаходзяцца кулісы ці як выйсці на авансцэну. Адчувальна, што ДШМ №2 не хапае ўласнай тэатральнай пляцоўкі.

У перспектыве нам хацелася б мець сцэну, на якой педагогі тэатральнага аддзялення маглі ставіць спектаклі. Вучні змаглі б паказваць там свае пастаноўкі, якіх у сённяшняй скарбонцы аддзялення ўжо чатыры. Можна нават па білетах — упэўнена, праблем з пошукам гледачоў не будзе, бо звычайна да нас прыходзяць родзічы юных акцёраў, іх аднакласнікі і сябры. Было б так хораша на сталай аснове паказваць спектакль на сапраўднай сцэне з выбудаваным асвятленнем і гукам! Гэтага прагнуць і педагогі, і навучэнцы. А калі ў чаканні так многа людзей, для мары абавязкова знойдзецца шанц ажыццявіцца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"