“Плюс” у афішы — “мінус” для публікі

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Тэлефануе сяброўка, каб падзяліцца радаснай навіной: яна вырашыла далучыць свайго двухгодку да тэатральнага мастацтва, таму набыла квіткі ў Тэатр лялек. На “Малога і Карлсана”. Пытаю, навошта пачынаць знаёмства з пастаноўкі, разлічанай на дзяцей з пяцігадовага ўзросту. Прыяцелька спасылаецца на афішу: “Дык напісана ж “0+”!” Тут ужо я хапаюся за галаву.

/i/content/pi/cult/737/16004/opt.jpegСапраўды, як я магла забыцца, што з 1 ліпеня 2017 года ўсе тэатры пачалі афармляць свае афішы згодна з Законам Рэспублікі Беларусь № 362-З “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”. Адпаведна яму, кожнаму спектаклю неабходна прызначыць знак узроставай катэгорыі. Калі няма ўзроставых абмежаванняў, то побач з назвай павінна з’явіцца маркіроўка “0+”. Такім чынам тэатр клапоціцца аб абароне дзяцей ад інфармацыі, якая можа прынесці шкоду іх здароўю і развіццю.

Бясспрэчна, рашэнне заканадаўцаў слушнае. Падобная практыка даўно прымяняецца ў свеце. Толькі вось пастаноўшчыкі дзіцячых спектакляў нечакана трапілі ў юрыдычныя “нажніцы”: занадта вялікая для дзіцячай аўдыторыі разбежка ў лічбах заблытвае патэнцыйную публіку. Таму і вядуць на класічны спектакль для старэйшых дашкольнікаў двухгадовага жэўжыка. А той пачне раўсці, не дачакаўшыся нават узняцця заслоны, бо ў зале выключылі святло. І ніхто ж не вінаваты — такой малечы і належыць баяцца цемры. Хтосьці абурыцца: маўляў, абярыце іншую пазнаку. Аднак пасля “0+” адразу ідзе “6+” — такім чынам па-за тэатрам апынецца вялікі сегмент патэнцыйнай аўдыторыі.

У кнізе Сяргея Абразцова “Мая прафесія” мяне больш за ўсё ўразіла яе частка, прысвечаная псіхалогіі ўспрымання малечай тэатральнага мастацтва і неабходнасць дакладна пралічваць адрасата пастаноўкі. У кнізе ёсць прыклад, які застаўся ў маёй памяці на ўсё жыццё: на спектаклі “Кот у ботах” апынулася дзяўчынка трох - чатырох гадоў, і ў сцэне з веліканам-людаедам яна закрычала на ўсю залу, хоць у гэты ж момант шасцігадовыя суседзі заходзіліся ад рогату. У чым праблема? У рознасці ўспрыняцця адных і тых жа падзей дзецьмі рознага ўзросту. І ў сітуацыі са спектаклямі розніца нават у год можа быць крытычнай.

Менавіта зыходзячы з пытанняў дзіцячай псіхалогіі, айчынныя тэатры лялек да апошняга часу педантычна прапісвалі адрасатаў сваіх пастановак. Памятаю, як у часы майго “завлитства” я карысталася рэпертуарнай шпаргалкай: “Чырвоны Каптурок” і “Прыгоды Пін-Піна” — для дзяцей ад трох гадоў, “Марозка” і “Майдадыр”— ад чатырох, “Пэпі Доўгаяпанчоха” і “Кот у ботах” — ад пяці. Цяпер жа ўвесь гэты спектр сціснуўся ў рэпертуарным шэрагу ў красамоўны “нуль”, які, нягледзячы на шматабяцальны “плюс”, бясконца блытае бацькоў.

Што рабіць, каб не парушаць заканадаўства і ўсё ж выруліць з неадназначнай сітуацыі? Ці можна побач з абавязковай маркіроўкай дадаваць больш падрабязную расшыфроўку? З такім пытаннем я звярнулася ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У адказ прыйшоў ліст за подпісам першага намесніка міністра Наталлі Карчэўскай. У ім, у прыватнасці, адзначаецца: “Інфармацыя рэкамендацыйнага характару, якая канкрэтызуе ўзрост глядацкай аўдыторыі, якой адрасавана мерапрыемства, да знакаў узроставай катэгорыі не адносіцца. Такая інфармацыя, у выпадку, калі яна не супярэчыць устаноўленаму ў адпаведнасці з заканадаўствам знаку ўзроставай катэгорыі, можа пазначацца на рэкламных і інфармацыйных матэрыялах аб культурным мерапрыемстве, не падмяняючы прысвоены знак узроставай катэгорыі і не змешваючыся з ім”.

Думаецца, што падобны варыянт варта разгледзець тым калектывам, якія працуюць з дзіцячай аўдыторыяй. Чым больш у бацькоў інфармацыі пра пастаноўку, тым будзе менш недарэчных несупадзенняў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"