Беларускія крылы над грузінскай сцэнай

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Сёння словы Яна Баршчэўскага загучаць у сталіцы Грузіі. На малой сцэне Тбіліскага ТЮГа імя Надара Думбадзэ мастацкі кіраўнік беларускага ТЮГа Уладзімір Савіцкі выпускае прэм’еру па апавяданні беларускага і польскага пісьменніка “Белая сарока”.

/i/content/pi/cult/737/16001/8.JPGДа пастаноўкі Уладзімір Савіцкі ўзяў аповед пра нядобрую чараўніцу з кнігі Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Як зазначае загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Жанна Лашкевіч, твор уразіў грузінскіх калег сваёй надзвычайнай каларытнасцю.

— У Тбілісі сапраўды захапіліся тым, наколькі вобразна могуць быць блізкімі фальклорныя матывы такіх, падавалася б, розных народаў. Падчас рэпетыцый усе зазначылі, як удала характары пяці галоўных персанажаў наклаліся на грузінскі тэмперамент, — дадала спадарыня Лашкевіч.

Тамтэйшы ТЮГ быў аснаваны ў 1928 годзе. Зараз ён мае тры незалежныя сцэны: акрамя асноўнай, актыўна працуе малая і эксперыментальная. Апошняя аддадзена на водкуп маладым рэжысёрам, якія ставяць у асноўным сучасную драматургію. Тэатр працуе як для дзіцячай, так і для дарослай аўдыторыі. Спектаклі даюць на грузінскай і рускай мовах.

“Белая сарока” таксама будзе мець дзве моўныя версіі. Аўтар грузінскага перакладу — Дадо Хурцылава. Над падрыхтоўкай абедзвюх працавала памочнік рэжысёра Наталіа Арвеладзэ. Сцэнаграфію містычнай гісторыі стварала мастак Ніно Чыташвілі. Харэаграфію ставіў Гіа Марганія. Спектакль па Яну Баршчэўскаму ўжо запрошаны на некалькі тэатральных фестываляў у Грузіі. Пасля яго чакаюць у Мінску.

На гэтым творчы абмен паміж ТЮГамі дзвюх краін не скончыцца: сёлета ў маі на беларускія падмосткі выйдзе спектакль “Я бачу сонца” па творы грузінскага пісьменніка Надара Думбадзэ. Рэжысёрам пастаноўкі выступіць мастацкі кіраўнік тэатра Дзмітрый Хвтысіяшвілі. Таксама прадугледжаны два моўныя варыянты: беларускі і рускі. Апошні прызначаны для будучых гастроляў у закаўказскай рэспубліцы і тамтэйшага фестывальнага паказу.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"