Новая “Беларусь” для маладой Беларусі

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

21 сакавіка ў Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў № 1 адбылася імпрэза з нагоды перадачы навучальнай установе музычных інструментаў. Ва ўрачыстасці браў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. У сваёй прамове да выкладчыкаў і выхаванцаў школы ён ахарактарызаваў падзею як знакавую — яна з’яўляецца сведчаннем клопату дзяржавы пра маладыя таленты. Усяго Аршанчыне перададзена 15 навюткіх піяніна маркі “Беларусь”, сем з іх — згаданай школе.

/i/content/pi/cult/737/15999/5.JPGМіністр нагадаў, што аднаўленне вытворчасці фартэпіяна ў Беларусі — задача надзвычай складаная. Да яе на працягу апошніх 10 — 15 гадоў неаднойчы звяртаўся ўрад — і нарэшце яе можна лічыць вырашанай. Летась у рамках выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы была створана фабрыка па вытворчасці фартэпіяна на базе сталічнай кампаніі “Музрэм”. Яна многія гады працуе ў гэтай галіне і здолела ў няпростых варунках захаваць лепшыя кадры — якія, дарэчы, у свой час набывалі досвед на фабрыцы ў Барысаве. Дапасаваўшы да ўласных ведаў і навыкаў вопыт вядучых еўрапейскіх вытворцаў, прафесіяналы змаглі ў кароткі час узнавіць вытворчасць інструментаў у Беларусі.

Міністр адзначыў, што цяжка параўноўваць тыя піяніна, якія выпускаліся ў Беларусі раней, і цяперашнія. Сёння якасць куды больш высокая. Перш чым новыя інструменты трапілі да спажыўцоў, яны прайшлі вельмі строгую экспертызу ў лепшых прадстаўнікоў музычнай грамады і атрымалі найвышэйшую ацэнку. Паводле іх вердыкту, наш інструмент можа канкурыраваць з піяніна сусветна вядомага брэнда “Петроф” — але пры гэтым каштуе ўдвая меней.

Летась была прынятая праграма ўрада “Музычныя інструменты” (складнік праграмы “Культура Беларусі”), згодна з якой у гэтым і наступным годзе ў дзіцячыя школы мастацтваў будзе пастаўлена неабходная колькасць інструментаў. Падзея падобнага маштабу апошнім разам была ў Беларусі 37 гадоў таму.

Юрый Паўлавіч паведаміў, што ў выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы была праведзена дэталёвая рэвізія ўсяго фонду музычных інструментаў ва ўстановах культуры краіны. Вынікам стала рашэнне замяніць на працягу 2019 — 2020 гадоў 1460 фартэпіяна.

Піяніна, як адзначыў міністр — базавы інструмент у музычнай адукацыі. І калі яго якасць не дацягвае да высокіх стандартаў, дык не варта гаварыць і пра якасную падрыхтоўку музыкантаў. Інструмент брэнда “Беларусь” значна ўзмацняе патэнцыял нашай музычнай школы.

Доля лакалізацыі беларускай працы ў новым піяніна — больш за 40 працэнтаў. Зважаючы на агульнапрыняты прынцып міжнароднага падзелу працы, гэта даволі шмат.

У свае самыя лепшыя гады, якія прыпалі на сярэдзіну 1980-х, барысаўская фабрыка вырабляла каля дзесяці тысяч інструментаў штогод. Іх пастаўкі ажыццяўляліся па ўсім Савецкім Саюзе. У апошні год жыцця фабрыкі — 2006-ты — была выраблена ўсяго якая сотня фартэпіяна. Фабрыка спыніла сваё існаванне, бо не ўпісалася ў эканамічную сітуацыю.

— Сёння ж, — кажа Юрый Бондар, — ёсць дзяржаўны заказ, гэта праграмныя грошы. Дзяржава паставіла высакародную задачу, якую безумоўна падтрымлівае грамадства. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць упэўненасць, што запланаванае будзе здзейснена.

Маладыя таленты з задавальненнем пратэсціравалі новыя інструменты. Сіламі вучняў школы быў наладжаны святочны канцэрт, некаторыя ўдзельнікі якога ўжо засведчылі сваё майстэрства на прэстыжных конкурсах.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"