Вясну клічуць дзеці

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Да гукання і сустрэчы вясны нашы продкі заўсёды далучалі дзяцей. Можа, і цяпер варта, каб дзеці назіралі прыход вясны, цяпла, сонейка, сустракалі птушак песнямі і заклічкамі. І такім чынам вучыліся цаніць прыроднае асяроддзе, у якім жывуць, засвойвалі дыялекты роднай мовы і праяўлялі свае творчыя здольнасці. Пакуль што гэта робяць хіба што ў асобных нашых вёсках. Там, дзе веснавым абрадам і звычаям нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі.

/i/content/pi/cult/736/15994/18.JPGЁлка як дрэва жыцця

У традыцыйнай культуры беларусаў, як і іншых славянскіх народаў, веснавы перыяд — прыродны стан пераходу ад зімы да лета — параўноўвалі з дзіцячым перыядам у жыцці чалавека. Ды і цяпер яшчэ ў нас жывыя веснавыя абрады і звычаі. Некаторым з іх нада-
дзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці (НКК).

Першымі ўжо “адгукалі” вясну на Гомельшчыне. У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна гэта адбываецца на Стрэчанне — 15 лютага. Кажуць, што ў гэты дзень “зіма з летам страчаецца, пра здароўейка пытаецца”.

Жыхары іншых рэгіёнаў называюць тое свята Грамніцамі (у дахрысціянскай традыцыі яно звязана з культам Перуна). У царкве асвячаюцца свечкі, якія маюць абярэгавую функцыю: запаліўшы, імі выпальваюць крыжы на дзвярах і вокнах хаты і гаспадарчых пабудоў. Жывы агонь зберагае ад усялякай бяды і нячыстай сілы. Захоўваюць стрэчаньскія свечкі за іконай, а выкарыстоўваюць на ўсіх этапах жыцця: пры нараджэнні дзіцяці, на вяселлі і пахаванні, з імі ідуць араць поле і запальваюць падчас навальніцы.

Але перш, чым зрабіць абярэгавыя знакі на сваёй сядзібе, жанчыны ў Новым Палессі выходзяць з царквы са свечкамі ў руках і водзяць танкі ў цэнтры сяла. Мужчыны або хлопцы вязуць на саначках (а калі снегу няма, то на калясачцы або на возе) дзяўчынку з ёлачкай у руках. Упрыгожанае папяровымі кветкамі, гэтае дрэўца становіцца неад’емным складнікам вяселляў, з’яўляючыся сімвалам вечнага жыцця, працягу жыцця ў іншых вымярэннях.

Жыхары Лельчыцкага раёна выкарыстоўваюць ёлку ва ўсіх веснавых абрадах. У гэтае дрэва ніколі не б’е пярун, таму яго лічаць асвечанай Богам. Яно становіцца абярэгам — абышоўшы з ім усё сяло, у Новым Палессі яе ўмацоўваюць на аброчным крыжы. І побач з гэтым крыжам са свечкамі ў руках водзяць танкі (так называюць карагоды на мясцовай гаворцы).

/i/content/pi/cult/736/15994/19.JPG“Благослові, Божэ, зіму замукаці!”

Сюжэты карагодных песень архаічныя. Жанчына-захавальніца старадаўніх звычаяў параўноўваецца ў іх з павай — яна далучае ў гэты дзень дзяўчат да жаночай супольнасці: “Каля млына каліна. Там павачка хадзіла, стада дзевак вадзіла. Усе дзевачкі танцуюць, аднае немае — яе маці змувае. А ізмуўшы, расчэша, расчасаўшы, прыбярэ і ў таночак прывядзе”. Карагоды маюць сімвалічныя формы: круглыя, змейкай, у выглядзе сонейка — калі жанчыны злучаюць свечкі, падымаюць іх высока і рухаюцца вакол па коле.

Усе разам яны загукаюць вясну, звяртаючыся да нябеснага заступніка. І гэты зварот гучыць як малітва, як гімн небу і сонцу — падаўцам цяпла і вільгаці для ўраджаю і жыцця людзей на зямлі: “Благослові, Божэ, зіму замукаці! Благослові, Божэ, весну заклікаці! Благослові, Божэ, ясные дзенькі! Благослові, Божэ, частыя дажджы! Благослові, Божэ, весну-красну пець! Благослові, Божэ, на ціхое лето! Благослові, Божэ, на буйное жыто! Благослові, Божэ, усім на здороўечко!”

“Цілівоз, цілівоз!”

У Тонежы Лельчыцкага раёна ў апошні дзень Масленіцы ёлачку ўмацоўваюць на ўзгорку, на самым высокім дрэве, і там жа заклікаюць вясну песнямі, а сонейка карагодамі. Затым спальваюць ляльку — увасабленне халоднай зімы, — качаюцца з горкі, каб абудзіць зямлю ад доўгага зімовага сну, усе разам частуюцца абрадавымі масленічнымі стравамі, сярод якіх найважнейшая — печыва ў выглядзе невялікай качачкі пад назвай чырок. Ім частуюць усіх, хто трапляецца на шляху працэсіі, якая рухаецца да Чарнышовых гор. А там, на узгорку, печыва-чырачкі з’ядаюць. Гэта сімвал ажыўлення ў прыродзе: хутка прыляцяць першыя птушкі і на сваіх крылах прынясуць вясну.

У Любанскім раёне Мінскай вобласці — свае традыцыі развітання з халоднай парой: там падвешваюць на бярозу старадаўні светач, пры якім пралі і ткалі ўсю зіму, спальваюць на ім кастрыцу, а на галіны кідаюць пасмы ільну, каб лён новага ўраджаю быў такім жа доўгім, як гэтыя галіны. Як і ўсюды, спальваюць пудзіла зімы і водзяць карагоды.

Абрад “Гу, вясна!” захавалі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна (як і Лельчыцкі раён, ён прыналежыць да этнарэгіёна Тураўшчына). Там раней у кожнай хаце маці або бабуля пяклі піражкі (булачкі з пшанічнай мукі), клалі іх у белую хусцінку, дадаючы белы сыр, кавалачак масла і вараныя яйкі. З клункамі адпраўлялі дзяцей на вуліцу гукаць вясну (таксама ў апошні дзень Масленіцы). Забраўшыся на стог або на якое іншае высокае месца, дзеці з’ядалі тое, што ім паклалі ў клункі, біліся яйкамі і гукалі вясну песнямі разам са старэйшымі сястрычкамі або матулямі і бабулямі (а ў нашы дні — з удзельніцамі гурта “Міжрэчча”). Усе ра-
зам яны заклікаюць першую птушачку, якая вяртаецца з выраю: “Цілівоз, цілівоз! Кідай сані, бяры воз!”

/i/content/pi/cult/736/15994/20.JPG22 сакавіка, на свята Сорак Святых, хлопчыкаў выпраўлялі на вуліцу і вучылі: бярыце па 40 палачак на дрывотні і перакідайце праз пуню або хату. Хто перакіне, той будзе кошкаць яйца (збіраць яйкі дзікіх качак). Так рабілі ўсюды. А яшчэ гушкаліся на арэлях вясной, гуляліся на першых праталінах.

У Пагосце на Сорак Святых усе маці або бабулі некалі пяклі 40 жавароначкаў (печыва ў выглядзе птушкі). На гарачай яшчэ блясе выносілі яго на вуліцу і высыпалі ў тканую настольніцу. Так робяць і цяпер удзельніцы гурта “Міжрэчча” ды мясцовыя дзеці: жанчыны падкідаюць печаных птушачак на настольніцы, яны як бы ўзлятаюць, а дзеці іх хапаюць і тут жа з’ядаюць. Пры гэтым спяваюцца вяснянкі. Так заклікаюць вясну на свята, якое ў іншых раёнах называецца Саракі.

Жыхаркі вёскі Казлы Ельскага раёна захавалі веснавыя песні, у кожнай з якіх гучыць дыялог з прыродай. У іх прысутнічае або міфалагічны вобраз Вясняначкі, або розных птушак, клопат якіх у веснавую пару нагадвае клопаты жанчын-сялянак аб сваёй сям’і, шчасці і дабрабыце дзяцей, якія ўступаюць або ўжо ўступілі ў пару самастойнага жыцця:

Весняночка й паненочка, Дзе ты зімовала? У!

Ой, у лесе, на орэсе дзеток годовала. У!

Як вывела нітку, то й пошыла світку. У!

Як вывела другу, то й пошыла шубу. У!

А трэйцю напрала — весну прыгукала...У!

У чаканні Вялікадня

Перыяд Вялікага посту быў прысвечаны ткацтву і пашыву адзення. Старадаўняе рамяство не забыта і сёння. Некалькі ткацкіх традыцый з розных рэгіёнаў Беларусі маюць статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Гэта белаўзорыстае ткацтва Панямоння, ажурнае ткацтва ў Гарадоцкім раёне, ткацтва ў Мастоўскім і Воранаўскім раёне, у Камянецкім раёне, у Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Гэтае рамяство засвойваюць дзеці і падлеткі ў Неглюбцы Веткаўскага раёна, у Ракаве. Ёсць вучні і ў ткачых з іншых рэгіёнаў.

Шчэпавая птушка-абярэг з Бярозаўскага раёна — традыцыйная цацка для немаўляці. У пост яе выраблялі да Вялікадня і падвешвалі ў Чырвоны кут. А ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці вырабляюць да Вялікадня саламяныя павукі. На Навагрудчыне і ў Любанскім раёне вырабляюць выцінанкі (мясцовыя назвы — выбіванкі і выстрыганкі), якімі ўпрыгожваюцца хаты. З іх робяцца выявы птушак.

Адзіны ў Чавускім раёне фальклорна-этнаграфічны гурт “Незабудкі” заўсёды гукаў вясну на Благавешчанне. Але пераемнікаў спеўнай традыцыі ён не мае. Некалі і ў вёсцы Казацкія Балсуны таксама быў абрад, прысвечаны гэтаму святу, аднак ад гурта засталася толькі пара спявачак — Чарнобыльская бяда абязлюдзіла вёску. Таму традыцыю гукання вясны на Благавешчанне можна лічыць страчанай. Магчыма, нехта праявіць клопат, каб яе аднавіць…

Раней лічылі, што сапраўдная вясна пачынаецца з Вялікадня. Час да Ушэсця вызначаецца ваджэннем карагодаў. Але гэта ўжо новы этап веснавой традыцыі — калі поле засеяна і трэба садзейнічаць выспяванню ўраджаю.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ, 
грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай 
культурнай спадчыны.

Фота Алега БЕЛАВУСАВА