Так трымаць, Обчын!

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

У гэтай вёсцы, да якой прылягаюць некалькі пасёлкаў, папярэдні раз я быў прыблізна паўтара гады таму. Аднак у мінулы прыезд мне не ўдалося сустрэцца з чалавекам, які меркаваўся на ролю каментатара мясцовага культурнага жыцця. Віна ў тым ляжала на мне, за што і каюся. На гэты раз усё зраслося. Прычым мы з ім вырашылі абысціся без рэцэнзіі: я проста пазнаёмлю вас з гэтым дзіўным, яркім, таленавітым мужчынам драматычнага лёсу. А заадно давайце з вамі паглядзім, што і як змянілася ў рабоце ўстаноў культуры Обчына за такі, здавалася б, невялікі адмежак часу.

/i/content/pi/cult/736/15992/14.jpgГрай, музыкант!

Анатоль Кісель жыве ў пасёлку Горкі. З мамай. Шчыра прызнаюся, сэрца сціскалася пры выглядзе таго, як яна клыпала па хаце, сядзела, нізка схіліўшы галаву і апусціўшы натруджаныя рукі, глядзела на сына, гатовая ў любы момант яму дапамагчы. І яшчэ доўга па дарозе ў Мiнск мяне не адпускала. Часам і дасюль, калі я раптоўна ўспамінаю гэтых прыгожых і мужных людзей, у мяне нешта ў душы абрываецца.

Анатоль Цімафеевіч — інвалід-калясачнік. 12 гадоў таму яго збіла машына, і з таго часу ў яго паралізаваная ніжняя частка цела. Але калекай ён сябе не лічыць: маўляў, так склаліся абставіны, жыццё яго паспрабавала на зуб. У размове ўвесь час сыпле прыказкамі, прымаўкамі, цэлымі вершамі свайго аўтарства, поўнымі і гумару, і іроніі. І філасофскімі высновамі. Позірк у яго — адначасова і нейкі змрочны, і з чорцікамі ў вачах — сапраўды пранікае кудысьці ўнутр цябе. Нібы ён нешта шукае ў чалавеку, знаходзіць і з ходу рыфмуе: “Ідуць гады, мiнае час, пасёлак Селішчы для нас — дзядоў, бацькоў — наш родны кут, мой першы крок дзіцячы тут. Дзяцінства залатое пражытых час-гадоў мне душу супакоiць, па-
дарыць мару зноў”.

Нарадзіўся спадар Кісель у 1956-м якраз у пасёлку Селішчы, якога ўжо няма — ён некалі ўрос у Обчын. Скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча — цяперашні каледж імя Агінскага. У 1983 — 1986-х гадах працаваў у ваенным аркестры ў Вільнюсе, пазней выкладаў ударныя ў музычных школах Салігорска і Любані. І пісаў ды выконваў песні ўласнага сачынення, ездзячы з выступленнямі па краіне. З нейкага часу наогул зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам — то бок, абраў сцежку прафесійнага артыста. Не кідае спяваць ён і сёння, працягваючы запісваць уласныя песні. Дома ў яго ёсць для гэтага ўсе магчымасці — належны камплект апаратуры. Ды і сябры дапамагаюць з працай на студыях.

/i/content/pi/cult/736/15992/15.jpgМузычную творчасць сваю ён выкладвае ў інтэрнэт, а вось літаратурная захоўваецца ў нататніках і сшытках. Да яе выдання справа яшчэ не дайшла (сёе-тое змешчана ў “павуціну”, але вельмі мала). Аднак — усё наперадзе, упэўнены Анатоль Цімафеевіч. Дарэчы, а раптам сярод вас знойдзецца той, хто мог бы паспрыяць выпуску хоць бы адной яго кнігі, няхай нават невялікага аб’ёму і накладу. Адгукніцеся, выйдзіце з ім на сувязь!

Сцены сваёй роднай хаты спадар Кісель часам пакідае: здараюцца ў яго, як я ўжо згадваў, выязныя запісы ў студыі. Хай і зрэдку, але ён працягвае выступаць на розных імпрэзах. Перыядычна яго запрашаюць з творчымі сустрэчамі ў школы.

Анатоль Кісель быў жанаты, але разышоўся з жонкай яшчэ да аварыі. У яго двое дзяцей — сын і дачка, якія жывуць у Мінску. Пра бацьку і яго бяду яны памятаюць, дапамагаюць з ёй неяк спраўляцца.

— Як маё самаадчуванне? — Анатоль Цімафеевіч пытаецца быццам не мяне, а сябе. — Па-рознаму. То прыхопіць, як сёння ноччу — “хуткую” выклікалі. То маркоціцца пачынаю. А пагляджу за акно — птушачкі спяваюць, добра, настрой падымаецца. Жывуць жа людзі і са здароўем горш, чым маё. Маме вялікая падзяка. Бясконца пакутую я за яе... Дзякуй асобным адказным работнікам, якія на мяне не забыліся: такім, як Аляксандар Рамановіч, Валерый Берднікаў, Аляксандр Бондараў з Салігорска. Так у мяне з’явілася машына з ручным кіраваннем і саксафон. Тварыць хочацца, больш тварыць. Сілы б мне хто дадаў. Але раблю што магу. І абавязкова буду сачыняць ды спяваць. Можа, яшчэ адзiн гармонік зраблю, у дадатак да таго, які збіраў з дапамогай сяброў 17 гадоў!

Інтэрнэту пакуль не дачакаліся

— У прынцыпе, усё правільна вы мінулым разам напісалі пра нашу бібліятэку, — пахваліла мяне яе кіраўнік Вольга Драбышэўская. — Але вось каб я сядзела ды склаўшы рукі толькі і чакала, калі да нас на сустрэчу з чытачамі зазірнуць пісьменнікі — гэтага няма. Прыедуць — выдатна, не прыедуць — ну што ж... Але яны так ці іначай да нас “прыязджаюць” — праз новыя кнігі!

Камп’ютара і, адпаведна, інтэрнэту пакуль ва ўстанове так і не з’явілася. Аднак неўзабаве імі абяцаюць забяспечыць. Сярэдняя штодзённая наведвальнасць засталася на ранейшым узроўні — дзесяць чалавек.

— Падпісваюцца сёння на перыёдыку людзей усё менш, — паведамляе бібліятэкар. — Вось да нас яе пачытаць і прыходзяць. Пагартаюць часопіс, нешта знойдуць цікавае для сябе і бяруць яго дадому.

Затое расце экспазіцыя этнаграфічнага міні-музея “Спадчына”, размешчанага ў адным з пакояў бібліятэкі. Яго галоўная мэта  —“выхаванне цікавасці і ўвагі да гістарычнага мінулага свайго краю”. Тут праводзяцца заняткі па краязнаўстве для навучэнцаў школы і дзетак з садка, праходзяць экскурсіі. Шмат мерапрыемстваў цягам мінулага Года малой радзімы было прысвечана менавіта Обчыну і Любаншчыне.

— Што асабліва прыемна, — адзначае Вольга Анатольеўна, — музей наведвае і дарослае насельніцтва нашай вёскі. Вядома, завітваюць і тыя, хто прыязджае да нас на лета.

Абрады замест дыскатэк

Падчас папярэдняй сустрэчы загадчыца Дома народнай творчасці Людміла Савошка не стала адкрываць мне ўсе карты — куды ў 
2018-м закіне гастрольны замежны шлях фальклорны гурт гэтай установы “Павалякi”. Аказалася, што ў Польшчу калектыў выбраўся — аж на тыдзень на фестываль “Алень па бору ходзіць” у Бельску-Падляскім. Там удзельнікі ансамбля зладзілі жнiўны абрад, правялі на гэтую тэму майстар-клас, паглядзелі, як такія абрады праходзяць у суседзяў.

І яшчэ пра абрады. Сярод задач, якія стаялі ў мінулым годзе перад ДНТ, было і правядзенне такіх iмпрэз на платнай аснове. Усё ажыццявілася! У выніку і заказчыкі засталіся задаволеныя, і “капейку” ўстанова зарабіла ў рамках выканання плана платных паслуг.

— У 2018-м асноўнымі мерапрыемствамі, якія папаўнялі наш спецрахунак, сталі ўжо не дыскатэкі, а канцэртная і абрадавая дзейнасць, — інфармуе загадчыца.

Мог бы папаўняцца спецрахунак і прыбыткамі ад працы банкетнай залы, дзе б адзначалі нейкія важныя жыццёвыя падзеі не толькі жыхары Обчына — ды пад фальклорную праграму. Але задумка ў жыццё пакуль не ўвасобілася. Хаця, здавалася б, ёсць для гэтага ўсе перадумовы. Набыткі мясцовага клубу народнай кухні “Гаспадыня” прэтэндуюць на месца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

— Для гэтага амаль усё ўжо зроблена, — працягвае “справаздачу” мая суразмоўца. — Можа, яшчэ трэба дадаць абрадавыя элементы, якія адпавядаюць вызначаным стравам. Цяпер вось думаем, як больш правільна, больш дакладна гэта паднесці, паказаць.

У мінулым годзе ДНТ правёў каля 200 мерапрыемстваў. Павялічылася колькасць дзяцей, якія наведваюць гурткі ўстановы — прычым ахвотных папоўніць іх шэрагі было столькі, што “давялося” арганізаваць цэлы фальклорны калектыў!

— Быццам бы радавацца трэба, — смяецца спадарыня Савошка, — але ж і план платных паслуг павялічыўся! Ды і мы, вядома, вельмі задаволеныя тым, што да нас прыйшлі новыя дзяўчынкі і хлопчыкі. І за іх саміх — што б хто ні казаў, а цягне падлеткаў да культуры, — і за бацькоў, якія разумеюць усю важнасць таго, каб дзеці іх развіваліся ўсебакова.

Ёсць сякія-такія зрухі і ў плане матэрыяльна-тэхнічнай базы. Былі заменены некалькі дзвярэй (на чарзе — устаноўка новых вокнаў), набытыя два мікрафоны.

— У тым артыкуле пра нас вы напісалі, што варта было б акультурыць тэрыторыю вакол нашай установы, — пачуўшы гэтыя словы Людмілы Міхайлаўны, я напружыўся, і не дарма. — Маўляў, сіратліва яна выглядае. Але зімой так усё глядзіцца! А ў цёплую пару года ў нас тут клумбы, кветкі — суцэльная прыгажосць! Думаю, і не трэба ніякіх альтанак або іншых элементаў каля будынка ўзводзіць.

* * *

Вось такія “цуды” адбываюцца ў Любанскім раёне. З іншых сельскіх устаноў культуры ледзь не стогн даносіцца — так іх кіраўнікі наракаюць на недабор у фарміраванні. А ў Обчыне ад тых, хто хоча далучыцца да народнага мастацтва, адбою няма. Значыць, нешта такое асаблівае ўмеюць прыдумаць падзвіжнікі мясцовай культуры! І дзякуючы гэтаму пры агульным змяншэнні колькасцi жыхароў, знаходзяцца раней не задзейнічаныя людскія рэсурсы — ты, хто жадае засвойваць нацыянальныя традыцыі, абрады, песні, танцы. І ўдвая прыемна, што гэта зусім яшчэ юныя людзі. Так трымаць, Обчын!

 

 

/i/content/pi/cult/736/15992/16.JPGВяртаючыся да надрукаванага

Па каналах сістэмы міжведамаснага электроннага дакументазварота ў рэдакцыю “К” прыйшоў ліст ад імя начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама Аксаны Шчэрба — але чамусьці без яе асабістага подпісу і не завераны пячаткай, чаго вымагае Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” ад 18.07.2011 № 300-3. У лісце сцвярджаецца, што артыкул “Пытанні з адказамі і без” (“К”, № 5 за гэты год) “не адпавядае сапраўднасці. А стан свядомасці карэспандэнта Алега Клімава вызывае пытанні”. У звязку з чым аўтар допісу просіць нас “прыняць адпаведныя меры і размясціць у газеце “Культура” артыкул-абвяржэнне”.

Сам артыкул прыкладаўся — праўда, чамусьці, таксама не падпісаны. Зрэшты, няцяжка здагадацца, кім напісаны гэты, фактычна ананімны, ліст.

І хоць дакументы былі аформлены з парушэннем заканадаўства, мы вырашылі змясціць сам артыкул у поўным аб’ёме, а таксама невялікі каментарый ад рэдакцыі.

Адказы без пытанняў

30 лістапада 2018 года аполове дванаццатай гадзіны ў Перхавіцкім Цэнтры культуры і народнай творчасці Баранавіцкага раёна сабраліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, майстры народнай творчасці. Прыбраліся ў самабытныя прыгожыя касцюмы, якія зрабілі сваімі рукамі: выткалі спадніцы і фартухі, пашылі кашулі, аздобілі іх прыгожай традыцыйнай вышыўкай. Усе з нецярпеннем чакалі сталічных гасцей. Трохі хваляваліся, бо павінны былі прыехаць карэспандэнт газеты “Культура” Алег Клімаў і супрацоўнікі тэлеканала БТ-3 з вядучай Аксанай Вечар, каб зняць абрад “Заручыны”. Напярэдадні А. Клімаў патэлефанаваў мне, каб я знайшла яму для размовы майстроў, з якімі можна весці гутарку пра народную творчасць і традыцыі. Таму я і запрасіла на сустрэчу вядомых нашых ткачых: Малахвей Марыю Сямёнаўну і Блашчаніцу Іну Сяргееўну.

І вось адбылася доўгачаканая сустрэча. Адразу, як госці ўвайшлі ў ЦК і НТ, усіх вельмі ўразіла прыгажосць установы культуры. Шаноўны Алег Клімаў так і сказаў, што ні ў кожнай вёсцы такая ёсць.

Я пахвалілася, што ў 2010 — 2011гг. у нас быў зроблены касметычны рамонт, аздоблена сцэна. Прыгожыя вялікія ручнікі, вытканыя нашымі майстрамі, гарманічна спалучаюцца і дапаўняюць вопратку сцэны. Стараемся падтрымліваць гэты парадак і чысціню: падфарбоўваем, падбельваем намаганнямі супрацоўнікаў ЦК і НТ. А фарбы, пэндзлі і іншыя матэрыялы набываюцца за сродкі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А хіба ж мы не павінны падтрымліваць парадак у ачагу культуры, асабліва ў Год малой радзімы? Цэнтр — гэта ж наш другі дом. І працоўны калектыў у мяне вельмі добры, кожны чалавек адказны, добрасумленны, акрамя таго і таленавіты. На гэтым уся наша размова і скончылася.

Калі пачыналі здымаць абрад “Заручыны”, хацелася звярнуць увагу карэспандэнта на нашы касцюмы, якія, як я ўжо казала, мы самі шыем, тчом, вышываем. Таму нам і не патрэбны “прыгожыя, якасныя тканіны”, якія “у крамах прадаюцца!” А ў выніку, у артыкуле атрымалася, што “даводзіцца шыць і перашываць касцюмы з таго, што ёсць пад рукой.” Мы робім усё для таго, каб захаваць свой строй, сваю тэхніку вырабу адзення, ручнікоў… І ні пра які грашовы транш размовы не было. Пра спонсараў гаварыла, што ў былыя гады былі багатыя спонсары, яны дапамаглі прыдбаць адзенне сцэны. Вось каб і цяпер такія былі, было б вельмі добра.

У размове з карэспандэнтам я не гарачылася. Інтэрв’ю ён у мяне на самой справе і не браў, тым больш пра рамонт будынка зусім не было гутаркі. Ні “пра сем”, ні пра дзесяць, ні пра пятнаццаць гадоў і, наогул, ні пра якое фінансаванне размовы не вялося. Я была занята паказам абрада “Заручыны”.

Вельмі крыўдна, што не дасканала напісана пра калектывы, якія ў нас працуюць. У Цэнтры працуе 8 клубных фарміраванняў. Работа вядзецца ў асноўным у фальклорным напрамку, па захаванню народных традыцый і абрадаў. А шаноўны карэспандэнт піша, што ў ЦК і НТ працуюць “…некалькі вакальных і танцавальных дарослых і дзіцячых калектываў, у творчасці якіх знаходзіцца месца і… беларускім фальклорным нумарам.”

Зусім хлусня, што шмат хто ўжо “сядзіць на валізках”, каб уцячы з вёскі, што ім не да культуры. Хочацца спытаць у Алега Клімава, дзе вы такое бачылі? А тое, што ў абрадзе “Заручыны” прымалі ўдзел 15 дарослых людзей, удзельнікаў фальклорнага калектыву “Сяброўкі”, песні якога гучаць па ўсёй акрузе і нават на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню. Ім таксама не да культуры?

Пры ЦК і НТ працуе дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка” — удзельнік абласных фэстаў “Берагіня” і “Таночак”, тэатр малых формаў “Вяскоўцы” — пастаянны ўдзельнік абласнога фестывалю “Спораўскія жарты”. Што, і ім не да нашай спадчыны, не да культуры?

Нажаль, нічога не напісаў Алег Клімаў пра абрад “Заручыны”, што ў гэты дзень здымалі супрацоўнікі тэлеканала БТ-3. У абрадзе гучалі не проста фальклорныя песні, а аўтэнтычныя, запісаныя і захаваныя ў нашай мясцовасці. Нічога не напісаў і пра людзей, якія здымаліся ў абрадзе.

Што ў ЦК і НТ не ходзяць людзі, а ў другіх вёсках, калі прыязджаем з канцэртам “поўны аншлаг” — асабісты погляд карэспандэнта.

Далей. Спускаемся з калектывам з другога паверху, каб прадоўжыць здымкі на вуліцы. Паважаны Алег Клімаў здумаў спытаць проста на прыступках пра платныя паслугі. Я адказала, што план выконваем і ў асноўным, канцэртамі. Больш ніякай размовы пра дэбаты “на нарадах работнікаў культуры, якія праводзяцца ў Баранавічах” і блізка не было.

Я не чула, аб чым размаўляў карэспандэнт з Марыяй Сямёнаўнай Малахвей, але вельмі крыўдна і сорамна перад славутай ткачыхай нашага раёна, якая прывозіла дыпломы I ступені з Рэспубліканскіх конкурсаў, што ў артыкуле Алега Клімава, яна раптам становіцца вышывальшчыцай…

Блашчаніца Іна Сяргееўна — вучаніца Малахвей М.С., ткачыха, энергічная і добрасумленная жанчына, таксама прыйшла размаўляць пра сваю творчасць. Яна прасіла яго падысці да ткацкага станка і весці размову там (як расказала мне Іна Сяргееўна). Але не захацеў карэспандэнт нават размаўляць пра тое ткацтва і навогул ісці на другі паверх да ткацкага станка. Затое напісаў, што ткацтва “чэзне”. А нічога, што ў такой маленькай вёсцы тры самабытных ткачыхі і ўсе тры працуюць у ЦК і НТ, а чацвёртая (вучаніца Малахвей М.С.) працуе ў раённым цэнтры рамёстваў?

Мне здаецца, што прыехаў у Перхавічы Алег Клімаў, каб знайсці негатыў у рабоце ЦК і НТ. Не знайшоўшы, сам абазначыў “агульныя праблемы”. Дык вось, што я вам скажу: “Праблемы ў лёсе кожнага чалавека, у рабоце кожнай установы культуры, ды і цалкам у кожнай сферы дзейнасці нашай краіны — былі, ёсць і будуць! Але вырашаліся, вырашаюцца і будуць вырашацца!” Толькі крыўдна мне, што не заўважыў Алег Клімаў самага галоўнага — як гэта не проста і складана захаваць народную спадчыну, беларускія абрады і традыцыі нашых продкаў, родную мову, не заўважыў і тых людзей, хто займаецца гэтай справай.

Вось так працуюць карэспандэнты газеты “Культура”.

*пунктуацыя і арфаграфія аўтара ліста захаваныя.

 

 

“Стан свядомасці вызывае...”

Атрымаўшы допіс, я ўважліва перачытаў артыкул Алега Клімава.

Потым яшчэ раз.

І вельмі здзівіўся. Мне нават падалося, што гэта ўжо мой “стан свядомасці” пачаў “вызываць пытанні”.

Бо ў мяне склалася ўражанне, быццам гутарка вядзецца пра два розныя артыкулы двух зусім розных Алегаў Клімавых.

Ілья СВІРЫН

Адзін з іх (той, які і з’яўляецца журналістам “К”) шчыра апісвае рэаліі культурнага жыцця невялічкага паселішча. Прычым апісвае пераважна са слоў інсайдэраў: як няцяжка заўважыць, простая мова ў тэксце пераважае. Закранае злабадзённыя бадай для ўсіх рэгіёнаў праблемы. Не пяе дыфірамбаў, але “нязлым ціхім словам” згадвае пра мясцовую культуру, якая “энтузіястамі накіроўваецца, энергіяй энтузіястаў дыхае, ідзе да людзей з дабром…”

Карацей, артыкул як артыкул. Такія ў нас у кожным нумары.

А вось другі Алег Клімаў актыўна “шукае негатыў”, абражае шчырых рупліўцаў спадчыны, праяўляе абыякавасць, хлусіць, а людзей, якія робяць добрую справу, папросту “не заўважае”...

Ён дайшоў нават да таго, што назваў славутую ткачыху раёна Марыю Малахвей вышывальшчыцай — і з гэтай нагоды аўтару ліста “вельмі крыўдна і сорамна”. Вось такі гэты Клімаў-2! Добра, хоць наш Клімаў нікога вышывальшчыцай не называў: ён проста згадаў, што спадарыня Марыя вядзе гурток ткацтва і вышыўкі.

Таму спрачацца з аўтарам ліста вельмі цяжка. Ну вось глядзіце. У ім сцвярджаецца: “Зусім хлусня, што шмат хто ўжо “сядзіць на валізках”, каб уцячы з вёскі. Што ім не да культуры. Хочацца спытаць у Алега Клімава, дзе вы такое бачылі?”

Зразумела, нідзе не бачыў. Бо ў артыкуле ёсць толькі фраза “Мне часам здаецца, што шмат хто ўжо “сядзяць на валізках”. Здаецца! Прычым  — NB! — здаецца так не самому журналісту, а мясцовай жыхарцы Іне Блашчаніцы, якая падзялілася сваёй шчырай трывогай за родную вёску ды яе традыцыі.

Або вось у лісце напісана, што малая наведвальнасць імпрэзаў у сценах Цэнтра культуры і добры попыт на выязныя канцэрты — гэта “асабісты погляд аўтара”. А насамрэч у артыкуле Алега Клімава дадзенае сцверджанне належыць дырэктару Центра культуры і народнай творчасці спадарыні Вілента. Прычыну браку ўвагі публікі далей па тэксце пераканаўча тлумачыць спадарыня Малахвей: “Людзі ў нас настолькі занятыя сваімі справамі і праблемамі, што ім не да мерапрыемстваў”, “толькі б да тэлевізара дабрацца”. Знаёмая карціна.

Магчыма, Перхавічаў гэта і не датычыць. Можа, гэта той аазіс, якому агульныя трывожныя тэндэнцыі не ўласцівыя, і людзі там аддаюць перавагу не тэлевізару, а жывым зносінам і народнай песні. Зрэшты, апошняе не так і складана праверыць. Завітаць неяк без адмысловага запрашэння на той ці іншы канцэрт у Цэнтр культуры і народнай творчасці, пабачыць там паўнюткую залу ўдзячных слухачоў — і пераканацца, што “асабісты погляд” Алега Клімава “не адпавядае сапраўднасці”.

Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці, насельніцтва Баранавіцкага раёна ўсяго за дзесяць гадоў зменшылася амаль на траціну — з 43 да 30 тысяч. Падазраю, і ў канкрэтным населеным пункце гэтага раёна дынаміка падобная. Ды і не ў ім адным. Такое — літаральна паўсюль! І ні для каго яно даўно не сакрэт.

Цалкам магчыма, што традыцыі ткацтва ды абрады ў Перхавічах сапраўды ўнікальныя. А вось праблемы — зусім не. Праблемы тыя самыя, што бадай і па ўсёй краіне.

Вядома, тыя праблемы можна проста не заўважаць. Можна ўпарта сцвярджаць, нібы ўсё ў нас у шакаладзе, і вылузвацца са скуры, каб стварыць прывабную карцінку. Але каму з таго будзе лепей? Гэта тое самае, што не лячыць зубы.

Менавіта таму праблемы вёскі пастаянна ўздымаюцца на самым высокім узроўні. Таму Прэзідэнт дзяржавы абвясціў акцыю Год малой радзімы — пры гэтым, увесь час патрабуючы ад ідэалагічных работнікаў (якімі ў той ці іншай меры з’яўляюцца і журналісты дзяржаўных СМІ) шчырасці ды прынцыповасці.

“Я не скарджуся, а проста канстатую факты”, — такія словы спадарыні Вілента прыводзіць у артыкуле Алег Клімаў. Думаю, гэткім чынам мы ўсе і павінны рабіць. І работнікі культуры, і журналісты. Канстатаваць, аналізаваць і шукаць магчымасці тыя факты і тэндэнцыі змяніць да лепшага.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"