Без асаблівай інтрыгі

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Cёлетні адбор на “Еўрабачанне — 2019” вылучаўся на фоне папярэдніх сціпласцю, нескандальнасцю ды, шчыра скажам, малацікавасцю. З аднаго боку, аднатыпныя скандалы з года ў год ужо надакучылі, а з другога — не хапала страсцей, яскравых нумароў, удзелу зорак… Урэшце, проста сур’ёзнага, прафесійнага, “дарагога” падыходу да стварэння конкурснай песні і нумара.

У лік дзесяці фіналістаў трапілі ў асноўным маладыя і малавядомыя шырокай публіцы артысты, нумары якіх або выглядалі створанымі саматужна і без бюджэтаў, або проста адсутнічалі як такія. Выглядае на тое, што прафесійная эстрадная супольнасць Беларусі ўжо стамілася ад непрадказальнасці (ці наадварот — залішняй прадказальнасці) нашых адбораў і вырашыла не ўкладаць сілы і сродкі ў “безнадзейную” справу. І пра тыя часы, калі адборачныя канцэрты былі аглядам крэатыўных сіл айчыннай поп-музыкі, хочацца пашкадаваць./i/content/pi/cult/736/15990/12.jpg

Такім чынам, сёлетні адбор стаў прамежкавым этапам ад яскравых спаборніцтваў да простага прызначэння артыста. На наступны год у кулуарах абмяркоўваецца і такі варыянт — як на маю думку, не самы благі ў цяперашніх умовах: калі аргкамітэт за зачыненымі дзвярыма абярэ аптымальны для сябе варыянт з улікам не толькі творчых, але і фінансава-арганізацыйных момантаў.

Імкненнем пазбегнуць залішніх скандалаў выглядае і змена фармату галасавання — на гэты раз абышліся без меркавання гледачоў, а журы, у склад якога ўвайшлі Дзмітрый Калдун, Алекс Дэвід, Алена Атрашкевіч ды іншыя дзеячы з музычнай сферы, выстаўляла адзнакі адкрыта і адразу іх каментавала. Адчувалася, што члены журы словы падбіралі асцярожна і рабіць шоу з гэтай часткі тэлевізійнага адбору яны пабойваюцца. Ды й інтрыга знікла практычна адразу, калі нумару два — падапечнай прадзюсара Віктара Дробыша Зене — журы паставіла амаль недасяжныя ўжо балы — 69 з 70.

Дзеля справядлівасці зазначу, што па завядзёнцы і сёлетні адбор не абышоўся без размоваў пра перадвызначанасць — хіба што кандыдатуры фаварытаў пры гэтым называліся розныя. Найбольш верагодным падавалася, што ў нацыянальным адборы пераможа Зена, хоць бы таму, што па сукупнасці такіх фактараў, як магутны прадзюсар, удзел і перамогі ў фестывалях і тэлешоу, прадказальнасць паводзін, голас і маладосць, з ёй мала хто мог пасупернічаць.

Правільнасць выбару пакажа фінал у Тэль-Авіве. Але на думку букмекераў, пасля абвяшчэння імя Зены нашы шанцы на перамогу ў “Еўрабачанні” зменшыліся — Беларусь апусцілася з 27-га на 31-е месца.

Думаю, што на фінале ў Ізраілі ў Зены будзе іншы нумар, іншыя касцюмы, што над гэтым папрацуюць прафесіяналы. Убачанае ў адборачным канцэрце пакінула адчуванне самадзейнасці. Што і нядзіўна — артыстка рыхтавалася сваімі сіламі. А вось песню замяняць не будуць, хаця і да яе можна было б прад’явіць прэтэнзіі ў стандартнасці і неарыгінальнасці. Мне падаецца, што ў самой юнай спявачкі, у яе тэмперамента і голаса патэнцыял большы, чым дазваляе паказаць кампазіцыя Like it.

Калі паглядзець на творчы бок адборачнага канцэрта, то песнямі і выступленнямі з Зенай маглі паспрачацца як мінімум яшчэ тры артысты, і яны занялі месцы з другога па чацвёртае.

Толькі на чатыры балы адстаў ад Зены Эмануэль Імагбэ, студэнт з Намібіі, які цяпер вучыцца ў Віцебску. Дакладней, гэта быў праект BLGN&Mirex, удзел у якім таксама бярэ малады, але ўжо даволі паважаны ў музычных колах музыкант і прадзюсар Саша Балаган. Стыльная песня, якая адпавядае еўрапейскім трэндам, харызматычны і драйвовы артыст, мноства захопленых водгукаў у інтэрнэце... Нумар атрымаў сваю порцыю дзясятак, а кампазітар Алена Атрашкевіч паставіла толькі сем балаў. Перасцярога, што немаведама, як на вялікай сцэне “Еўрабачання” будзе трымацца нявопытны артыст, мае права на існаванне, а вось заўвага аднаго з членаў журы — шоумэна Глеба Давыдава — што Беларусь павінны прадстаўляць беларус, і ён зніжае бал менавіта з гэтай прычыны, як мінімум, выклікае здзіўленне. Па правілах нашага адбору неграмадзянам Беларусі ўдзельнічаць дазволена, і да якасці песні гэта не мае ніякага дачынення. Кампазіцыя віцебскіх музыкантаў, на мой погляд, пры адпаведнай “шліфоўцы” мела б шанец заняць вельмі высокае месца на конкурсе ў Ізраілі.

На трэцяй пазіцыі апынуўся швед Себасціян Рос — прафесійны спявак з пранікнёнай меладычнай песняй. Звяртаюць на сябе ўвагу неаднаразовыя заўвагі ад журы, што на “Еўрабачанні”, маўляў, сёння ў попыце рытмічныя кампазіцыі, а не павольныя. Хаця ў фаварытах сёлетняга конкурсу якраз балады — напрыклад, ад Сяргея Лазарава.

Фанаты Майкла Соўла — Міхаіла Сасунова — які заняў чацвёртае месца ў адборы, бурна адрэагавалі на яго невысокія балы (а фанатаў у Міхаіла многа!). Сапраўды, атрымалася вельмі годнае выступленне. І справа не толькі ў маладосці і добрым голасе, што вельмі вітаецца на “Еўрабачанні”, але і ў абаяльнасці, тэмпераменце, нерве, так неабходных, каб за тры хвіліны зачапіць гледачоў.

Я пачала свае нататкі з таго, якім неяскравым і непрыкметным быў наш сёлетні адбор. Але ў выніку чатыры добрыя песні мы атрымалі. Эмануэлю з Сашам Балаганам і Майклу Соўлу хочацца пажадаць ні ў якім разе не кідаць гэтую справу. А Зене — удачы! І — пры любым заканчэнні гісторыі з “Еўрабачаннем” — стаць калі-небудзь артысткай, якой Беларусь будзе ганарыцца.

Надзея КУДРЭЙКА