Вартавыя і душа

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

“Вартавыя Тадж-Махала” — гэта, безумоўна, падзея. Таму і абмяркоўваць спектакль хочацца як мага больш падрабязна, з розных пунктаў гледжання.

Для некаторых прац Аляксандра Янушкевіча, за творчасцю якога я сачу з яго першых самастойных рэжысёрскіх спроб, была ўласціва перавага зместу над формай — нават у дзіцячых казках. Здаралася і акурат наадварот: праз цікавыя пастаноўчыя прыдумкі на другі план сыходзіла сама мэта — дзеля чаго вядзецца ўвесь аповед. А вось у “Вартавых” — дзівосная гармонія. І гэта пры тым, што п’еса ўяўляе з сябе бясконцыя дыялогі-роздумы двух сяброў на самую актуальную праблематыку: мы і вечнасць, прыгажосць і яе кошт, творца і ўлада, межы ўласнай свабоды, абавязак і радасці жыцця...

Дык што, так і весці гутарку, стоячы да залы анфас? Крыху скараціўшы тэкст і замяніўшы “кропкі над і” падабенствам адкрытага фіналу, рэжысёр разгортвае шматпластовае дзеянне.

Дадатковымі дзейнымі асобамі становяцца рукі. Сачыць за імі, іх пластыкай і самім існаваннем, не менш захапляльна, чым за тэкстам. Спачатку яны — адзіныя жывыя істоты, што з цікаўнасцю выглядваюць з металічных “скафандраў”, дзе знаходзяцца героі. Потым два вялізныя мяхі бутафорскіх мёртвых абрубкаў вывальваюцца ў бруд, іх мацаюць, хапаюць рукі жывыя. Нарэшце, схаваныя за спіну, на паклонах яны знікаюць унутр аднаго з герояў, ушчэнт разбіваючы знешнюю адкрытасць фіналу.

Яшчэ адна пара герояў — даспехі стражнікаў, падобныя да статуй, што раз-пораз “ажываюць”, бы той Каменны госць. Паварочваюцца, паказваючы пусты выварат, робяць праменад — гэткі абыход тэрыторыі — зноў заміраюць. Чым не жудасныя робаты-трансформеры? Нарэшце, адзін з іх адкрыта прыціскае артыста, ператвараючыся ў саркафаг. Што можа быць жахлівей за іх мёртвую неўміручасць? Нават меч гнецца, а яны — ніколі. Але пры гэтым яны — пустыя. Знешняя абалонка, унутр якой можа быць змешчана жывая чалавечая душа — а яе і ўвасабляюць артысты. І гэта ўжо — паядынак: хто каго пераможа?

Дзейнай асобай, якую кожны ўяўляе па-свойму і якая, бы той таямнічы Гадо, так і не з’явіцца на сцэне, выступае нават не Тадж-Махал як сусветна знакаміты архітэктурны помнік, а сама Прыгажосць. Яна застаецца дзесьці “за сцяной”, прасочваючыся гарызантальнымі палоскамі, нагадваючы аддаленае табло з раскладам руху, якое немагчыма прачытаць. Гэты светлавы экран таксама жыве сваім жыццём, і яго “біяграфія” вельмі важная для спектакля.

Свая гісторыя і ў не менш загадкавага “чорнага возера” пасярод сцэнічнай пляцоўкі. Што гэта: чорная касмічная дзірка? Згаслая зорка, планета, вакол якой па нязменнай арбіце рухаюцца спадарожнікі-вартавыя? Або прорва чалавечых заганаў, якія так і сіляцца зацягнуць у багну новыя ахвяры? Патрапіш — не адмыешся. Можа, і вырвешся, ды пляма застанецца.

З экзістэнцыяльнай гісторыі ўзнікае прыпавесць. Яна быццам перакідвае масток да той міфалагічнай асновы, з якой вырасла п’еса: на сёння няма ні навукова пацверджаных звестак пра сорак тысяч адсечаных рук, ні стопрацэнтнай упэўненасці ў аўтарстве пабудовы. Відавочна толькі адно: кожны з нас — вартаўнік. А чаго менавіта — святла, прыгажосці ці чарноцця душы — вырашаць самастойна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"