Сляды забытых замкаў

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Амаль усе больш-менш буйныя гарады Беларусі выраслі на месцы старадаўніх замкаў — драўляных ці мураваных. Амаль усе гэтыя замкі былі дарэшты зруйнаваныя — і толькі некаторым з іх пашчасціла ацалець хаця б фрагментарна. Ад адных замкаў засталіся руіны, ад іншых — гарадзішчы і земляныя валы. А некаторыя замкі зніклі з аблічча зямлі і з людской памяці амаль дарэшты. Але і яны пакінулі сляды, амаль няўлоўныя сярод пазнейшай гарадской забудовы. Знайсці іх найцяжэй — але тым цікавей шукаць.

/i/content/pi/cult/736/15985/8.JPGПамылка падштурхнула да пошукаў

У сярэдзіне лютага ў Радашковічах пачалі разбіраць былы будынак музычнай школы, які стаяў на ўзгорку ў цэнтры мястэчка. Мясцовыя краязнаўцы занепакоіліся — драўляны двухпавярховік сваёй планіроўкай і архітэктурнымі рысамі нагадваў узоры заходнебеларускай міжваеннай забудовы. Як высветлілася пасля вывучэння картаграфічных матэрыялаў і аэрафотаздымкаў часоў вайны, уражанне было памылковым — школа з’явілася ў пасляваенны час. Але цяпер краязнаўцаў зацікавілі ваколіцы таго месца, на якім яна стаяла.

Рэч у тым, што дзесьці тут, паміж рэкамі Вязынкай і Гуйкай, стаяў драўляны Радашковіцкі замак, першыя згадкі аб якім датуюцца 1549 годам. Як адзначаў гісторык Юрый Бохан, знаходзіўся ён на “капцы сыпаным” (насыпе) паміж ставоў. Тры ставы з часам зніклі, тут быў пракладзены канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Паводле звестак гісторыка, узгорак, дзе стаяў замак, быў з усіх бакоў акружаны вадой, да брамы можна было трапіць толькі па мосце. У замкавыя сцены былі ўбудаваныя чатыры вежы, яшчэ адна стаяла асобна на падворку, побач таксама размяшчаліся жылыя пабудовы. Вежы мелі па тры — чатыры паверхі, для абароны ў іх былі размешчаныя гарматы. Даўжыня замкавых сцен па перыметры складала каля 300 метраў. Ля замка таксама размяшчаліся млыны, лазня, бровар, дамы мяшчан — у 1549 годзе ў Радашковічах было 130 двароў.

Як адзначае краязнаўца Наталля Волкава, дакладнае месца размяшчэння Радашковіцкага замка дасёння невядомае. Тым болей, археалагічных даследаванняў тут не праводзілася. Цяпер, калі будынак школы разабраны, а навакольная тэрыторыя пакуль застаецца незабудаванай, з’явілася магчымасць тыя раскопкі правесці — і з іх дапамогай праліць святло на гісторыю Радашковіцкага замка і ўсяго мястэчка. Магчыма, удасца высветліць, дзе менавіта размяшчаліся замкавыя ўмацаванні і прылеглыя да іх пабудовы. У дадзены момант група краязнаўцаў рыхтуе зварот у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама ў мясцовыя органы ўлады, каб звярнуць увагу на сітуацыю вакол былога замчышча.

Тым часам у Радашковіцкім пасялковым выканаўчым камітэце адзначылі, што тэрыторыя, на якой знаходзіўся разабраны будынак школы, цяпер знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.

Ці ўдасца дакладна лакалізаваць Радашковіцкі замак — пакуль невядома. Безумоўна, калі ўсё высветліцца, месца, дзе ён стаяў, варта было б неяк пазначыць — напрыклад, усталяваць памятную шыльду. Гэта ці не адзіны спосаб замацаваць памяць пра замак у сітуацыі, калі зніклі не толькі муры, але і земляныя валы, змяніўся сам рэльеф наваколля, а на месцы замкавых пабудоў з’явіліся новыя кварталы.

Што сёння нагадвае аб зніклых старых замках і гарадскіх умацаваннях у сучасных беларускіх гарадах, і як зберагчы памяць аб месцах, з якіх пачыналася гісторыя нашых паселішчаў?

Найстарэйшая вуліца Мінска

Мінскі замак быў вядомы яшчэ з часоў першай згадкі аб горадзе ў ХІ стагоддзі. Быў ён драўляны, знаходзіўся на сутоку рэк Свіслачы і Нямігі (паміж берагам Свіслачы і будынкам школы № 44, якая сёння схаваная ў дварах праспекта Пераможцаў) і займаў плошчу каля трох гектараў. Замкавыя сцены ўжо ў XVII стагоддзі страцілі абарончае значэнне і былі занядбаныя, а на тэрыторыі замчышча пачалі з’яўляцца новыя вуліцы і гарадскія кварталы.

Замкавая гара, якая ўзвышалася над берагам Свіслачы, была канчаткова знішчаная падчас пракладкі трасы сучаснага праспекта Пераможцаў у сярэдзіне 1950-х. Тады ж зніклі і старадаўнія вуліцы, сама планіроўка і назвы якіх нагадвалі аб тым, што тут некалі быў замак — Падзамкавая, Завальная (праходзіла за замкавым валам), а таксама Мясніцкая і Новамясніцкая...

Захавалася толькі назва Замкавай вуліцы — самая старажытная ў Мінску. Таксама пра колішні замак нагадвае памятны знак ля будынка па адрасе праспект Пераможцаў, 2 — на месцы замкавай царквы, якая так і не была дабудаваная ў ХІІ стагоддзі. Існуюць праекты аднаўлення гістарычнай забудовы замчышча, якія чакаюць сваёй рэалізацыі. А ў раёне вуліцы Ракаўскай ужо ў хуткім часе плануецца аднаўленне фрагмента мінскага гарадскога вала з бастыёнам, якія былі ўзведзеныя ў XVII і знішчаныя ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Гэта адзінае месца, дзе сёння магчыма аднавіць такі ўзор гарадскіх умацаванняў — хоць некалі мінскі гарадскі вал цягнуўся ад Ракаўскай вуліцы аж да сучаснага праспекта Незалежнасці. Пакуль аб ім нагадвае толькі назва вуліцы Гарадскі Вал, якая з’явілася напачатку 1990-х.

Апошні будынак старога Берасця

Старажытны Брэсцкі замак быў збудаваны яшчэ ў Х стагоддзі. Ён стаяў ля сутоку Заходняга Буга і Мухаўца, быў драўляным, але меў адну мураваную вежу, узведзеную ў ХІІІ стагоддзі, і займаў плошчу каля двух гектараў. Як і ўвесь стары горад, яго знішчылі ў 1830-я гады пры пабудове Брэсцкай крэпасці, якая мусіла бараніць заходнія рубяжы Расійскай імперыі. У выніку археалагічных раскопак 1970 — 1980-х гадоў на тэрыторыі замка былі раскрытыя рэшткі драўляных пабудоў ХІІІ стагоддзя, якія склалі аснову экспазіцыі археалагічнага музея “Бярэсце”, адкрытага ў 1982 годзе. А адзіны мураваны будынак старога Брэста на калязамкавай тэрыторыі, які часткова ацалеў да нашых дзён — колішні кляштар бернардынак, што стаіць на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці непадалёк ад Холмскай брамы.

У збудаваным напрыканцы XVIII стагоддзя будынку кляштара ў часы Расійскай імперыі размяшчаўся кадэцкі корпус, пазней — вайсковы шпіталь. Потым будынак доўгі час быў занядбаны і працягваў разбурацца. Так, у лютым 2016 года тут абвалілася адна з арак. Пасля гэтага будынак абнеслі агароджай, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў і паспрыяць захаванню руінаў. Яшчэ ў 2011 годзе была прапанаваная канцэпцыя аднаўлення ансамбля брэсцкіх бернардынскіх кляштараў, але пакуль яна чакае свайго часу. Хаця варта нагадаць, што ў Брэсце, які сёлета адзначае сваё тысячагоддзе, кляштар бернардынак застаецца апошнім напамінам пра стары горад, знішчаны пры пабудове новай крэпасці.

У былым касцёле — гаўптвахта

Драўляны замак у Бабруйску на беразе ракі Бярэзіны вядомы з часоў першай згадкі пра горад у 1387 годзе. У XVII стагоддзі ён займаў плошчу каля дзесяці гектараў, але ўмацаванні ягоныя ў той час ужо прыходзілі ў заняпад.

Стары Бабруйск, як і Брэст, быў цалкам зруйнаваны ў пачатку XIX стагоддзя для пабудовы новай крэпасці. Адзіны будынак, які захаваўся на тэрыторыі цытадэлі ад старога горада — былы касцёл святых Пятра і Паўла, што належаў ордэну езуітаў. Яго сучасны адрас — вуліца Тэадора Нарбута, 7.

Узведзены ў 1747 годзе пасля стварэння новай крэпасці ён быў перабудаваны пад склад боепрыпасаў. Старыя муры захаваліся толькі да ўзроўню другога паверха, высокія званіцы былі знішчаныя. Да 2005 года ў гэтым будынку знаходзілася гаўптвахта вайсковай часткі, размешчанай у крэпасці з савецкіх часоў. Сёння будынак пустуе, доступ у яго закрыты. Апошні мураваны сведка старога Бабруйска таксама яшчэ чакае вырашэння свайго далейшага лёсу.

* * *

Такіх забытых і знішчаных замкаў у Беларусі — безліч. Часта нават карэнныя гараджане не ведаюць тых месцаў, адкуль некалі пачыналіся іх гарады. Нават калі ад старых сцен і валоў не засталося і следу, калі на іх месцы віруе новае жыццё, і аднавіць ранейшы краявід немагчыма — тады тым болей варта захоўваць памяць пра мінулае такіх мясцін. Гісторыя ажывае не ў новазбудаваных макетах замкавых сцен, а ў нашай памяці.