Шлях да Асноўнага закону

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

13 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава “Шлях да Канстытуцыі”, на якой прадстаўлены ўсе зводы законаў нашага народа за апошнія 500 гадоў.

/i/content/pi/cult/736/15981/4.jpgНе сакрэт, што беларусы былі аднымі з першых у свеце, хто займеў канстытуцыйнае заканадаўства. Менавіта пра гэта казаў у сваім прывітальным слове дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі:

— Выставу мы арганізавалі для таго, каб у людзей не ўзнікала памылковага меркавання, нібы беларускай дзяржаўнасці ўсяго 25 гадоў. Мы падабралі экспанаты, якія паказваюць, што наша гісторыя, традыцыі і культура, у тым ліку прававая, налічваюць стагоддзі.

У пацвярджэнне сваіх словаў Раман Матульскі прывёў некалькі фактаў і лічбаў. Так, 2019 год адзначаны важнымі юбілеямі асноўных помнікаў прававой думкі Беларусі. Сёлета спаўняецца 490 гадоў Першаму Статуту Вялікага Княства Літоўскага, 100 гадоў першай Канстытуцыі Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і 25 гадоў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, выстава адлюстроўвае асноўныя этапы, якія наша краіна прайшла ў развіцці і фарміраванні галоўнага закона дзяржавы.

— Экспазіцыя складаецца з унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў права, а таксама адметных выданняў XIX — XXІ стагоддзяў, — распавёў “К” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — Напрыклад, тут змешчана першая еўрапейская канстытуцыя, прынятая Рэччу Паспалітай 3 мая 1791 года, канстытуцыя Савецкай Беларусі 1919 года, а таксама Канстытуцыя БССР 1927 года, выдадзеная адразу на чатырох мовах — беларускай, рускай, польскай і ідыш.

Цікава, што згаданая Алесем Сушам Канстытуцыя БССР 1927 года была першым Асноўным Законам БССР, прынятым пасля ўваходжання ў СССР. У гэтым галоўным дакуменце рэспублікі яшчэ тады было замацавана права свабоднага выхаду БССР з СССР, канчаткова ўсталяваны сувязі з саюзнымі рэспублікамі, вызначаны суверэнныя правы Беларусі самастойна прымаць сваю канстытуцыю, уносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзяржавы і кіравання, вызначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел.

Значная частка выставы прысвечана Статуту ВКЛ.

— Часта ў свеце асацыююць гэты дакумент з цяперашняй Літвой, але гэта не зусім так, таму што ВКЛ было шматнацыянальнай дзяржавай, — заўважыў Раман Матульскі. — Ды і сам Статут напісаны на беларускай мове.

Адзначу таксама, што выстава “Шлях да Канстытуцыі” прымеркавана да 25-годдзя прыняцця першай канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, экзэмпляр якой займае сваё пачэснае месца ў экспазіцыі.

— Канстытуцыя — асноўны дакумент для дзяржаўнага будаўніцтва, — падкрэсліў у сваім выступленні дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Яўген Каваленка.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"