“Узведзеная ў гратэск рэальнасць”

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

Бязмежны акіян, сярод хваляў — маленькі незаселены востраў: пірамідка пяску, пальма ў цэнтры вострава, пад пальмай сядзіць чалавек і... — філасофская сітуацыя і найлюбімейшая тэма ўсіх карыкатурыстаў! Кажуць, некаторыя аматары карыкатуры нават выразаюць з газет, часопісаў малюнкі з гэтым востравам. Сёння ж сама беларуская карыкатурыстыка нібы згубілася ў акіяне розных форм масавай інфармацыі і раптоўна апынулася на бязлюднай выспе, ды толькі ў гэтай сітуацыі мала смешнага...

Ці так гэта? Можа, мы проста адвыклі ад карыкатуры, забыліся на яе, не чакаем з’яўлення такога жанру на старонках газет, а яна, тым не менш, развіваецца сама па сабе, асвойвае новыя тэмы, новыя мастацкія тэхнікі, вырашае сацыяльныя праблемы, смяецца і плача і прагне чытацкай увагі, як вады на трапічным востраве?

Штрых першы.

У сістэме пераканаўчых аргументаў
Гучыць — бы аксіёма: правільныя і ўважлівыя адносіны газет і часопісаў да карыкатуры — адна з галоўных умоў паспяховага развіцця гэтага віду мастацтва і, адначасова, жанру ў перыядычным друку. Апошнім часам усё больш неспецыялізаванай перыёдыкі ставіць адну-дзве карыкатуры штонумар на свае старонкі, праўда, на апошнія. І тады нават сур’ёзная ды вострая карыкатура, заціснутая паміж крыжаванкай, нізкай анекдотаў ды выходнымі данымі газеты, страчвае часткова — а то і цалкам — і свой сэнс, і сваю вастрыню, і свой статус у вачах чытачоў.
Карыкатура, бадай, найбольш эфектыўная, калі чытачы нязменна чакаюць яе як мастацкі каментарый да навін, злабадзённых артыкулаў. Скажам, на старонках “СБ. Беларусь сегодня” трапныя карыкатуры Алега Карповіча ілюструюць тэкст якраз праблемных публікацый, дзякуючы чаму атрымліваецца магутная сістэма пераканаўчых аргументаў.
 /i/content/pi/cult/170/1598/Zamaleuka1.jpg/i/content/pi/cult/170/1598/Zamaleuka1.jpg
А калі б хто-небудзь рызыкнуў і паспрабаваў, як было раней у шматлікіх газетах і часопісах, даць карыкатуру на ўсю першую паласу або вокладку выдання?.. Варыянтаў вёрсткі для гэтага мастацка-публіцыстычнага жанру — процьма. Толькі вось прыдумваць іх сёння даводзіцца самім карыкатурыстам: часта яны займаюцца і дызайнам выдання. Таму часу на ўласную творчасць не хапае: карыкатурыстыка — справа не з лёгкіх...

Штрых другі.

Формула прафесіяналаў
Ведаеце, колькі смешных, неверагодных, забаўляльных, мудрых, спрэчных, фантастычных, гратэскных, непрадказальных, вострых, філасофскіх карыкатур прыдумвае мастак за дзень? Ажно пад сорак! Цяжка ўявіць сабе, як чалавечая фантазія можа стварыць столькі якасных жартаў за суткі, і гэтак — няспынна, штодня! Тут, вядома, неабходны талент, якім валодаюць не многія, бо навучыцца карыкатурыстыцы немагчыма, сцвярджаюць самі мастакі. Можна навучыцца маляваць, а вось менавіта гэтаму бясконцаму пошуку ідэй для карыкатуры (бо, часцей за ўсё, сама карыкатура, як і газета, жыве надзённымі пытаннямі) — не.
Аляксандр Каршакевіч, мастацкі рэдактар “Вожыка”, гаворыць пра 12 — 20 прафесійных карыкатурыстаў на ўсю рэспубліку. А вось Алег Папоў (працуе ў “Народнай газеце”) прапанаваў цікавую формулу: у любой краіне адзін карыкатурыст прыпадае прыкладна на мільён жыхароў. Атрымліваецца: на Украіне 50 мільёнаў жыхароў — адпаведна, там каля 50 карыкатурыстаў; у Расіі каля 140 майстроў карыкатуры — лічба якраз на стасаракамільённае насельніцтва; ну, а ў Беларусі з амаль 10 мільёнамі грамадзян — усяго 10 карыкатурыстаў, якія сур’ёзна і стала займаюцца менавіта гэтым відам выяўленчага мастацтва.

Штрых трэці.

Тысячы смешных “штампаў”
Герояў яго карыкатур ні з кім не пераблытаеш: дзелавыя мужчыны ў чорных капелюшах і паўнаватыя, самаўпэўненыя, кучаравыя жанчыны — персанажы са здзіўлена-круглымі вачыма, вялікімі насамі і вушамі.
Іх ведаеш, як добрых знаёмых, як сваіх суседзяў (зрэшты, так і ёсць — бо Папоў малюе і з нас з вамі). Дарэчы, самая першая работа майстра беларускай карыкатурыстыкі была апублікавана 30 гадоў таму.
“Карыкатурысты — нармальныя і сур’ёзныя людзі, — жартуе мастак. — Адну карыкатуру можа прыдумаць любы, абсалютна любы чалавек, і дзве, і пяць, і дзесяць; сто — больш складана; тысячу — практычна немагчыма. Розанаў трапна сказаў: “Чым адрозніваецца дрэнны акцёр ад добрага? Толькі тым, што ў дрэннага акцёра для ігры — тры штампы, а ў добрага — тысяча”. Гэтак і ў карыкатуры: у мяне ёсць пэўны стыль, і я не шукаю новыя формы — патрэбная ды важная толькі тэма!
Раней, — згадвае Алег Папоў, — мы вельмі ганарыліся, што малявалі сацыяльна-вострыя карыкатуры: высмейвалі вытворчы брак, дармаедства, п’янства... І заўсёды, калі глядзелі работы заходніх майстроў, думалі: нейкая карыкатура ў іх дробная... А зараз вось малюем тых жа ката, сабаку, мужа з жонкай на кухні...
Вунь мой эцюднік у куце стаіць, фарбы ўжо высахлі... Мы цяпер не малюем акварэллю, ствараем карыкатуры на камп’ютэры — хутка і якасна. Але ж гэта не лепшы варыянт: я націсну тут чырвоны колер на палітры — ён і будзе чыста чырвоным, іншы мастак зробіць гэтак жа...”

Штрых чацвёрты.

Дэфіцыт інтэлектуальнай карыкатуры
Мікола Гіргель — гросмайстар сатырычных гульняў са звыклымі вобразамі, словамі і сімваламі, майстар дасціпнай, але, у той жа час, вельмі зразумелай карыкатуры. Ён член Беларускага саюза мастакоў, мастацкі рэдактар газеты “Рэспубліка” з 1992 года і аўтар “Вожыка” на працягу 30 гадоў. “Шмат якія нашы мастакі выкарыстоўваюць легкаважныя тэмы для выскаляння і ўсялякай пошласці, — вызначае мастак недахопы сучаснай беларускай карыкатурыстыкі. — Часта сваёй працай дэвальвуюць гэты жанр выяўленчага мастацтва. Сучасныя СМІ адчуваюць дэфіцыт інтэлектуальнай карыкатуры”.
Дарэчы, на спрэчнае пытанне, што ж такое карыкатура — жанр мастацтва ці журналістыкі, Мікола Гіргель упэўнена адказвае: “Сапраўдная карыкатура — гэта графіка высокага ўзроўню, безумоўна, гэта самастойны від выяўленчага мастацтва. З іншага боку, трапны подпіс да малюнка дадае і раскрывае сэнс карыкатуры. У гэтым выпадку карыкатура сапраўды існуе на стыку выяўленчага мастацтва і журналістыкі”.
Гіргеля, як і Папова, клапоціць “камп’ютэрная рэвалюцыя” ў карыкатурыстыцы:
 /i/content/pi/cult/170/1598/Zamaleuka2.jpg
“Тэхніка выканання зараз у асноўным камп’ютэрная (фарбаванне малюнка). Гэта нівеліруе індывідуальнасць мастака — карыкатуры розных аўтараў становяцца аднастайнымі. Але ж ёсць асобныя добрыя мастакі, якія маюць свой асабісты творчы стыль. Гэта Сяргей Волкаў, Алег Гуцал, Анатоль Гармаза, Пётр Козіч, Алег Папоў, Аляксандр Каршакевіч.
Яны ўсе прайшлі школу “Вожыка”. Падрастае і маладая таленавітая моладзь. Спадзяюся, — кажа Гіргель, — што яна прадоўжыць традыцыі старэйшага пакалення, яркімі прадстаўнікамі якога былі ў свой час Міхаіл Лісоўскі і Канстанцін Куксо (зараз жыве ў Маскве), і належна будзе прадстаўляць беларускую карыкатуру на сусветным узроўні. Я вылучыў бы работы Паўла Шычко”. Варта дадаць да гэтага спісу Аркадзя Гурскага, “карыкатурыста-сюррэаліста”, як вызначыў яго Алег Папоў: “ён не толькі мастацкай тэхнікай, але і мысленнем адрозніваецца ад усіх, і тэмы ў яго зусім іншыя...”.

Штрых пяты.

Гратэск рэальнасці
Аляксандр Каршакевіч (мастацкі рэдактар “Вожыка) імкнецца ствараць, пэўна, самыя злабадзённыя карыкатуры: іх тэмы нібы падказаны праблемамі, што пазначаюцца ў пунктах афіцыйных дакументаў. Ён, да таго ж, выдатны шаржыст і педагог (па адукацыі).
Каршакевіч адзначыў яшчэ адну важную мастацкую асаблівасць карыкатуры — яе магчымасць выхоўваць у людзей высокія прынцыпы і дабрыню, пры гэтым “калі настаўнік навучае клас — няхай 30 чалавек, то карыкатура — непараўнальна большае кола самых розных людзей”. Бо абагульнены сэнс кожнай карыкатуры будзе тычыцца ўсіх нас. “Карыкатура, заснаваная на прыватных прыкладах, дапамагае выхоўваць культуру, — разважае Каршакевіч. — Гэты мастацкі жанр — узведзеная ў гратэск рэальнасць, вынік даследавання нашага жыцця. Не думайце, што ў свядомасці шматвопытнага карыкатурыста ўвесь свет становіцца карыкатурным... Наадварот: ты ставішся да наваколля станоўча і раптам... Штосьці здзівіла, нечакана абурыла — дастаеш блакнот і робіш замалёўку”.
На думку Каршакевіча, сёння амаль усе беларускія газеты выкарыстоўваюць у сваіх артыкулах сатыру. Але неспрактыкаваныя ў гумары неспецыялізаваныя выданні часта проста змяняюць тон: нейтральны — на дзёрзкі, задзірлівы, а да таго, каб доказна і ярка высмеяць сапраўдную сутнасць праблемы, справа не даходзіць. Атрымліваецца толькі негатыўнае ўспрыняцце з’явы...

Штрых шосты.

Калі жартуюць дзяўчаты
Праблема сучаснай беларускай карыкатурыстыкі — недахоп новых гучных імёнаў.
“Можа, чатыры новыя імені за год, і то не факт, што ўсе яны стануць мастакамі,” — заўважае Аляксандр Каршакевіч. Як памкненні маладых сур’ёзна займацца карыкатурай падтрымліваюцца? На жаль, асаблівага прыбытку карыкатурыстыка ў
 /i/content/pi/cult/170/1598/Zamaleuka3.jpg
Беларусі не прыносіць, у самых вялікіх журналісцкіх і мастацкіх рэспубліканскіх конкурсах нават няма такой намінацыі — “карыкатурыст”... Алег Папоў лічыць няправільным тое, што на факультэтах журналістыкі студэнтам не распавядаюць пра карыкатуру: “Безумоўна, не трэба вывучаць яе цэлы семестр, здаваць залікі, іспыты, але будучыя журналісты, адказныя сакратары павінны разумець, што карыкатура — газетны жанр, і добра ведаць яе мастацкія магчымасці”.
Атрымліваецца, што знакамітую “Бібліятэчку “Вожыка” проста няма чым папаўняць: моцна не хапае маладых, дастаткова вострых, арыгінальных карыкатур.
Вядома, новыя таленты ў Беларусі ўсё ж гадуюцца. Дарэчы, цікава, што апошнім часам, па словах Аляксандра Каршакевіча, асабліва шмат з’яўляецца карыкатурыстаў-маладых дзяўчат.

Штрых сёмы.

Выстаўка — штотыдзень!
Нашы мастакі з выдатным пачуццём гумару тонка разумеюць стан грамадства, да таго ж, гэта людзі творчыя, вынаходлівыя, крэатыўныя — у іх шмат і арганізатарскіх ідэй. Але ці самі яны павінны займацца арганізацыяй сваіх выставак?
Тут патрэбны менеджэр, якому, па трапным выразе Алега Папова, усё роўна: ці яму капаць, ці дом будаваць, ці карыкатуру прасоўваць, — а карыкатурысты павінны маляваць, ствараць...
У самым бліжэйшым часе ў адным са сталічных кінатэатраў мяркуецца наладзіць выстаўку карыкатурыстаў: кінаманы перад сеансам атрымаюць асалоду ад некалькіх хвілін інтэлектуальнага гумару. Пры гэтым нават вялікія выстаўкі карыкатур можна абнаўляць хоць штотыдзень!

Наталля ДАШКЕВІЧ
Па гадзіннікавай стрэлцы: карыкатуры Аркадзя Гурскага,
Аляксандра Каршакевіча, Міколы Гіргеля і Алега Папова.