Еўрапейскія гульні — еўрапейскае мастацтва

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Культурная праграма ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе прысвечана еўрапейскаму мастацтву і, у прыватнасці, спадчыне Казіміра Малевіча.

/i/content/pi/cult/736/15979/logo-euro-games-2019-1_opt.jpegШэраг мерапрыемстваў для сталіцы і рэгіёнаў Беларусі пад агульным дэвізам “Еўрапейскія гульні — еўрапейскае мастацтва” рыхтуе Дырэкцыя спаборніцтваў сумесна з Міністэрствам культуры краіны і Мінгарвыканкамам.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч, ужо 6 чэрвеня ў залах цэнтра на Някрасава, 3 адкрыецца выстава “Спорт - гэта высокае мастацтва”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены графіка, плакаты, скульптура і інсталяцыі з краін-удзельніц Еўрагульняў. Таксама сумесна з архівам кінафотафонадакументаў рыхтуецца выстава здымкаў спартыўных падзей, пачынаючы з 70-х гадоў ХХ стагоддзя да нашага часу.

З 11 чэрвеня ў НЦСМ на праспекце Незалежнасці, 47 будуць экспанавацца працы тых мастакоў, якія прытрымліваюцца традыцый Віцебскай мастацкай школы.

— З нагоды 100-гадовага юбілею УНОВИСа мы, як ніхто іншы, павінны засведчыць, што хаця гэтая з’ява і належыць усяму свету, паходзіць яна з Беларусі, — распавёў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Галоўным экспанатам стане карціна, якая прыпісваецца Казіміру Малевічу. 20 гадоў таму яе канфіскавалі на мытні і перадалі Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею. На жаль, сёння гэта адзіны на Беларусі твор, які — хаця б гіпатэтычна — належыць стваральніку супрэматызму.

Культурная праграма гульняў распачнецца 27 красавіка з выставы “Еўрапейскія баявыя мастацтвы: ад кузні Вулкана да мастацтва Марса” ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Упершыню ў Мінску можна будзе пабачыць больш за 200 прадметаў зброі: старажытныя шпагі, фехтавальныя маскі і гэтак далей.

Усяго да Еўрапейскіх гульняў арганізатары плануюць адкрыць дзесяць фанзонаў у Беларусі: тры ў Мінску (на пляцоўках “Мінск-Арэны”, “Чыжоўка-Арэны” і Палаца спорту) і сем у абласных і рэгіянальных цэнтрах. Пасольствы краін-удзельніц падрыхтуюць для кожнай з іх арыгінальную праграму.

Галоўнай пляцоўкай стане прастора каля Палаца спорту, імпрэзы на якой распачнуцца ўжо 19 чэрвеня. Усе астатнія пачнуць працаваць у афіцыйны дзень адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў — 21 чэрвеня.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"