Хатка тая заўсёды поўная

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Такія рэаліі, што там у глыбінцы, дзе скарачаецца колькасць насельніцтва, здараецца, памяншаюцца ў аб’ёмах і будынкі, у якіх размяшчаюцца ўстановы культуры. Дакладней кажучы, яны пераязджаюць з адных памяшканняў — больш багатых на квадратныя метры, у іншыя — як правіла, значна меншых памераў. Пры гэтым, хтосьці з кіраўнікоў такіх арганізацый упадае ў татальны адчай — і ад змены становішча, і ад неабходнасці па-ранейшаму “даваць працэнт”, але пры той дэмаграфічнай сітуацыі, якая не выклікае аптымізму. Што, безумоўна, адбіваецца на дзейнасці ўзначаленых імі ўстаноў. А хтосьці — нягледзячы ні на што беларускую культуру і захоўвае, і развівае. Пра гэтых выдатных жанчын, з якімі “К” сустракае вясну ў вёсцы Пласток і якіх ад усяго сэрца віншуе з 8 Cакавіка, жадаючы любові, сонца, здароўя і поспехаў на культурнай ніве, і мой сённяшні аповед. Ну і аб “іх” працоўных месцах — куды ж без гэтага...

/i/content/pi/cult/735/15973/16.JPGУ цеснаце, ды…

Соф’я Каток — па спецыяльнасці бухгалтар, працавала яна і загадчыцай дзіцячага садка. А яшчэ ў 1982 годзе ініцыятыўная і актыўная па жыцці жанчына ўзначаліла Пластоцкi сельскі клуб. Размяшчаўся ён тады ў іншым будынку, а на новае месца — там, дзе раней знаходзілася сталовая — установа пераехала ў 2015-м. Але ў плане назвы аптымізацыя яе не кранула — яна як была клубам, так і засталася.

— Шкада, вядома, — адчуваецца, што горыч у дырэктара яшчэ не прайшла. — Там і кабінет мы мелі, і глядзельную ды танцавальную залы. Калі я стала загадчыцай клуба, у захапленні ад яго была. У хоры 22 чалавекі спявалі! Толькі дзіцячых гурткоў чатыры!

Чатыры аб’яднанні ёсць і цяпер. Фальклорны гурт “Беражнiца” папулярызуе песні свайго краю. Члены клуба пенсіянераў “Пластовачка” таксама выконваюць мясцовую аўтэнтыку. На сваіх штотыднёвых вячорках яны не толькі спяваюць, але і вяжуць, вышываюць і, натуральна, дзеляцца ўспамінамі — пад гарбату з пірагамі. Дзіцячы гурток “Калiначка” песнямі і танцамі прапагандуе народныя абрады, яго ўдзельнікі часцяком выступаюць на святах. А дзіцячую групу мастацкага чытання ў 2019-м чакаюць перамены: па задумцы Соф’і Міхайлаўны, яна павінна пераўтварыцца ў клуб выхаднога дня. Пад яго эгідай раз на тыдзень у СК будуць ладзіцца розныя імпрэзы для дзяцей.

Акрамя трохсот з гакам жыхароў Пластка, Сельскі клуб не пакідае без культуры і тры бліжэйшыя населеныя пункты, куды пастаянна вывозіць свае канцэртныя праграмы.

— Вядома, там рады такім візітам, — запэўнівае дырэктар. — Старэйшае пакаленне чакае іх з нецярплівасцю. А моладзь з гэтых вёсак, дарэчы, і сама дабіраецца на нашыя імпрэзы. І, нягледзячы на цеснату, хатка наша заўсёды поўная. Напэўна, большага па памерах клуба нам ужо не дачакацца. Але што ж, нічога не рабіць з-за гэтага, ці як? Не, гэта не пра нас! Будзе яшчэ больш мерапрыемстваў, будзем прыносіць яшчэ больш радасці людзям!

Пэўна, спадарыня Каток не супраць атрымаць камп’ютар з інтэрнэтам. Але пакуль што яна карыстаецца ў працы ўласным ноўтбукам.

— Аб праблемах і марах клуба ведаюць, — завяршае размову Соф’я Міхайлаўна. — У нашым Любанскім райвыканкаме не так даўно змяніўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Спадзяюся, што з прыходам новага чалавека нешта можа і ў нас змяніцца.

/i/content/pi/cult/735/15973/17.JPGБібліятэрапія ў дзеянні

Святлана Жаўрыд, якая некалі атрымала сярэднюю спецыяльную сельскагаспадарчую адукацыю, працуе бібліятэкарам больш за дзесяць гадоў. Сфера культуры яе вабіла з дзяцінства: яна была заўсёдніцай танцавальных ды вакальных гурткоў мясцовага клуба.

— Але народныя песні я маленькай не вельмі любіла спяваць, — прызнаецца яна. — І толькі калі пасталела, яны раптам як бы самі сталі да мяне прыходзіць, усплываць у падсвядомасці — напэўна, ад бабулі перадаліся, хоць яна памерла задоўга да майго нараджэння.

Прымаючы ўдзел у імпрэзах СК, многія з якіх увасабляюць народныя традыцыі альбо заснаваныя на іх, Святлана Анатольеўна лічыць сваiм прамым абавязкам прасоўваць нацыянальную культуру і з дапамогай бібліятэкі. Нават праз дробныя дэталі. Надпісы на стэлажах зробленыя толькі на беларускай мове.

— Але, шчыра кажучы, чыстая беларуская ва ўжытку сустракаецца ў нашай вёсцы не так часта, — прызнаецца спадарыня Жаўрыд. — Гэта тычыцца і песень — тых, што спяваюцца ў побыце, дома — усё-такі, уплыў, напрыклад, рускай мовы вялікi. Але творчасць калектываў клуба і накіравана на тое, каб захоўваць спадчыну ў тым выглядзе, у якім яна дайшла да нас. Адпаведна, і бібліятэка нямала робіць для прапаганды літаратуры на беларускай мове.

Густы “сваіх” чытачоў Святлана Анатольеўна вывучыла дасканала — адзін чытае дэтэктывы, другому трэба адкласці новую прыгодніцкую аповесць, а трэцяй патрэбен “свежы” любоўны раман. І перш, чым нешта прапанаваць наведвальнікам, бібліятэкар абавязкова хаця б “прагортвае” новыя паступленні. Гэта могуць быць, як я зразумеў, і навінкі сучаснай літаратуры кшталту Андруся Горвата або Віктара Марціновіча, і творы “хітмэйкераў” Наталлі Батраковай і Тамары Лісіцкай. Сярод лідараў кнігавыдачы — і Святлана Алексіевіч.

— У параўнанні з тым, што было дзесяць гадоў таму, у працы нашай бібліятэкі мала што змянілася, — прызнаецца мая суразмоўца. — Людзі ўнутрана — такія самыя. Як прыходзілі яны да мяне як да бібліятэрапеўта, так і прыходзяць: тут яны шукаюць зносінаў.

Зносіны — выдатна, гэта вельмі важна ў плане камунікацыі, ды і проста па-чалавечы. Але ж патрабаванні па выкананні пэўных паказчыкаў як былі, так і ёсць. Аднак гэтае пытанне Святлану Анатольеўну ніколі асабліва не напружвала — ні раней, ні цяпер. Выконвае, наракаючы толькі на тое, што “пісанінай” яшчэ некалькі гадоў таму яна займалася менш.

А да будучыні публічных бібліятэк на сяле спадарыня Жаўрыд ставіцца па-філасофску: маўляў, чаму быць, таго не абмінуць. Яна згодная з тым, што ў вёсках, у якіх дэмаграфічная сітуацыя пагаршаецца, і становішча гэтае быць выпраўлена наўрад ці можа (прынамсі, у самай бліжэйшай перспектыве), утрымліваць установы з вялікай плошчай для дзяржавы эканамічна немэтазгодна. Таму і будуць яны пераязджаць у маленькія памяшканні, а то, на жаль, і наогул закрывацца.

ды іншыя мары

Карэнная жыхарка Пластка Алеся Сiрач вучыцца ў 8-м класе ямінскай сярэдняй школы. І марыць стаць следчым! Прафесія гэтая прадугледжвае зносіны з самымі рознымі людзьмі, і патрэбны досвед дзяўчына напрацоўвае, у тым ліку, і ў пластоцкай культуры — два гады яна займаецца ў сельскiм клубе, выконваючы беларускія народныя песні.

— Голас і слых мне перадаліся ад бабулі з мамай, — тлумачыць Алеся. — І, дарэчы, бабуля мая таксама калісьці спявала ў фальклорным калектыве. Але пра тое, каб пасля заканчэння школы “пайсці ў культуру”, я ніколі не задумвалася.

Са спадарыняй Сiрач мы і паспрабавалі даследаваць культуру Пластка.

Каментарый Алесі Сiрач:

— Пасля ўрокаў у школе мы з сябрамі проста блукаем па вёсцы — у нешта гуляем, гутарым. Разы тры — чатыры ў месяц ходзім у клуб на рэпетыцыі, удзельнічаем у канцэртах. Запісаныя ў бібліятэку. Я люблю чытаць казкі, выдуманыя гісторыі. Пра Гары Потэра, праўда, яшчэ не чытала, толькі фільм глядзела. Ці сумна нам? Не, з сябрамі заўсёды весела! Вядома, калі б клуб застаўся ў старым будынку, было б лепш. Таму некаторыя імпрэзы зараз даводзіцца праводзіць на вуліцы.

* * *

Святлана Жаўрыд мне распавяла і пра тое, як жыхары Пластка некалі “ўсталі гарой” на абарону вясковай школы. Але яна ўсё ж была зачыненая — таксама па той жа прычыне. Спадзяюся, мясцовым установам культуры гэта не пагражае.

Я ўсё разумею. І, тым не менш, часам пасля паездак па рэгіёнах у галаве ўзнікаюць думкі пра тое, што, да прыкладу, тая ж бібліятэка ў “неперспектыўным населеным пункце” сёння — гэта не дрэва, што высыхае, якое можна высечы і на яго месцы або дзесьці яшчэ ўкапаць высадак. Але, напэўна, сапраўды выйсця няма, прыходзіцца “секчы” — абараняй ты нешта, не абараняй. Такія рэаліі…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"