Амазонкі ў фармаце стэндапу

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

“Даўно мы так не смяяліся”, — сказалі дзве кабеты паважнага ўзросту пасля заканчэння лекцыі пра творчасць Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Зрэшты, лекцыяй тую імпрэзу ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі назваць складана. У ХХІ стагоддзі для падобнага фармату ёсць куды больш дакладнае азначэнне — стэндап. Тэатралізавана-інтэрактыўная дзея “Цётка. Кроў, масаж, каханне” адкрыла зусім іншыя вымярэнні той постаці, якую мы са школы ведаем найперш дзякуючы антыцарскім вершам і адданасці грамадскім справам.

/i/content/pi/cult/735/15968/11.JPGАктрыса з Купалаўскага тэатра Крысціна Дробыш, якая мелася выканаць ролю Алаізы Пашкевіч, у апошні момант захварэла, таму абяцанага масажу (а паэтка, сярод іншага, працавала і масажысткай) не было. Па факце атрымаўся тэатр аднаго акцёра — аўтара і вядучага Васіля Дранько-Майсюка. Ён па ўсіх правілах стэндапа расказваў цікавыя гісторыі, узрываў залу кароткімі жартамі, імправізаваў і ладзіў інтэрактыўныя гульні з гледачамі.

Напрыклад, успаміналіся любімыя “жахалкі” маленькай Алаізы, якімі яна пужала малодшых братоў. А пасля гледачам, падзеленым на каманды, прапанавалася прыдумаць уласную страшную гісторыю са словамі “воўк” і “скрыпач”. Адной камандзе для перамогі хапіла толькі назвы аповеду — “Смачны скрыпач”.

Класічны антыцарскі верш Цёткі “Хрэст на свабоду” чытаўся як “энергетычна-жарсны рэп”. І ў гэтым не было перабольшвання, бо яно так і гучыць: “На усходзе красна неба // Нас ня дзівіць — так і трэба!” Рэакцыя публікі, якая шчыльна запоўніла невялікую залу музея (прыйшло пад 70 чалавек) была адпаведнай.

Прысутнічала пераважна моладзь — школьнікі, студэнты. Зрэшты, былі і прадстаўніцы “Універсітэта трэцяга ўзросту”, прычым яны адгукаліся на смелыя вынаходкі вядоўцы нават больш бурна ў параўнанні з маладзейшымі.

Васіль Дранько-Майсюк вырашыў, што ў наш век цікавасці да тэмы фемінізму варта паспрабаваць паказаць прызнаных паэтак праз іх жаноцкасць і, дазволю сабе сказаць, сексуальнасць. Нават калі — як у выпадку з Цёткай — у вершах яе і не знайсці. Але ўнутраная энергетыка аўтарак сведчыць пра ейную наяўнасць.

Перад кім з мужчын Алаіза Пашкевіч станавілася на калені, якога класіка беларускай літаратуры запрашала на танцы, чаму хавала каханага ад чужых вачэй у вар’ятні? А чаму больш любіла Мікеланджэла, а не Рафаэля? Чым яе вабілі пляжы Генуі? Пагадзіцеся, змагарка з царскім рэжымам была цікавым чалавекам.

Задача праекта — праз факты біяграфіі і адпаведны аналіз творчасці стварыць дзею, якая б прывабіла больш чытачоў да значных для нашай літаратуры асобаў, пазбавіўшы іх постаці каменнага налёту кананічнасці, утворанага ў падручніках і літаратуразнаўчых працах. Асабліва гэта важна для моладзі, якая вывучае беларускую літаратуру.

Задуманае, відавочна, атрымалася. І цікавасць была, і жаданне абавязкова прыйсці наступным разам — а імпрэзы цыкла “Сем амазонак беларускай паэзіі” плануюцца раз на месяц. Наступныя гераіні — Канстанцыя Буйло, Ларыса Геніюш, Эдзі Агняцвет, Вера Вярба, Наталля Арсеннева і Яўгенія Янішчыц.

Цяжка спрачацца, што жыццёвыя факты, асабліва пададзеныя пад эмацыйным соусам і з экспрэсіяй вядоўцы, здольныя як мінімум зацікавіць асобай паэта — а потым ужо і яго творчасцю. Васіль Дранько-Майсюк мае вялікі інтарэс менавіта да жанчын у літаратуры (у яго і жонка — паэт, Валярына Кустава): маўляў, яны не да канца зашпіленыя на ўсе гузікі:

— Беларусы, як той казаў — нацыя жаночая. А жанчыны, калі ствараюць вершы, здольныя здзіўляць больш, чым мужчыны. У іх часам праскоквае такая нечаканая тэма, пра якую яны могуць нават самі не здагадвацца. Паэткі адметныя алагічнасцю, пачуццёвасцю, нервовасцю. Мне гэта вельмі цікава, а калі табе нешта цікава, то ты робіш усё, каб гэта было цікава і іншым.

Наступная сустрэча будзе прысвечана Канстанцыя Буйло. Неверагодна, але яшчэ ў 80 гадоў яна пісала пра каханне вельмі пачуццёвыя вершы!

— За гэта я вельмі яе люблю і паважаю, — кажа аўтар праекта.

Рэжысёра, драматурга, культуролага Васіля Дранько-Майсюка можна назваць, даруйце за канцалярскі выраз, даўнім рупліўцам на ніве папулярызацыі беларускай літаратуры і ўвогуле культуры. Прыгадваецца і яго п’еса “Пясняр”, пастаўленая на сцэне тэатра імя Горкага, і шматлікія публікацыі. Цяпер вось — новая задума, ужо ў якасці супрацоўніка музея Петруся Глебкі. Але канцэпцыя тая самая — пазбавіцца клішэ і паказаць жывога чалавека праз сваё эмацыйнае стаўленне да яго. А каб гаварыць сучаснай мовай і быць на адной хвалі з сучаснымі патэнцыйнымі чытачамі, трэба быць і акцёрам, і своеасаблівым стэндаперам.

Беларуская літаратура для многіх у школе была нелюбімым прадметам — бо здавалася зборам нейкіх кананічных постацяў без чалавечых прыкметаў. Выпраўляць сітуацыю — магчыма. І фільмы здымаць, і рэп чытаць на лекцыях, і песні спяваць, і спектаклі ставіць. Такіх праектаў становіцца ўсё болей, а значыцца, паболее і чытачоў у нашай літаратуры ды наведвальнікаў у музеях.

Прынамсі, я цяпер буду наведваць музей Петруся Броўкі як мінімум раз на месяц — каб даведацца пра сардэчныя тайны “амазонак беларускай паэзіі” і паслухаць іх вершы.

Надзея КУДРЭЙКА / 
Фота Вольгі УЛАДЫКІ