Не пасада і нават не місія

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Знаёмцеся: новы старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена АТРАШКЕВІЧ. Хаця… Якое там знаёмства? Алена Віктараўна — чалавек добра вядомы і не толькі ў кампазітарскіх колах. Уладальніца медаля Францыска Скарыны, Ганаровага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі “Найлепшы кампазітар года”, “Чалавек года Міншчыны”…

/i/content/pi/cult/735/15967/10.jpgПасля заканчэння тады яшчэ Ленінградскай кансерваторыі яна вярнулася ў Беларусь і была накіравана ў Маладзечна. Гэты горад, калі можна так сказаць, стаў яе творчай “малой радзімай”. Невыпадкова спадарыня Алена не парывае з ім сувязяў і пасля пераезду ў сталіцу: працягвае кіраваць эстраднай студыяй “Спяваем разам” Маладзечанскага Палаца культуры, праводзіць там заснаваны ёй Адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”.

Сказаць пра яе энергію і ўсюдыіснасць — не сказаць нічога. Здаецца, у яе сутках — не 24 гадзіны, а ўдвая-ўтрая болей! Але галоўнае ў іншым: ейная энергія не разбуральная, а заўжды стваральная. Яе прызванне — з’ядноўваць. Не толькі ноты паміж сабой і мелодыю з гармоніяй, але і кампазітараў з выканаўцамі, творцаў з арганізатарамі-адміністратарамі, песеннікаў з сімфаністамі.

Апошняя заўвага вельмі значная яшчэ і таму, што альтэрнатыўнай кандыдатурай на пост старшыні быў вылучаны Алег Хадоска, які стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі менавіта за сваю сімфанічную творчасць. Ягонай місіяй бачылася абарона сімфанічных жанраў, бо тыя і сапраўды патрабуюць падтрымкі.

Што ж, у багажы Алены Атрашкевіч — усяго адна сімфонія, але безліч дзіцячых мюзіклаў і казак. Але сімфанічнасць яе мыслення выяўляецца і ў шматлікіх харавых творах, і ў песнях — дый нават у тым, як яна рыхтуе эстрадных спевакоў, прасочваючы развіццё вобразаў, драматургіі, кампазіцыйнай работы творцаў, выбудоўваючы ланцужкі лагічных і ўласна музычных сувязяў.

Кампазітарская праца, асабліва ў буйных жанрах, патрабуе засяроджанасці ды інтравертнасці. Так што творчаму саюзу, лічыце, пашчасціла: Алена Віктараўна — прыроджаны экстраверт, здольная распаўсюджваць вакол сябе аўру сонечнага пазітыву. Яшчэ адзін плюс — досвед грамадскай працы: як-ніяк, дэпутат, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. А праца не толькі ў навучальнай установе, але і ў складзе экспертнай камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі дазваляе добра разумець маладзёжныя праблемы і рабіць канкрэтныя захады па іх вырашэнні.

Але — хопіць прэамбулы. Якім бачыць новы старшыня далейшы лёс Беларускага саюза кампазітараў? Бо пасля сыходу Ігара Лучанка некаторыя лічылі, што і кампазітарская суполка хутка скончыць сваё існаванне. Ці не састарэла само гэтае аб’яднанне, ці не атавізм гэта савецкіх часоў?

— Некаторыя замежныя краіны такога саюзу не маюць — і музычная культура цудоўна сябе адчувае і плённа працягвае развівацца…

— Няма такога — ёсць іншыя. Але ідэя аб’яднання, а не раз’яднання — прычым такога аб’яднання, дзе не прыгнятаецца, а наадварот расцвітае кожная творчая асоба — надзвычай актуальная для сучаснай культурнай прасторы. Неабходнасць саюза бачыцца мне сёння яшчэ і ў тым, каб абараніць само паняцце кампазітара менавіта як прафесійнага творцы. Апошнім часам яно стала даволі размытым: не зусім зразумела, каго можна лічыць кампазітарам, а каго больш правільна было б называць аўтарам музыкі. Менавіта таму і разгарэліся жарсці вакол таго артыкула новага статута Беларускага саюза кампазітараў, у якім вызначаліся ўмовы прыёму ў нашу грамадскую суполку.

— Наколькі я зразумела, адна з вашых задач — укараненне лозунга “Кампазітар — гэта гучыць пачэсна!” Але як зрабіць арганізацыю больш заўважнай на культурнай мапе? Іншымі словамі, якіх новых цікавых праектаў чакаць ад Беларускага саюза кампазітараў?

— Ідэй шмат. Дарэчы, вельмі многа ў гэтым плане зрабілі мае папярэднікі — не толькі Ігар Лучанок і яго “правая рука” Эдуард Зарыцкі, але і малады Віктар Кісцень, які застаецца ў якасці намесніка старшыні. Пасля смерці нашых мэтраў гэты шматгранны творца ўзваліў на сябе ўвесь цяжар па захаванні творчага аб’яднання, якое перажывала не лепшыя часы свайго існавання. За паўтара гады пасля таго, як ён стаў намеснікам старшыні, было праведзена больш за 60 мерапрыемстваў! Найперш гэта рэгулярныя творчыя сустрэчы ў памяшканні саюза — сумесны праект з Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё. У дзіцячых музычных навучальных установах ладзіліся прэзентацыі зборнікаў беларускіх кампазітараў. Пры дапамозе спонсараў быў набыты капіравальны апарат — і цяпер мы падумваем пра стварэнне музычнага мінівыдавецтва, якое б дапамагло забяспечваць выканаўцаў новымі творамі і распаўсюджваць музыказнаўчыя даследаванні.

Менавіта ад Віктара сыходзіла і ініцыятыва стварэння Дома беларускай музыкі, дзе была б увекавечана памяць пра Ігара Лучанка, ладзіліся цыклы адукацыйных і канцэртных праграм, куды наведваліся б не толькі мінчукі, але і турысты. Віктар не толькі прапанаваў гэты праект, але і абмяркоўваў магчымыя шляхі яго рэалізацыі з кіраўніцтвам Музея горада Мінска, з Нацыянальным цэнтрам сучаснага мастацтва. Дзякуючы Кісценю, з’явілася нават такая “дробязь”, як група ў Вайберы, што яднае ўсіх членаў саюза.

— Словы “ўсе” і “разам” вы некалькі разоў паўтарылі і з трыбуны з’езда Беларускага саюза кампазітараў пасля абвяшчэння вынікаў закрытага галасавання.

— Для мяне гэта вельмі важныя словы. Цудоўна, што праўленне застаецца ў ранейшым складзе (з далучэннем старэйшага нашага музыказнаўцы Радаславы Аладавай) — бо гэта зладжаная, здольная зрушыць горы каманда. Але працаваць павінны не толькі ініцыятыўныя групы і члены праўлення, але і ўсе члены творчага аб’яднання. У кожнага з нас за плячыма свой вопыт — і кожны можа перадаць яго, узбагаціўшы тым самым нашу суполку. Я вельмі спадзяюся на супрацоўніцтва і ўнутры саюза, і з іншымі творчымі суполкамі, установамі, арганізацыямі, у тым ліку і замежнымі.

Мы гатовы супрацоўнічаць і ў гукавым аздабленні мастацкіх выстаў, і, скажам, у правядзенні паказу мод — чаму б не пад музыку беларускіх кампазітараў, ды яшчэ і створаную адмыслова для гэтай падзеі? Балазе, актуальнасць сінтэзу мастацтваў толькі ўзрастае.

Вельмі плённым магло б быць і супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў — не толькі на ўзроўні асабістых кантактаў. Колькі выдатных музычна-сцэнічных твораў “разбівалася” аб няўдалае лібрэта! Калі б такія сувязі былі наладжаны, гэта станоўча адбілася б на стварэнні нацыянальных опер, мюзіклаў, іншых буйных твораў.

— І якімі бачацца вам найбольш перспектыўныя напрамкі дзейнасці?

— Саюзу, на маю думку, трэба больш актыўна ўключацца ў той жа конкурсны рух. Я маю на ўвазе не толькі ідэю правядзення конкурсу на стварэнне буйнога сімфанічнага твора, якая знайшла папярэднюю падтрымку ў Міністэрстве культуры, але і далучэнне нашай арганізацыі ў якасці партнёра да тых жа дзіцячых конкурсаў, вельмі папулярных сёння. Чаму б не падумаць пра граматы або прызы ад Саюза кампазітараў за лепшае выкананне беларускіх твораў? Гэта садзейнічала б папулярызацыі нашай музыкі, узняла б грамадскую вагу суполкі і кожнага з яе чальцоў.

Мы маглі б заснаваць і свае конкурсы — тым больш, што падобныя захады ўжо рабіліся. Неабходна распрацаваць праграму памятных кампазітарскіх і, шырэй, музычных дат. Гэта могуць быць ўгодкі не толькі нараджэння і смерці, але і знакавых творчых падзей. Было б добра і надалей пашыраць супрацоўніцтва з радыё і тэлебачаннем. Чаму б не падумаць пра нейкі цыкл накшталт: “Знаёмцеся, кампазітар”?

Я неаднойчы задумвалася пра нейкую сістэму падтрымкі творцаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Магчыма, трэба стварыць нейкі фонд узаемадапамогі, каб грошы ад тых жа членскіх унёскаў ішлі не толькі на кветкі і пахавальныя вянкі, але і на матэрыяльную падтрымку.

— А як наконт прыцягнення маладзёжнай аўдыторыі?

— Тут таксама зроблены некаторыя захады. Літаральна некалькі дзён таму адзін з раяляў Саюза кампазітараў быў перавезены ў крэатыўную мастацкую прастору, папулярную ў неакадэмічных колах, — “Корпус 8”. Там запланаваны і запісы новых твораў, і канцэртныя праграмы, і разнастайныя сумесныя праекты. На наступны год трэба было б падумаць і пра нейкія абанементныя цыклы творчых сустрэч у навучальных установах. Прычым іх ладзіць можна не толькі ва ўстановах профільных. Важна шукаць шляхі да больш шырокай аўдыторыі.

— Слухаю вас — і ўсё чакаю, калі ж вы пачняце жаліцца: маўляў, таго нестае, гэтага… Дайце нам — і мы тады… эх, як разгарнемся!

— А вы звярнулі ўвагу на тое, што многія выказаныя вышэй прапановы не патрабуюць вялікіх капіталаўкладанняў? Усё рэальна, але для ўвасаблення неабходна найперш жаданне. Працуючы на імідж кампазітарскай арганізацыі, мы тым самым пашыраем нашы магчымасці, ствараем перспектывы для акупнасці нашай прафесіі. Бо сёння яна ператварылася ў “стратнае задавальненне”, якое нячаста прыносіць матэрыяльныя дывідэнды.

Але кампазітар — гэта статус. А старшыня творчага саюза — не пасада, нават не місія. Гэта праца. Праз сваю занятасць, арганізацыйную і творчую, я вельмі доўга вагалася, перш чым дала згоду на вылучэнне сваёй кандыдатуры. Рэаліі нашай прафесіі сёння такія, што мы павінны самі сябе прадзюсіраваць і папулярызаваць. І ў гэтым сэнсе кампазітарская арганізацыя можа зрабіць значна больш, чым кожны паасобку. Неабходна шукаць формы “калектыўнай гаспадаркі”, прыдатныя для музычнага мастацтва. Гэтым і будзем займацца.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"