Вобраз ў пошуках мецэната

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Перад Універсітэтам культуры неўзабаве з’явіцца незвычайная кампазіцыя
Гарадская скульптура — гэта нібы эпіграф для канкрэтных вуліцы, завулка, транспартнага прыпынку, урбаністычнага ландшафту, будынка. Бронзавая дама на лаве задае настрой Міхайлаўскага сквера, выява гандляркі семкамі — як напамін наведвальнікам Камароўкі, што тут ідзе сур’ёзны гандаль і жартачкам не месца. Скульптура настаўніцы ля педуніверсітэта (напэўна, і ўласнае імя ў яе даўно з’явілася) заклікае студэнтаў на скарэнне педагагічных вышынь. Пафасная балерына перад цэнтральным фасадам Опернага натхняе на заглыбленне ў класіку, а выявы дзвюх стомленых дзяўчат у пуантах ля бакавога фасада тэатра — як карцінка з жыцця: стаміліся пасля рэпетыцыі, выбеглі на вуліцу да бліжэйшай лавы. Але наша гаворка — пра іншы будынак і іншую скульптурную кампазіцыю.

/i/content/pi/cult/735/15963/6.JPGЯк усё пачалося

Лёсы жанчын вызначаюць мужчыны. А пачалося ўсё так. Ля цэнтральнага ўвахода ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе заўжды прасторна, вольна, а шум нястомных электрычак нагадвае пра хуткаплыннасць жыцця, сустрэліся аднойчы і абсалютна выпадкова тагачасны рэктар згаданай ВНУ культуры Юрый Бондар і знаны фатограф Юрый Іваноў — кіраўнік Савета пры БДУКіМ па грамадскіх сувязях і наш колішні калега па сумеснай працы ў газеце “Культура”. Юрый Паўлавіч падзяліўся з Юрыем Сяргеевічам ідэяй — стварыць ля ўвахода ў навучальную ўстанову адмысловую скульптурную кампазіцыю, своеасаблівы брэнд, які б характарызаваў навучальную ўстанову.

Зерне было кінута, як кажуць, ва ўрадлівую глебу. Савет па грамадскіх сувязях — гэта, трэба вам сказаць, сіла магутная ды неўтаймоўная. Юрый Іваноў — цудоўны арганізатар і вялікі ўпарадкавальнік таго, што не ўпарадкоўваецца ніколі — пяць гадоў таму сабраў вакол сябе ва ўніверсітэце 35 такіх жа няўрымслівых творцаў: мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, дызайнераў, артыстаў. Ім бы яшчэ паспяховых магнатаў-банкіраў у якасці штатных мецэнатаў!

Словам, была б ідэя, а як яе ажыццявіць, савет здагадаецца, бо і сам здольны нараджаць не абы-якія ідэі, як інкубатар куранят. Але пра гэта — іншым разам.

Што ўжо зроблена

Удасканальвалі ідэю ўсім саветам. Вырашана было адлюстраваць у метале трох муз — па колькасці асноўных кірункаў дзейнасці ВНУ: харэаграфія, тэатральнае і выяўленчае мастацтва. Задача аб’яднаць іх у адмысловую кампазіцыйную групу — не з простых. Да ўсяго, было загадзя вырашана, што тры дзявочыя постаці павінны сімвалізаваць нашу культуру ў цэлым і ўніверсітэт у прыватнасці. Але хто ажыццявіць задуманае?

Пошукі выканаўцы ішлі нядоўга. За працу ўзяўся адзін з 35. Прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы Уладзімір Слабодчыкаў. Да слова, менавіта ён прыдумаў і ўвасобіў у жыццё балерын ля опернага.

— Самае галоўнае, што задумка адобрана рэктарам універсітэта культуры Алінай Кобут, — распавядае скульптар. — На сёння зроблены эскіз з пластыліну. Думаю, што кампазіцыя цалкам прапрацавана. У апошнім варыянце яна дасягне двух з паловай метраў у бронзе. Зробім і версію куды меншых памераў — не болей за 40 сантыметраў. Гэтыя статуэткі будуць уручацца ў якасці галоўнага ўніверсітэцкага прыза. Калі мы знойдзем належныя сродкі, можна будзе запрашаць архітэктара для прывязкі скульптура да канкрэтнай мясцовасці.

/i/content/pi/cult/735/15963/7.jpg“Мне вобраз ваш  прымроіўся ўчора”

Пакуль выявы грацый маюць, так бы мовіць, сярэднестатыстычны выгляд. Але Уладзімір Іванавіч за тое, каб кожная з маладых жанчын мела канкрэтны прататып. На яго погляд, гэта надасць кампазіцыі асэнсаванай важкасці, сімвалічнага рэалізму. З парадаксальнасцю апошняга словазлучэння я пагадзіўся, калі ўявіў у ролі адной з грацый Святлану Сарокіну — дырэктара Палаца культуры Маладзечна. Усюдыісная і энергічная, яна стала для многіх творцаў клапатлівай музай-натхняльніцай. Рэальны сімвал нерэальнай працавітасці і самаадданасці ў справе ўмацавання нацыянальнай культуры….

Прататыпы — гэта добра. Але хто імі ў выніку стане: студэнткі, выпускніцы, людзі з універсітэцкім дыпломам, пэўным досведам і напрацаваным аўтарытэтам? Логіка падказвае, што хутчэй за ўсё апошнія.

Пастка для мецэната

Сябры Савета па грамадскіх сувязях шукаюць мецэната. Чаму не ён іх? Час не прыспеў. Відаць, няма асаблівай выгады ўглядацца з недасягальнай вышыні бізнесу ў пошуках чалавека, ідэі, праекта, якіх варта неадкладна падсілкаваць маральна і матэрыяльна.

У кулуарах Савета нават такі план нарадзіўся: абяцаць бізнесоўцу, які падтрымае рэалізацыю праекта “Музы”, што адным з прататыпаў скульптурнай выявы стане ягоная (бізнесмена) жонка. Ідэя настолькі арыгінальная, што супраціўляцца пачынаеш не адразу. Усё ж, пакрысе мы прызвычаіліся да рацыянальнага цынізму рынкавых адносін. Самаахвярнасць — прэрагатыва гуманітарыяў.

А вось Уладзімір Слабодчыкаў не вагаецца, як я. Ён — катэгарычна супраць. Маўляў, выбар прататыпу не павінен вызначацца калькуляцыямі ў чаканні гарантаваных грашовых прыбыткаў. Я, напрыклад, са скульптарам спрачацца не бяруся.

Чым усё скончыцца

Натуральна, поспехам. Я ведаю Юрыя Іванова шмат гадоў, ён заўжды дамагаецца свайго. Падазраю, ён цяпер і ў снах рыхтуе пастку для патэнцыяльнага мецэната. Той пакуль ходзіць бесклапотны і не ведае, што лёс яго прадвызначаны.

А музы? А музы чакаюць прататыпаў і зграбнага пастамента. Сябры ж Савета па грамадскіх сувязях працягваюць дэбаты аб прыгажосці вясны, жыцця і будучай кампазіцыі. Усё правільна. Лёсы жанчын вызначаюць мужчыны.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"