“Красуні” — для красунь

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Як распавядае “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук, Масленіца ў раёне адзначаецца двойчы. І звязана гэта не толькі з запатрабаванасцю абрадавага свята.

/i/content/pi/cult/735/15962/5.JPGПершая Масленіца ладзілася 2 сакавіка ва ўнутраным дворыку Мірскага замка. Я пісаў пра шчыльнае ўзаемадзеянне музейнага замкавага комплексу з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, пра тое, што ўзаемадзеянне гэтае мае камерцыйную аснову. Дык вось, вітанне вясны ў мураваным мірскім антуражы было платным. Нягледзячы на гэта дворык не пуставаў. На імправізаванай пляцоўцы выступалі лепшыя творчыя калектывы Гродзеншчыны. Адзін з яркіх карэліцкіх ансамбляў — “Красуні-бэнд”.

Пра гэта трыа варта сказаць асобна. Зусім нядаўна сабраліся таленавітыя дзяўчаты і вырашылі давесці свету, што без іх удзелу ён — не такі дасканалы. Свет прыціх у чаканні. А “Красуні…” пакрысе яго апраўдваюць. У складзе калектыву — метадысты Настасся Мурашка, Карына Ячнік, мастацкі кіраўнік раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Рыта Яроцкая…

З поспехам яны выступілі ўчора, 8 сакавіка. Не менш выразна гучыць іхняя беларуская песня і на сённяшняй Масленіцы, якая ладзіцца ў Карэлічах. І зноў пякуцца бліны, і зноў шануецца асоба слабага полу, здатная штодзённа здзіўляць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"