Дванаццаць далоняў падтрымліваюць мару

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Сёлетнюю вясну студэнтка аддзялення кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга СТАРЦАВА чакала з асаблівым хваляваннем: лічаныя месяцы засталіся да абароны дыплома. Дзяржаўнай камісіі яна прадставіць аркестравы твор з адпаведнай свайму светапогляду назвай “Трыумф жыцця”.

/i/content/pi/cult/735/15960/1.jpgПраз музыку пачынаючы кампазітар распавядае пра шлях чалавека ад нараджэння да сталасці. У паліфаніі на шчаслівыя моманты напластоўваюцца тэмы перажыванняў і сумненняў, адлюстроўваючы шматаблічнасць жыцця. Кульмінацыяй твора становіцца нараджэнне дзіцяці і замілаванне нованароджаным закаханых бацькоў.

Адносна крыніцаў натхнення сумнявацца не выпадае: у Вольгі з мужам падрастаюць пяцёра дзяцей ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. І ўся гэта пяцёрка разам з бацькам імкнуцца падтрымаць маці ў яе памкненні да ажыццяўлення запаветнай мары: прафесійна займацца творчасцю.

Размаўляеш з без пяці хвілін дыпламаваным кампазітарам Вольгай Старцавай і адчуваеш, што яна — бы тая самая крыніца радасці. Ёй удалося дасягнуць таго, у што многія нават не вераць: знайсці гармонію паміж асабістымі памкненнямі і сям’ёй. І менавіта гэтага найперш хочацца пажадаць нашым шаноўным і творчым чытачкам у першае вясновае свята.

— Колькі гадоў вы ішлі да сваёй мэты — паступіць у ВНУ, каб навучацца кампазіцыі?

— Паміж заканчэннем музычнага каледжа і паступленнем на першы курс мінула дзесяць гадоў. Доўгі час я прысвячала сябе толькі сям’і. Калі дзеці падраслі, выкладала ў школе музыку, вяла гурток па спевах. Можна было б і далей так існаваць, але я разумела, што мне не хапае магчымасцей праявіць свае здольнасці, стаць больш цэласнай. Мой муж адчуў гэтыя мае памкненні і сказаў: “Ты мне нарадзіла чатырох дзяцей, і зараз я хачу што-небудзь зрабіць для цябе. Мне вельмі хочацца, каб ты была шчаслівая”.

Мы самі з Расіі, нейкі час жылі ў Балгарыі, але мужа цягнула на зямлю продкаў — яго дзед родам аднекуль з-пад Гродна. Я ж даведалася, што ў Беларусі вельмі якасная музычная адукацыя. Паглядзіце: выпускнікі Акадэміі музыкі цэняцца па ўсім свеце! Рашэнне было прынятае — і сем гадоў таму мы пераехалі ў Беларусь. Шукалі сабе прымяненне ў Гомелі, Капылі, а пасля аселі на хутары ў Барысаўскім раёне. Тут, у вёсцы Ганцавічы, Валодзя працаваў школьным псіхолагам, я выкладала музыку і інтэнсіўна рыхтавалася да паступлення, на працягу года сумяшчаючы рэпетытараў, самастойныя заняткі, працу і хатнія клопаты.

Муж імкнуўся па магчымасці максімальна ўзяць дзяцей на сябе. Дзякуючы яму я магла займацца гармоніяй і кампазіцыяй па пяць — шэсць гадзін на дзень. Мая маці мяне адгаворвала: маўляў, навошта табе тое трэба, і так жа ўсё ёсць — муж, дзеці, дом. Але Валодзя не саступаў: “Не, мы дамовіліся! Нягледзячы на цяжкасці, трэба, каб ты змагла ажыццявіць сваю мару!” Мы не адмовіліся ад задуманага нават тады, калі перад падачай дакументаў у ВНУ даведаліся, што чакаем пятага дзіцёнка.

— Не ўсе знаходзяць у сабе сілы ізноў сесці за падручнікі, калі столькі гадоў прайшло пасля атрымання папярэдняга дыплома…

— Дапамагала вялікае жаданне навучыцца перакладаць свае адчуванні на музыку. Ды мне падаецца, што і не трэба пасля школьнай лавы ісці ў гэтую прафесію. Усё ж, кампазітару трэба саспець, каб мець што сказаць.

Канечне, было няпроста. У Пермскім музычным каледжы я навучалася на аддзяленні мастацтва эстрады і джаза. Згодна з дыпломам я — эстрадная джазавая спявачка, выкладчык, кіраўнік творчага калектыву. Але там нам не выкладалі кампазіцыю, а яна ёсць у пераліку ўступных іспытаў у Акадэмію музыкі. Так, я скончыла сярэднюю ўстанову з чырвоным дыпломам, да гэтага добра адвучылася ў музычнай школе па класе скрыпкі, але для высокага балу па гармоніі неабходна было індывідуальна займацца з настаўнікам.

Складанасцей дадавала і неабходнасць вывучыць для цэнтралізаванага тэсціравання гісторыю Беларусі. Да слова, было вельмі цікава, бо многія гістарычныя перыяды, агульныя для дзвюх краін, раней я вывучала з іншага ракурсу. Цяпер жа на ўзаемасувязі гэтых дзяржаў стала глядзець па-іншаму.

Як музыканту мне адразу лягла на сэрца беларуская мова з яе асаблівым, мяккім маўленнем, неверагоднай пералівістасцю. Я шчыра зачаравалася беларускімі песнямі! Потым, ужо на першым курсе, мне выкладчыкі і аднакурснікі дапамагалі спасцігнуць асновы гэтай мовы.

Калі я прайшла ўсе экзамены і паступіла на бюджэт, не верылася: “Нішто сабе! Мары сапраўды збываюцца!” Я сачыняю музыку з дзевяці гадоў і нарэшце атрымала магчымасць вучыцца ў практыкаў, як гэта рабіць прафесійна. Сям’я ізноў была побач: паколькі ў Акадэміі музыкі можна навучацца толькі на дзённым аддзяленні, муж знайшоў сабе працу ў Мінску і перавёз нас усіх у сталіцу.

— Відавочна, вучыцца было няпроста. Як вы плануеце свой дзень?

— Самае галоўнае — гэта дысцыпліна і арганізаванасць. З ранку мы з мужам разводзім дзяцей па садках-школах, потым кожны займаецца сваёй справай. Калі ёсць вокны ў вучобе — еду дадому, пішу музыку, а потым вяртаюся на пары. Дзяцей забірае той, каму — мне ці мужу — сёння зручней. Увечары імкнуся праводзіць час з сям’ёй: усім разам пагуляць, пагутарыць, калі трэба — дапамагчы з урокамі дзецям. Аднак калі я днём не паспела падрыхтавацца да заняткаў, то муж бярэ дзяцей на сябе, а я заканчваю неабходнае для сваёй вучобы.

Граць на інструменце я магу ці ў самой Акадэміі музыкі, ці ў сяброў, ці дома ў навушніках — у мяне ёсць электрапіяніна. Сыноў і дачок звычайна папярэджваю, што мне патрэбна выканаць сваё хатняе заданне. Яны разумеюць і не перашкаджаюць, бо бачаць, што ў маім жыцці два раўназначныя прыярытэты — сям’я і творчасць.

/i/content/pi/cult/735/15960/2.JPGКанешне, дзецям раз-пораз хочацца пастукаць па клавішах, панаціскаць педалі піяніна. У гэтым таксама можна чэрпаць натхненне, бо ў дзіцячай імправізацыі раптам нараджаюцца нетрывіяльныя гукавыя комплексы, нечаканыя музычныя вобразы.

Першыя тры курсы былі вельмі насычаныя: шмат пісьмовых работ, няпростыя творчыя заданні, розныя кампазітарскія тэхнікі. Нагрузка пастаянна ўзрастала. Аднак вучыцца так прыемна! Пачынаеш адчуваць, як развіваешся! Мне падаецца, такім сваім прыкладам бацькі даюць дзецям лепшы арыенцір, чым тэарэтычныя настаўленні, які шлях трэба абіраць у жыцці.

— Як вам падаецца, ці гатовыя беларускія ВНУ да выбудоўвання плённых стасункаў са шматдзетнымі бацькамі?

— Шчыра кажучы, было б лягчэй, калі б шматдзетным дазвалялі хаця б на нейкі час навучацца па індывідуальным плане. Ёсць жа магчымасць перавесці на яго тых студэнтаў, хто актыўна канцэртуе. Для іх гэта сапраўды выратаванне, бо яны фізічна не могуць наведваць усе заняткі. Я нарадзіла ў сярэдзіне першага курса. І было б выдатна, каб я магла некаторыя прадметы рыхтаваць дома і прыязджаць толькі на іспыты. Аднак у Акадэміі музыкі не было афіцыйнай магчымасці перавесці мяне на індывідуальны план. А на дзённым аддзяленні з наведваннем усё строга.

Я бясконца ўдзячна выкладчыкам, якія падтрымлівалі мяне! Калі загадчык кафедры кампазіцыі прафесар Галіна Гарэлава даведалася, што гэта маё пятае, а не першае немаўля, то ў размовах неаднаразова запэўнівала, што ў мяне ўсё атрымаецца — было б толькі жаданне. Яна сапраўды мяне натхніла! Я скончыла першы курс, а пасля ўзяла акадэмічны адпачынак, аднак толькі на год, бо не хацелася губляць час і набыты досвед.

Апошнія сесіі я здавала з сярэднім балам дзевяць. На жаль, сярод студэнтаў сустракаюцца і тыя, хто зайздросціць і імкнецца падносіць сітуацыю так, быццам мне ставяць адзнакі за колькасць дзяцей. Такога ні разу не было! Як можна завысіць адзнаку таму, хто не спраўляецца з тымі ж творчымі заданнямі? Гэта ж пытанне прафесіяналізму!

Многія педагогі запытваліся, як жа я ўсё паспяваю. У музычным асяроддзі не прынята мець шмат дзяцей, бо звычайна музыканты цалкам аддаюцца сваёй любімай справе, часта гастралююць. Я адказвала, што проста жыву: мы з мужам падтрымліваем дзяцей, дзеці натхняюць нас, мы адзін у аднаго вучымся. Мо супадзенне, а мо і не, але ўсё часцей у сценах Акадэміі стала чуваць пра нараджэнне дзяцей: у каго другі, а ў каго і чацвёрты!

— Улетку вы будзеце трымаць у руках дыплом. Што далей?

/i/content/pi/cult/735/15960/3.JPG— Мне хацелася б яшчэ год павучыцца, бо ёсць адчуванне, што мне патрэбны час, каб падрасці. Буду паступаць у магістратуру. А потым… У беларускіх установах няма пасады, якая б называлася “кампазітар”. Выпускнікі аддзялення кампазіцыі часцей за ўсё размяркоўваюцца выкладчыкамі тэарэтычных дысцыплін (сальфеджыа, гармонія і гэтак далей). Мне б хацелася выкладаць у Акадэміі музыкі. Можа, у некаторых узнікае да мяне пытанне: маўляў, прыезджая. Але ж я адчуваю сябе ў Беларусі сваёй, а БДАМ успрымаю сваім домам.

І, канешне, працягну займацца ўласна музыкай. Мару запісаць кампазіцыі для кінематографа. На трэцім курсе Алег Хадоска выкладаў нам дысцыпліну пад назвай “Кінамузыка”. Алег Ігаравіч даваў шмат практычных заданняў: напрыклад, як стварыць музыку да пяці рознажанравых відэасюжэтаў. Ён падкрэсліваў, што погляд кожнага з нас мае права на існаванне. Гэты курс падаўся адным з самых карысных і цікавых. Да ўсяго, асабіста мне значна лягчэй даецца праца, калі я бачу карцінку. Алег Ігаравіч і мой выкладчык кампазіцыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Віктар Войцік гавораць, што ў гэтым кірунку ў мяне ёсць перспектывы.

Хтосьці з маіх аднакурснікаў больш “засвяціўся”. Напрыклад, творы Андрэя Цалко ўжо выконваюць у філармоніі. Я ж толькі пачынаю свой шлях. Вось, на замову ад сяброў стварыла дзевяць песень для фартэпіяна для дзіцячай музычнай казкі. Іх можна лёгка выконваць у дзіцячых садках ці школах. Плануецца, што тэкст і ноты будуць выдадзены асобнай кніжкай.

Дзеці падрастаюць, таму я магу адчуваць сябе больш вольна, каб удзельнічаць у конкурсах. Сёлета маю кампазіцыю на верш Максіма Танка “Шчасце” адабралі для выканання ў зборным канцэрце маладых кампазітараў у Пецярбургу. Я вельмі рада, што ля Нявы будзе гучаць беларуская мова. Цяпер вядуцца перамовы з аркестрам у Харватыі, якім спадабалася мая дыпломная праца “Трыумф жыцця”. Спадзяюся, маю музыку пачуе як мага больш людзей. Хочацца, каб тыя шчырыя эмоцыі, якія я ўкладаю ў свае творы, адгукнуліся ў іх сэрцах.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"