Паколькі будынак ТЮГа з’яўляецца помнікам архітэктуры і ўтварае адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з групай памяшканняў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, знешняе аблічча тэатра будзе захавана цалкам. “Прырасце” тэатр за кошт чатырохпавярховай прыбудовы, што будзе ўзведзена на месцы цяперашніх тэатральных цэхаў: у ёй размесцяцца адміністрацыя, слясарныя, сталярныя майстэрні ды іншыя службы тэатра.
А вось глядзельная зала і сцэна пасля рэканструкцыі свой выгляд зменяць. У зале крыху зменшыцца колькасць глядацкіх месцаў — за кошт таго, што згодна з патрабаваннямі пажарнай бяспекі будзе пашырана адлегласць паміж радамі крэслаў, а таксама з’явіцца гасцявая ложа на 15 — 20 месцаў. Сцэнічная ж гаспадарка набудзе найновую тэхнічную “начынку” і стане цалкам камп’ютэрызаванай — абсталяванне для яе плануецца закупіць у Германіі. А яшчэ ў тэатры зноў з’явіцца аркестравая яма.
Пакуль ТЮГаўскія “пенаты” будуць набываць сваё абноўленае аблічча, калектыў тэатра плануе актыўна гастраляваць. Прычым не толькі па роднай Беларусі — на сённяшні момант тэатр мае запрашэнне на гастролі ў канцы года ў Азербайджане. Але ж галоўнымі маршрутамі тэатра застануцца, безумоўна, айчынныя тэатральныя пляцоўкі. Так што, лавіце момант, сябры, каб убачыць спектаклі сталічнага ТЮГа на сцэне свайго населенага пункта.
Ул. інф.