Калі зямля рухаецца

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

На пытанні “К” пра традыцыі продкаў адказвае дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана КАРЖУК
Нашы абласныя метадычныя цэнтры даўно не маюць у назве слова “навуковы”. Слова забралі, аднак функцыю навуковую не адмянілі. Дый як яе можна праігнараваць, калі экспедыцыі, збор звестак пра носьбітаў традыцыі, манеру іх творчасці ў спевах, танцах, рамястве, кулінарыі, вусным расповедзе — як і фіксацыя ды аналіз з інтэрпрэтацыяй вынікаў той творчасці — і ёсць найпершы навуковы складнік любой установы, які прэтэндуе на пэўнае абагульненне і прагноз у сферы рэгіянальнай культуры. Такім красамоўным абагульненнем сталі для мяне цудоўныя выданні па нацыянальным касцюме Брэстчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны… Чым заняты метадысты сёння, якія праблемы аналізуюць, каб паспяхова іх вырашыць. Пра гэта — у інтэрв’ю.

/i/content/pi/cult/734/15956/16.JPG— Гаворка ў нас сёння пойдзе пра аўтэнтыку, фальклор. Давайце спачатку, Святлана Валянцінаўна, у тэрміналогіі вызначымся. Аўтэнтычны гурт і фальклорны — адно і тое ж?

— Думаю, што не! Аўтэнтычны — гэта тое самае, што і фальклорны. А вось фальклорны не заўсёды бывае аўтэнтычным. Скажам, аўтэнтычны танец, адаптаваны па розных прычынах да сцэнічнага выканання, застаецца фальклорным.

— Аўтэнтыка пакрысе знікае, фальклор застаецца… Аўтэнтычнае мастацтва і традыцыйнае — сінонімы?

— Не! Пра аўтэнтычнае мастацтва я ніколі не чула, а пра традыцыйнае — чула!

— Колькі ў вобласці аўтэнтычных калектываў? І калі ўвогуле пайшла гаворка пра важнасць захавання спеўнай і танцавальнай традыцыі? Інакш кажучы, у якіх, цікава, гадах з’явіліся першыя гурты бабулек, што пачалі са сваім традыцыйным матэрыялам асвойваць савецкую клубную сцэну? Па колькі ім тады было гадоў?

— Колькі ў свой час было гарачых дэбатаў ды навуковых даследаванняў, каб падзяліць такія гурты на аўтэнтычныя і фальклорныя! Але мы вылучылі з 128 калектываў 25 аўтэнтычных ансамбляў. Калі ў 1994 годзе я прыйшла працаваць у нашу ўстанову метадыстам, то фальклорныя гурты ўжо выступалі на клубных сцэнах. Я мяркую, што распачалося гэта гадоў 40 — 50 таму. Прыкладна столькі ж (калі не менш) было тады і іх удзельнікам.

— Ці не даследавалі вы стаўленне грамады да традыцыйнай спадчыны? Можа, ёсць тут заканамернасці ў спадзе цікаўнасці ці яе росце?

—У 2009 годзе ў нас пры АГКЦ нарадзіўся вельмі цікавы праект па захаванні нашай культурнай спадчыны пад назвай “Рух зямлі”. Гэта цыкл фальклорна-этнаграфічных канцэртаў, падчас якіх мы цалкам паказваем абрадавае кола беларусаў, самыя цікавыя абрады, якія бытуюць на Берасцейшчыне, пазаабрадавы фальклор, найбольш адметныя аўтэнтычныя і фальклорныя гурты. Усяго ў нас за гэты час прайшло каля 30 такіх імпрэзаў. І менавіта яны сталі сапраўдным індыкатарам цікавасці грамады да традыцыйнай спадчыны, бо з кожным канцэртам колькасць наведвальнікаў расла. Мне ўвогуле здаецца, што людзі ўсё актыўней сталі цікавіцца сваімі каранямі. І па гэтай прычыне шмат розных ініцыятыў узнікае па вобласці.

/i/content/pi/cult/734/15956/15.jpg— Колькасць аўтэнтычных гуртоў павялічваецца — ці ўсё ж заўважны іх заняпад? Не задаваў бы гэтае дылетанцкае пытанне, калі не бачыў бы на ўласныя вочы пэўнай долі фармалізму пры стварэнні ды “куратарстве” так званых спадарожнікавых дзіцячых калектываў, якія павінны бабульчыну традыцыю ўмацоўваць і развіваць. Як вы можаце даказаць, што такі фармалізм на Брэстчыне адсутнічае?

— Адсутнічае. На 100 адсоткаў упэўнена! У нас гарманічна прыжылося абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак”, у межах якога ладзіцца конкурс дзіцячых фальклорных калектываў. Дык вось, я на ўласныя вочы бачу цікаўнасць дзяцей да культуры сваіх бабуль, прабабуль, усведамленне значнасці іх традыцый. Таксама грэе душу і тое, што колькасць дзіцячых фальклорных гуртоў з кожным абласным конкурсам павялічваецца. А агеньчыкі ў дзіцячых вачах, калі яны выконваюць старадаўнюю песню ці танчаць “лысага” з “падэспанем”, з’яўляюцца для нас крыніцай натхнення! Вось днямі праводзілі этнадыскатэку “Час вяртання” падчас свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, якое традыцыйна ладзім з 2011 года. Дык дзеці з вёскі Хмелева Жабінкаўскага раёна такія выпісвалі выкрунтасы! Глядзець на іх было адным замілаваннем !

— З вашага дазволу яшчэ адна нізка дылетанцкіх пытанняў. Традыцыя нараджаецца раз і назаўжды? Маю на ўвазе вось якую сітуацыю. Бісерапляценне ніколі не было ўласцівым для нас, беларусаў, рамяством. Але сёння ім займаюцца ў пэўных раённых дамах рамёстваў. Вельмі арыгінальныя нацыянальныя арнаменты атрымліваюцца. Ці можа бісерапляценне стаць цягам вякоў нашым традыцыйным рамяством? Або такая эвалюцыя — немагчымая па вызначэнні, бо карані ніколі не прарастаюць на ствале?

— Бісерапляценне — гэта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, не народнае. Але па меркаванні этнографа Марыны Марчук, некалі яно можа стаць традыцыйным рамяством. Культура не мае межаў!

— Ёсць, скажам, на вёсцы вакальны ансамбль. У яго складзе — бабуля, бацька, маці, з горада наязджаюць сын і дачка. Калі збіраюцца разам — спяваюць суладна, прыгожа. Раптоўна памірае бацька. Сямейны гурт спрабуе спяваць па-ранейшаму. Ён перастаў быць аўтэнтычным па манеры выканання?

— Не! Я з вамі не згодна! Гурт застаецца і манера выканання абсалютна захоўваецца. Як было раней? Старыя паміралі, а на іх месца прыходзілі маладыя. Кола жыцця! Калі б было так, як вы гаворыце, то мы б наогул нічога не захавалі.

— Украінскі глінамес Мікола Пушкар пераязджае ў Мазыр — і праз нейкі час ягоныя фігуркі называюць “хрэстаматыйнымі выявамі беларусаў”. Хто назаве сёння школу Пушкара ўкраінскай? Гэта адзін з прыкладаў удасканалення беларускай традыцыйнай керамічнай школы?

— Пра Мазыр я казаць не буду. Магу вам распавесці пра нашы берасцейскія ганчарныя традыцыі! У нас на Століншчыне, у Гарадной, ганчарная традыцыя жыве ў першародным выглядзе ажно з XV стагоддзя! Мы ёю ганарымся, захоўваем — але разам з тым шукаем шляхі, якімі маглі б спалучыць традыцыю і сучаснасць! Каб вырабы сталі запатрабаванымі! Ладзім Міжнародныя пленэры ганчароў — ужо правялі шэсць такіх мерапрыемстваў. На 2019 год у Гарадной запланавалі абласны семінар-практыкум па тэме “Функцыянальнасць і дэкаратыўнасць у сучасным традыцыйным ганчарстве Беларусі”.

— “Берагіня” патрабуе штогадовага працягу хаця б таму, што фестывальнымі днямі ажывае аўтэнтыка традыцыйнага мастацтва, якая для моладзі нашай большага працягу не мае.

— Чаму не мае? Безумоўна, “Берагіня” — гэта вельмі важны культурны форум, на які нашы калектывы едуць з задавальненнем і які трэба падтрымліваць. Таксама дзеці вобласці ўдзельнічаюць у шматлікіх фестывалях і святах. Акрамя абласных і рэгіянальных, многія дзіцячыя фальклорныя гурты Берасцейшчыны ездзяць да Дарафея Фіёніка на Падляшша — на тыя імпрэзы, якія ладзіць “Музей Малой Айчыны”. І вяртаюцца адтуль пад моцным уражаннем ад працы па захаванні традыцый продкаў! І ўсё гэта закладвае ў іх дзяцячых душах упэўненасць, што яны робяць вялікую патрэбную ўсім справу. Яны, натуральна, не памыляюцца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"