Музей зачынены на зіму

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Цяперашнія Іванічы — гэта зусім ужо малая радзіма. Зрэшты, і ў найлепшыя свае часіны вёска не магла пахваліцца вялікай колькасцю насельніцтва. Можа, таму і культурных устаноў у ёй ніколі не было надта шмат. Але размаўляючы з яе жыхарамі, я зразумеў, што культура ім вельмі патрэбная. Як цяжкахворыя чапляюцца за жыццё, гэтак — ужо прабачце за такое параўнанне — іванічане трымаюцца за культуру, якая не дае памерці іх душам. І па меры ўласных сіл ды магчымасцяў захоўваюць яе ды імкнуцца развіваць. Гонар ім ды хвала!

/i/content/pi/cult/734/15954/13.jpgРаздзел — або, міжсобку, музей

Педагог па першай адукацыі, у сферы культуры Ларыса Арэхава працуе з 2011-га. Цяпер яна атрымлівае другую адукацыю — у Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, на спецыяльнасці “Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў”. А вярнулася яна ў Іванічы, у якіх расла, з Мінска, дзе выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру. У вёсцы спадарыня Арэхава заняла пасаду мастацкага кіраўніка мясцовага Сельскага дома фальклору, а ўжо праз год стала яго дырэктарам і працягвае ім заставацца (з перапынкам) па сённяшні дзень.

Пасля аптымізацыі 2013 — 2014 гадоў СДФ быў далучаны да Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея і цяпер мае афіцыйны статус раздзела яго экспазіцыі народнага побыту. І гэта адзіная ўстанова культуры ў вёсцы: некалі дзейная тут бібліятэка ўжо даўно перавезла свае фонды ў Чэрвеньскую цэнтральную раённую.

— Але ўлетку жыццё тут віруе, — кажа Ларыса Мікалаеўна. — Гэтаму спрыяе геаграфічнае становішча: мы ж размешчаныя прама на трасе Мар’іна Горка — Чэрвень, пад’езды да нас вельмі добрыя. Ёсць больш-менш уладкаваныя месцы адпачынку на беразе ракі Волма. А паколькі ў раёне ў летнюю пару года праходзіць шмат мерапрыемстваў і раённага, і абласнога значэння, людзі абавязкова завітваюць і да нас.

Цяпер у вёсцы пастаянна жыве каля ста чалавек, у асноўным, пенсійнага веку. Але ўлетку колькасць насельніцтва няхай і часова, але ўзрастае — за кошт гараджан, якія тут адпачываюць. Некаторыя прыезджыя пасяляюцца ў мясцовых жыхароў, а ёсць і тыя, хто наогул купіў або пабудаваў тут дом — або атрымаў яго ў спадчыну.

Таму ў чэрвені — жніўні зусім іншая атмасфера пануе ў Раздзеле. Усё ж, не толькі прыезджым плёскацца ў рацэ і смажыцца пад сонцам — яны i да тутэйшай культуры паспяваюць далучыцца. Спадарыня Арэхава нават праводзіць для іх экскурсіі. І распавядаючы пра народны побыт на прыкладзе якіх-небудзь экспанатаў, дазваляе сякія-такія з іх патрымаць у руках. Таксама ладзіць дырэктар і майстар-класы па працы на прасніцы.

— У музеі — як мы паміж сабою называем наш Раздзел — ёсць прадметы вельмі старадаўнія! — з гонарам паведамляе спадарыня Арэхава. — Так, на велізарным куфры вытаўравана “1726”. Хутчэй за ўсё, гэта дата яго вырабу. Гэтаму абрусу — больш за два стагоддзі, а жаночым касцюмам — дакладана болей за сто гадоў.

Але праходзіць лета, і струмень наведвальнікаў у музеі паступова высыхае. Мясцовае насельніцтва вывучыла яго ўздоўж і ўпоперак, а старонніх экскурсій амаль не бывае. Дамовіцца аб наведванні Раздзелу на рэгулярнай аснове хаця б школьнікамі Чэрвеня пакуль не ўдалося.

— Былі ў нас некалькі разоў — і ўсё, — сумна канстатуе Ларыса Мікалаеўна. — А я ж бачыла, што дзецям тут было цікава. І ехаць ім сюды ўсяго-нічога — якіх-небудзь сем кіламетраў. Вёска знаходзіцца ля ажыўленай аўтамабільнай трасы, таму трэба, напэўна, паспрабаваць завабліваць наведвальнікаў праз турагенцтва — у Чэрвені, па-мойму, адно ёсць.

Гурт, якi ёсць. І якога няма

На базе музейчыку працуе ўзорны фальклёрны гурт “Вечарына”. І яго ўдзельнікі не проста спяваюць, танчаць ды распавядаюць прыказкі, але і паказваюць цэлыя абрады. І ніколі яны не праходзяць фармальна - “не выходзячы” з памяшкання або ў яго двары — але дэманструюцца ў максімальна аўтэнтычным выглядзе. Калі дзея павінна адбывацца ў полі — там яна і адбываецца. А можа, напрыклад, перацякаць ад адной хаты да іншай, аба-
вязкова захопліваючы ўсіх, хто патрапіцца на шляху — у тым ліку, і тых жа “дачнікаў” або часовых насельнікаў вёскі. Атрымліваецца сапраўдны інтэрактыў!

І ўсё было б добра, але… Як выявілася, вядомы далёка не толькі ў сваёй акрузе ансамбль дэ-юрэ як бы не існуе: ён цяпер “не праходзіць” ні па якіх паперах.

— Так, яго як быццам і няма, — сцвярджае дырэктар. — Справа ў тым, што ў функцыі Раздзелу музея не ўваходзіць утрыманне гурта, — тлумачыць яна. — А іншыя раённыя ўстановы культуры, якія знаходзяцца недалёка ад нас і да якіх можна было б ансамбль афіцыйна прыпісаць, аформіць яго існаванне дакументальна, мабыць, не выказалі жадання. Пры гэтым, калектыў, як разыначку Чэрвеньскага раёна, працягваюць запрашаць на разнастайныя імпрэзы — на што мы, вядома ж, пагаджаемся. Такая склалася парадаксальная сітуацыя.

І яшчэ адна “сітуацыя”. Упершыню за ўсю сваю гісторыю гэтай зімой Раздзел (які, нагадаю, утрымлівае ўнікальныя артэфакты) не працаваў — не знайшлося для яго апальшчыка, які б печку затапіў…

— Не знаходзяцца грошы і на хаця б касметычны рамонт музея, няма ў нас вадаправоду, — прызнаецца ў сваіх праблемах Ларыса Арэхава. — Раней, калі мы былі клубам і Домам фальклору, становішча было лепш. Мабыць, усё правільна, калі ўстанова неакупляльная?

Але не думаю, што можна з такой высноваю пагадзіцца.

Чырвонае і чорнае

Марыя Карасік 35 гадоў прапрацавала даяркай на ферме, а, выйшаўшы на пенсію, зноў вярнулася да дзіцячага хобі — вышыўцы роўняддзю, крыжом і касічкай.

— Не магу без яе, — прызнаецца кабета. — Калі пачынаю нешта вышываць, то пакуль не скончу працу, з месца не ўстану — будзь хоць за поўнач. А вышываю я амаль кожны дзень — сурвэткі, ручнікі, абрусы, касцюмы для нашага ансамбля.

Пра Марыю Фёдараўну і яе ўмельства пісала раённая газета, ёй неаднаразова прапаноўвалі выстаўляцца, але яна адмаўлялася:

— Здароўе не тое, каб паказваць такім чынам свае рэчы на людзях — надта расхвалявалася б!

У працы яе любімыя колеры — чырвоны і чорны. “Яны абодва ўласцівыя вышыванню на Міншчыне”, — мяркуе майстрыха.

— А што адрознівае культуру Іванічаў? — спытаў я ў яе. І пачуў такі каментарый...

Каментарый Марыі Карасік:

— Мы нібы пасірацелі, калі на зіму зачынілі наш музей! У ім ёсць невялічкая заля і сцэна, ансамбль там рэпетуе і дае канцэрты. А мы, яго ўдзельнікі, вымушаныя былі збірацца па хатах. Нам абяцаюць, што вясной музей зноў запрацуе — і вельмі на гэта мы спадзяёмся!

Я ведаю, што ў Беларусі клубы ў вёсках зачыняюцца, асабліва ў тых, дзе жыхароў амаль не засталося. Але калі б вы ведалі, як нам патрэбны клуб! Нам, нават такім ужо старэнькім! Не ўсё ж у тэлевізар пяліцца ды па гаспадарцы важдацца — сілы ўжо не тыя, каб ад відна да відна спіну гнуць. Душа песень просіць, зносін з сяброўкамі, і не толькі па ўласных хатах. Пагатоў, у вёску і самадзейныя артысты, здараецца, заязджаюць. Вось калі ў нас свята сапраўднае настае!

* * *

Іванічы сталі для мяне прыкладам таго, як, здавалася б, у вельмі нялёгкай сітуацыі работнікі сельскай культуры не зацыкліваюцца на негатыве, а робяць тое, што лічаць патрэбным і важным. І для сябе, і для сваіх аднавяскоўцаў — і, у рэшце рэшт, для Беларусі. Здымаю перад імі ўяўны капялюш і ў бязмернай павазе схіляю галаву.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"