Нерукатворныя помнікі Песняру

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да 6 сакавіка можна наведаць выставу мастацкай фатаграфіі “Дрэвы, якія памятаюць Купалу”. Яе куратар Альберт Цэхановіч прапануе пераасэнсаваць жыццё і творчасць беларускага класіка праз фотаздымкі яго родных мясцін.

/i/content/pi/cult/734/15952/11.jpgАльберт Цэхановіч пачаў супрацоўнічаць з музеем у 1995 годзе, калі яго запрасілі паздымаць Вязынку. Аднак потым, як прызнаецца сам фатограф, ён пачаў бачыць там штосьці большае за прадметы побыту і ландшафты, якія акружалі паэта. На працягу 20 гадоў працы з гэтай тэмай спадар Альберт рэгулярна выбіраўся на пленэры па купалаўскіх мясцінах — спачатку самастойна, а потым з жонкай і сябрамі з Саюза фотамастакоў. Яны завіталі ў Акопы, Харужанцы, Бяларучы, Карпiлаўку і мноства іншых, куды менш вядомых мясцінаў, якія памятаюць Песняра. На выставе можна пабачыць вынікі апошніх “вылазак” як самога Цэхановіча, так і Марыны Бацюковай, Вячаслава Бахметава, Яўгена Гараўскага, Жанны Мяленцьевай, Вольгі Сяргеевай.

— Ад аўтэнтычных пабудоў у мясцінах, звязаных з творчасцю і жыццём Янкі Купалы, мала што засталося. Прыязджаеш туды, дзе некалі знаходзіўся фальварак або вёска — а там цяпер толькі дрэвы стаяць. І гэта як падказка, што тут быў парк ці алея, — кажа куратар выставы.

Менавіта на такіх “падказках” і будуецца экспазіцыя. Радуе тое, што ўсе фатографы пазбеглі паштовачнага фармату. Выставу вылучае яе натуральнасць, рукатворнасць, увага да дэталяў — малюнку светлаценяў, перакрыжаванняў галін дрэваў. Дрэвы Купалы, дарэчы, на здымках падаюцца вельмі тактыльнымі, і гэтае пачуццё невыпадковае. Усе фатаграфіі ў экспазіцыі былі надрукаваныя ўручную і рознымі аўтарскімі тэхнікамі.

— Для нас вельмі важна, каб зберагалася не толькі культурная спадчына, але і традыцыйныя фатаграфічныя тэхналогіі,  — распавядае спадар Альберт. — Частка экспазіцыі — срэбныя адбіткі на барытавай паперы. Ёсць таксама і цыанатыпія і нават звычайныя срэбныя адбіткі, якія фатографы фарбавалі алеем.

На фотаздымках мы бачым толькі зафіксаванае імгненне — і дакладна ведаем, што яно ніколі не паўторыцца. Але ж дрэвы Купалы стаяць больш за сто гадоў, і іх імгненне будзе цягнуцца стагоддзямі. Таму галоўнай задачай фатографаў было не затрымаць час, а вярнуцца ў мінулае, паспрабаваць дапамагчы гледачу пабудаваць у галаве тую рэальнасць, якой жыў Купала.

— Гэта праект — таксама і пра беларускую ідэнтычнасць. Я лічу, што дрэвы — нерукатворныя помнікі. Як Янка Купала ўвайшоў у наша сэрца, так і дрэвы сышлі каранямі ў зямлю. Таму мне б хацелася паказаць гэтую выставу не толькі ў Беларусі, — каментуе фатограф Марына Бацюкова.

У музеі прадстаўлена 29 прац, але шмат матэрыялу не ўвайшло ў экспазіцыю па відавочнай прычыне — ім проста не хапіла месца. Аднак Альберт Цэхановіч адзначае, што праца над праектам не скончана: на гэты год плануюцца пленэры ў тых мясцінах, дзе фатографы яшчэ не былі. А некаторыя са здымкаў з сёлетняй экспазіцыі будуць падораныя музею.

Фота Веранікі ВЕЛЬБ

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"