Страта

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

МІРОНАЎ Валерый Паўлавіч 27 ліпеня 2008 г. на 82-ім годзе пайшоў з жыцця выдатны танцоўшчык, народны артыст Беларусі Міронаў Валерый Паўлавіч.

 /i/content/pi/cult/170/1595/Strata.jpg
Выхаванец Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча, Валерый Міронаў больш за 20 гадоў з’яўляўся адным з вядучых салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. З 1947 па 1969 гады танцоўшчык стварыў шэраг незабыўных сцэнічных вобразаў, сярод якіх — Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц з балетаў П.Чайкоўскага "Лебядзінае возера", "Спячая прыгажуня", "Шчаўкунок", Вацлаў ("Бахчысарайскі фантан" Б.Асаф’ева), Гармодзій ("Спартак" А.Хачатурана), Салор ("Баядэрка" Л.Мінкуса) і інш. Сваёй творчасцю В.Міронаў адыграў асаблівую ролю ў развіцці і станаўленні нацыянальнай харэаграфіі. Выкананыя ім партыі Васіля ў спектаклі "Князь-возера" В.Залатарова, Алеся ў "Святле і ценях" Г.Вагнера ў многім садзейнічалі беларускаму тэатру ў цэлым набыць сваё асаблівае творчае аблічча, свой асаблівы непаўторны стыль.
Валерый Міронаў быў сярод тых артыстаў-наватараў, якія сваім майстэрствам стваралі на балетнай сцэне нацыянальную вобразнасць, асвойвалі новыя прыёмы паэтычнага абагульнення законаў харэаграфічнай драматургіі, шукалі і пашыралі спектр выразных сродкаў, жанравай і стылістычнай тэматыкі беларускай харэаграфіі.
Доўгія гады ўсе свае веды і вопыт Валерый Міронаў аддаваў сваім вучням, з’яўляючыся выкладчыкам Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. Пры гэтым танцоўшчык усім сэрцам быў адданы тэатру. Нават пасля сыходу з вялікай сцэны артыст яшчэ доўгія 30 гадоў працаваў у спектаклях тэатраў балета і оперы на невялікіх ролях.
Творчая і педагагічная дзейнасць Валерыя Міронава сыграла важную ролю ў справе захавання і развіцця нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва.
Светлая памяць пра Валерыя Міронава назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

У.МАТВЕЙЧУК, У.РЫЛАТКА,
В.ЕЛІЗАР’ЕЎ, Ю.ТРАЯН,
Л.БРЖАЗОЎСКАЯ, Т.ЯРШОВА,
Т.ШАМЕТАВЕЦ, В.ГАЯВАЯ,
В.ДУДКЕВІЧ, З.ДУСЕНКА