Талеркі на мове

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Стартаваў новы сезон “Беларускіх уікэндаў” — праекта, які прадугледжвае пераклад папулярных замежных кінастужак на беларускую мову. З сакавіка дэманстрацыя фільмаў у новай агучцы на нашай роднай мове будзе праходзіць паралельна ў Мінску і Гродне.

/i/content/pi/cult/734/15944/3.JPGЖыццяздольнасць ініцыятывы, што пачалася ў 2016-м намаганнямі кампаній “Кінаконг” і velcom, даказана не адно высокімі словамі, але і рублём — прыязнасцю публікі, гатовай купляць квіткі і прыходзіць на прагляды. За гэты час было нанова агучана больш за 20 стужак, праведзена больш як 550 сеансаў, што сабралі каля 57 тысяч гледачоў. І не толькі “прасунутых” сталічных, але і ў іншых гарадах ды абласных цэнтрах. Прэм’ера беларускамоўнай версіі фільма “Мой сябра жырафа” ўвогуле ладзілася ў Віцебску. Дарэчы, паводле падлікаў сталічнага кінапракату, згаданая стужка стала адной з самых касавых. Больш за тое, заняла месца ў першай пяцёрцы найбольш фінансава паспяховых паказаў. Уражвае?

Наперадзе — агучка на мове знакамітай фэнтэзі-трылогіі “Уладар пярсцёнкаў”, іншыя цікавыя планы. У тым, што арганізатарам хапае не толькі перспектыўных ідэй, але і крэатыўнага падыходу да чаго заўгодна, пераканала чарговая прэс-канферэнцыя, зладжаная днямі ў форме вечарыны. Бо акрамя ўласна інфармацыі, выкладзенай максімальна сцісла і дакладна, журналісты атрымалі некалькі майстар-класаў — па сумежных, так бы мовіць, прафесіях. Па-першае, можна было самастойна распісаць-размаляваць талеркі, без біцця якіх не абыходзіцца пачатак здымак ніводнага фільма. Па-другое, на свае вочы-вушы ўбачыць-пачуць, як робіцца агучка. А галоўнае — зразумець, як змяняецца не толькі настрой, але і сам жанр кіно ад галасоў. Ну, а тое, што “галасамі” паўсталі артысты двух нацыянальных тэатраў — імя Янкі Купалы і Максіма Горкага, а таксама дзве артысткі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, надало імпрэзе адценне творчага спаборніцтва. І стала зразумела, што “лялечнікі”, хаваючыся за шырму ці за сваіх персанажаў і імгненна змяняючы свае галасы, ледзь толькі ў руках апынаецца новы герой, працуюць быццам на некалькіх працах адначасова. Але гэта ўжо крыху іншае “кіно”...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"