Геній месца: Чэслаў Немэн

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Сёлета і ў Польшчы, і ў Беларусі адзначаюцца 80-я ўгодкі з дня нараджэння знакамітага музыканта, філосафа, мастака, ураджэнца вёскі Старыя Васілішкі Гродзенскай вобласці Чэслава Немэна. Адным з важкіх эпізодаў святкавання стала выданне прысвечанай Немэну кнігі, якая запачаткавала плануемую серыю Genius loci (“Геній месца”), прысвечаную нашым землякам, якія праславіліся па-за межамі радзімы.

/i/content/pi/cult/734/15943/Nemen book106_opt.jpegКніга пра Чэслава Немэна была задумана больш за два гады таму журналісткай Верай Савінай (ідэя, тэксты) і фотамастаком Віталем Раковічам (макет, дызайн). Рэдактарам выдання выступіў цяперашні начальнік аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці Шчучынскага райвыканкама Аляксандр Амшэй. Аўтары кнігі адшукалі шмат архіўных фотаздымкаў, неаднаразова наведваліся ў Старыя Васілішкі. Багата часу адняла рэдактура і падрыхтоўка макета — варыянтаў было ажно некалькі дзясяткаў!

І ў выніку электронны варыянт кнігі быў прадстаўлены на сёлетнім кніжным кірмашы ў Мінску, а ўжо 16 лютага, у дзень народзінаў Немэна, — у Шчучыне падчас вялікага канцэрта, прысвечанага дню народзінаў музыканта. На гэтых урачыстасцях прысутнічаў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь спадар Артур Міхальскі.

У кнізе аб’ёмам у 136 старонак распавядаецца пра дзіцячыя гады Чэслава Немэна ў Старых Васілішках, творчасць выканаўцы, гісторыю стварэння ягонага дома-музея — дарэчы, ці не адзінага ў свеце музея, адкрытага ў бацькоўскім доме рок-выканаўцы. Асобны раздзел прысвечаны гісторыі аргана XVIII стагоддзя ў мясцовым касцёле святых Пятра і Паўла — інструменту, на якім іграў бацька нашага земляка Антон Выджыцкі. Гэта адзін з трох ацалелых у Беларусі барочных інструментаў. Ягоным вяртаннем з небыцця займаліся маскоўскія спецыялісты Дзмітрый Лотаў і Уладзіслаў Іодзіс. Дзякуючы ім арган цяпер гучыць як падчас службы, так і на канцэртах.

Усе раздзелы ілюстраваныя архіўнымі ды сучаснымі фотаздымкамі. Адразу пасля з’яўлення гэтага, безумоўна, каштоўнага выдання інфармацыя пра яго хутка разнеслася нават па-за межамі нашай краіны. Ужо вядома, што адно з польскіх выдавецтваў разглядае магчымасць перавыдання кнігі для тамтэйшай аўдыторыі.

Вера Савіна, якая ачольвае створаную пры доме-музеі грамадскую апякунчую раду, упэўнена, што неўзабаве адкрыюцца новыя падрабязнасці жыцця Чэслава Немэна на радзіме. Нездарма ж адносна нядаўна на гарышчы будынку пад слоем смецця былі адшуканыя школьныя сшыткі нашага земляка, а таксама негатывы фотастужак, рэстаўрацыя якіх можа прынесці чарговыя сюрпрызы.

Сёння можна ўпэўнена казаць, што паўстанне дома-музея і адраджэнне аргана паўплывалі на само жыццё Старых Васілішак, дзе насельнікаў засталося ўсяго 33. Але толькі апошнім часам там было набыта восем закінутых хат! А колькасць турыстаў, якія наведваюць вёску, у 2018-м дасягнула сямі тысяч чалавек. Прычым гэта былі турысты не толькі з Беларусі, Польшчы ды Расіі, што можна лёгка патлумачыць, але і з такіх краін, як Кітай або Кенія.

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ