... дзясятая прыступка па дняпроўскай “лествіцы

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Міжнародны фестываль, які штогод ладзіць культурна-асветніцкі цэнтр “Лествіца” ў горадзе Дняпро (былы Днепрапятроўск, былы Екацярынаслаў) я наведваю ахвотней за іншыя. Прычынай гэтаму непрадузятасць у рашэннях журы, і ўвогуле — там больш душэўна. На паліцы ўжо дзве — сярэбраная и бронзавая — галоўныя ўзнагароды (зямны шар, абвіты кінастужкай-“лествіцай” — аўтарская праца выдатнага скульптара Сяргея Збітнева) і два спецыяльныя прызы журы. Адзін ужо з апошняй “Лествіцы — 2019” за фільм “Ігар Лучанок. Пра песні, Радзіму і сяброў”. Ён аздобіць і без таго багатую выставу “трафеяў” у офісе “Майстэрні Уладзіміра Бокуна”, пад дахам якой ствараўся гэты фільм. Сёлетняя “Асамблея на Дняпры” юбілейная: гэта ўжо…

/i/content/pi/cult/733/15938/19.JPGУ апошні дзень “Асамблеі” перад пачаткам праглядаў мяне ў фае перахапіла жанчына сталага ўзросту і паказала канверт ад старой вінілавай грамплыты фірмы “Мелодыя” з трэцяй праграмай “Песняроў”. Яна ў мінулым годзе апладзіравала нашаму фільму “Пясняр. Сэрцам і думамі”, які ўзяў першы прыз. А некалі
даўно была на канцэрце “Песняроў”, якія гастралявалі ў Днепрапятроўску, і папрасіла ў артыстаў аўтографы. На канверце — подпісы Валодзі Мулявіна, Вадзіма Касэнкі, яшчэ некага з артыстаў — здаецца, Барткевіча. Ну, як такое можа не ўзрушыць?

Аншлагі — усе чатыры дні!

Кошт квітка — літаральна “капеечны”. Дакладны псіхалагічны разлік: чалавек, аддаўшы хаця б пару крэўных грыўняў, абавязкова дасядзіць да канца сеанса, а тое і поўны працоўны дзень.

Гледачы горача апладзіравалі і актыўна задавалі творцам пытанні — разумныя і цікавыя.

Пераможцы і тыя, што ўразілі

Пэўную частку прац не магу назваць фільмамі: гэта маналогі герояў (“Кропка апоры Мікалая Даненкі” — разважанні крымскага святара) або нязмоўчны закадравы дыктарскі тэкст — і пад такую моўную фанаграму ідуць фота- ці відэаілюстрацыі. Але гэта не зніжае цікавасці падобных прац.

“Кіева-Пячорская лаўра. Фатаграфія тысячагоддзя” (Украіна, тэлеканал “Інтэр”, 2-гі прыз “Смарагдавая лествіца”) — гісторыя сусветна вядомай святыні. Стваральнікі вядуць гледача туды, куды простым наведвальнікам уваход забаронены: у Дальнія пячоры. Мы даведваемся пра такія факты і таямніцы, што паўтары гадзіны прагляду праходзяць незаўважна.

Сур’ёзны прынцыповы канал “Інтэр” (Украіна) прадставіў яшчэ тры фільмы: “Людзі Перамогі. Ні кроку назад”, “Ватуцін” і “Пётр Талочка. Падручнік гісторыі”. У першым паказана супрацьстаянне ветэранаў Вялікай Айчыннай і ўвогуле сумленных людзей замоўчванню праўды аб вайне і спробам перапісаць яе гісторыю. У другім расказваецца пра генерала, які вызваліў ад фашыстаў Кіеў. Уражвае эпізод, калі пасля нядаўняга перайменавання праспекта нехта пад кожнай — кожнай! — шыльдачкай прыклеіў кардонку з былой назвай — праспект Ватуціна.

/i/content/pi/cult/733/15938/20.JPGГэтым фільмам усе гледачы дружна і доўга апладзіравалі — вялікі заслужаны гонар! Спецыяльны прыз прыняў галоўны рэдактар канала Антон Нікіцін. Ён сказаў мне, што тры тамы “Гісторыі Айчыннай вайны на тэрыторыі Украіны” — ужо ў нашым музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а апошні, чацвёрты, папрасіў перадаць.

“Доўгая дарога ў вайну” (Сербія, спецыяльны прыз “Лепшы гісторыка-дакументальны фільм”) — бліскучы і падрабязны ланцуг падзей у гісторыі Сербіі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да Першай сусветнай. Сотні метраў высокаякаснай, амаль спрэс невядомай кінастужкі з архіваў Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Францыі, Польшчы, Расіі набылі сербы, плацячы недзе сем — восем долараў за хвіліну. Падкрэсліваю: менавіта кінастужкі — яна, як высветліў час і як я сам пераканаўся, усё ж аказалася найбольш даўгавечнай. Гэты 117-хвілінны фільм — манументальная ёмістая фрэска, якую па дадзенай тэматыцы ўжо, пэўна, не пераўзысці.

У фільмах і ў зносінах мы адчувалі, з якой надзеяй, любоўю і сардэчнасцю ставяцца да нас, братоў-славян, сербы! Сімвал гэтай краіны — “Сербія ў крыжы”. У кожным сектары-квадраце крыжа слова з літарай “с”: Само (толькі), Слога (адзінства), “Србіна (Сербію), “Спашава” (выратуе). Вось яна, нацыянальная ідэя!

Рослая прыгажуня-сербіянка Мілана Маяр у сваёй заўсёднай гарэзлівай кепачцы з казырком набок — здавалася б, знешне легкадумная, але які боль у яе фільмах! Яна нарадзілася ў Сербіі, таму вайна там — яе балючая тэма. У мінулым годзе ў Дняпры адзначылі прызам карціну пра баі, у гэтым годзе — стужку “У тваіх руках” пра мінулыя страты і наладжванне цяпер спакойнага жыцця. І дасюль ёй сніцца, прызналася Мілана, кроў і вайна. Гэты яе 24-хвілінны фільм атрымаў трэці прыз: бронзавую “Лествіцу”.

“Той жа самы” (Сербія, 17 хвілін) Дзежана Петравіча — адзіны з 22 фільмаў фестывалю, дзе няма ані слова. Астрог, кожны вязень мае занятак, нясе абавязак. Турэмныя прафесіі: конюх, цырульнік, каваль, кухар.

Для мяне “бясслоўе” — высокі клас рэжысуры.

У фінале скача незацугляны конь — вобраз вольнага жыцця.

Гран-пры за фільм “Празрысты свет” (Грузія, рэжысёр Вахтанг Кунцеў-Габлашвілі) уручылі кіназнаўцы-разумніцы Далі Акраперыдзэ. Бацька-аператар вучыць сына асновам рэжысуры. Сын Бека — здавалася б, імпульсіўны, раздражнёны недарэка, але ўпарты. Наівам і хітрыкамі ўгаворвае ён старога героя фільма выканаць тое, што задумаў творца. Далі сказала мне: “Грузінскае кіно пасля дзесяцігоддзяў заняпаду паціху адраджаецца”. Дадам: ва ўсялякім разе, ужо яго гумар і гарэзлівасць, пра якія сведчыць “Празрысты свет”, дае надзею на адраджэнне.

Для пачатку і гэтага дастаткова.

Першы прыз “Залатую лествіцу” ўручылі стваральніку карціны “Праз люстра” Арсену Аракеляну. Мастаку Марціросу Бадаляну стала цесна ў плоскасці халсціны — і ён пачаў “высоўваць” па-за межы рамы, проста на нас, гледачоў нешта накшталт барэльефаў з натуральных рэчаў: грыф гітары, асколак талеркі — і ўсё ў фарбах, нібыта пагружана ў жывапіс… Неперадавальна! А творы гэтыя абмацваюць людзі, пазбаўленыя зроку — і так дакладна, па-свойму, успрымаюць і адгадваюць змест карцін-інсталяцый, што гэта дадае радасна-шчымлівае ўражанне гледачам.

Мой дакор

У нас была ці не самая прадстаўнічая дэлегацыя: ажно чатыры рэжысёры, прычым адзін з іх — Юрый Гарулёў — узначаліў журы.

Два творы маладых калег засмуцілі. Але не майстэрствам — тут іх годна азначылі: мы ўсе атрымалі спецыяльныя прызы журы. Справа ў змесце, у поглядзе на рэчаіснасць і асэнсаванне абранай тэмы. Яны выклікалі роздум і недаўменне.

“Вялікая вандроўка Мікалая Кшыштафа Радзівіла”: палову 52-хвіліннага фільма даследуецца радавод Радзівілаў, нашчадкі якіх сёння раскіданы па краінах і кантынентах. Цікава гэта адно гісторыкам і самім Радзівілам. А нам бы лепей распавялі пра іншае: што той “Сіротка” зрабіў для Беларусі? Чым адзначыўся ў гісторыі краіны? Доўгі і нуднаваты аповед-даследаванне без спробы зацікавіць, зачапіць гледача хаця б такім прыёмам, як, скажам так, “дэтэктыўнасць”.

Другая палова парадавала яшчэ меней. Лічу кашчунствам ускрываць труну, варушыць рэшткі-звлокі, размотваць бальзамічныя бінты і гэта здымаць — падоўгу, літаральна смакуючы. Мо яно цікава навукоўцам? Але прычым тут глядач, якому прапаноўваюць удзельнічаць ва ўскрыцці мошчаў зусім не святых?

Неакрэсленасць намераў Юрыя Цімафеева дала яму неабмежаваную прастору для манеўраў.

А “Цар Гары” Андрэя Куцілы выклікаў поўнае непрыняцце ды нязгоду. Відэарад адметны, мантаж майстэрскі… А змест?

Беларусь — краіна бязладдзя, людзі спрэс п’янтосы і самазабойцы! — гэта дэкларуе галоўны персанаж. Барадаты лайдак у 120 кілаграмаў вагой у знак нязгоды з рашэннем суда ляжыць на канапе: аб’яўляе галадоўку — якая, дарэчы, цягнецца вельмі нядоўга.

Дык растлумачце, аўтары, нам: у чым яго правата? Прывядзіце свае аргументы. А няма! Толькі сентэнцыі лежабокі.

У адным з фільмаў Анатоля Алая, калі нехта з “тутэйшых” паспрабаваў усхваляць жыццё пад фашысцкай акупацыяй, дык аўтар, у якога загінуў бацька, рашуча спрачаецца з ім!

А тут: двое дзетак поўзаюць па бруднай падлозе сярод коцікаў і шчанюкоў. Седзячы на гаршку, малы грызе цэлы батон. А бацька — ляжыць, “галадае”. Пачытаў бы сынкам казачку, дапамог бы ў чым жонцы. Сціплая жонка-прыгажуня ў той час на марозе пілуе дровы, носячы, дарэчы, пад сэрцам трэцяе дзіцянё.

Прычым гэтае кіно паказваем у чужой краіне. Якое ўяўленне ўзнікне ў гледача аб Беларусі? Усе лайдакі і п’яніцы? Дзе аўтарская пазіцыя рэжысёра Андрэя Куцілы? Я жыву не ў такой краіне, і мой дакор тым, хто высунуў гэтую стужку на міжнародны — міжнародны! — фестываль.

Па-над Дняпром

І трохі некінематаграфічных уражанняў. У Нова-Маскоўску мы аглядалі царкву ў гонар Святой Тройцы. Некалі пабудаваць яе задумалі казакі, запрасілі дойліда. Напаўпісьменны Паграбняк у самоце правёў месяц: выношваў праект. І зрабіў храм без адзінага цвіка.

Настаяцель айцец Еўлогій — вучоны-тэолаг, у мінулым музыкант: акардэон, домра. Што цікава, і дырэктар фестывалю пратаіерэй Ігар Сабко — у мінулым джазавы музыкант! Я ўзгадаў свой фільм “Мінск-68. Жарсці па року”: там хрыпеў па-англійску і лупіў па барабанах Ігар Карастылёў — цяпер таксама пратаіерэй.

Потым наведалі Свята-Мікалаеўскі манастыр. Дэлегаты знаёміліся з побытам і паслушаннямі насельнікаў. Настаяцель айцец Дасіфей — быццам з апавяданняў Мікалая Ляскова. У размовах высветлілася: продкі яго з Гомеля, ён прасіў перадаць прывітанне Беларусі. На зваротным шляху цягніком мінаючы Гомель, прашаптаў я прывітанне ад мажнага бацюхны Дасіфея.

Закрываючы фестываль, адзін з ініцыятараў яго арганізацыі і 10-гадовага існавання народны дэпутат Украіны Андрэй Шыпко кінуў у залу:

— “Асамблею на Дняпры — 2019” аб’яўляю закрытай. Няхай жыве “Асамблея — 2020”!

Трэба рыхтавацца.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр