Ахапцэн свежае паветра!

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Гэтыя радкі пішу ў Дзень роднай мовы — 21 лютага. У мяне шмат перад ёю даўгоў і абавязкаў. Таму сярод сённяшняй пошты, сярод шматлікіх пісьмаў іншага зместу скразной лініяй агульнага аглядавага тэксту хачу прапанаваць менавіта тэму мовы. Прынамсі, я пастараюся, каб так яно і было. Вельмі шмат цікавых згадак назапасілася на гэты конт.

/i/content/pi/cult/733/15935/14.jpgХтосьці збірае грошы, а я — словы. Не памятаю, у якім класе, калі чытаў Кузьму Чорнага, мяне літаральна агаломшыла, вывела з сябе, давяло да плачу вось якое словазлучэнне: “рыхтык колішні кравец”. Калі з другім і трэцім словамі ўсё было больш-менш зразумелым, дык першае муліла вострай косткай у горле. Што за “рыхтык”? Адкуль і для чаго? Балазе, маці са школы прыйшла і патлумачыла, што “рыхтык” — слова дыялектнае, а значэнне ў яго “той самы”. З таго часу я зразумеў, што дыялектнае — не самае горшае, і пачаў збіраць свой слоўнік...

Будзем спадзявацца, што мерапрыемствы з нагоды Дня матчынай мовы прайшлі калі не ва ўсіх, дык у большасці бібліятэчных ды клубных установах краіны. Пра пэўныя акцыі я згадваў у мінулым аглядзе. Пра сёе-тое скажу і сёння. Да прыкладу, літаратурна-музычная гасцёўня “Матчына мова вуснамі жанчын” працавала ў цэнтралізаванай клубнай сістэме Маладзечанскага раёна. Што і казаць, цікавы гендарны падыход да раскрыцця тэмы: пра родную мову — жанчыны. Вядучы рэдактар ЦКС Маладзечанскага раёна Надзея Бондар тлумачыць сітуацыю так: “На сустрэчу былі запрошаны мясцовыя паэткі Тамара Бунта, Таццяна Атрошчанка, Лідзія Гардынец, Тамара Аўсяннікава, Святлана Капруцкая. Беларускія песні гучалі ў выкананні аматарскага аб’яднання “Бабулі XXI стагоддзя” (назва — супер! — Я.Р.). Этнаграфічны клуб “Кола” наладзіў майстар-клас, падчас якога любы ахвотны мог паспрабаваць сябе ва ўменні выконваць народныя танцы”.

Недахоп мужчын на галоўнай сцэне нашага агляду варта, на мой погляд, кампенсаваць. Што і робіць загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Зэльвенскай (даўно адсюль навін не было) раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч. Яна распавядае пра вечар-сустрэчу з паэтам земляком Іванам Шчурко, ураджэнцам вёскі Бязводна, які жыве цяпер у Гродне. Іван Аляксандравіч 42 гады працаваў кавалём, мае ордэны Працоўнай Славы другой і трэцяй ступеняў. І ў той жа час — сябра паэтычнага аб’яднання “Надзея”, пастаянны наведвальнік літаратурнай кавярні “Тры свечкі” ў Гродне. Выдаў два зборнікі вершаў. Брутальная прафесія і шчырая любоў да пяшчотнага слова… Як гэта сумяшчаецца? Аказваецца, вельмі проста і арганічна. Вершы прасякнутыя любоўю да малой радзімы, да яе самаадданых працаўнікоў, да жонкі і ўнучкі. Высветлілася і тое, што Іван Аляксандравіч цудоўна грае на гармоніку, быў пэўны час салістам народнага ансамбля “Росніца” ААТ “Гродна Азот”.

Здарылася так, што словы пачалі мяне карміць. Я іх запаважаў яшчэ больш. І не пагадзіўся з даследчыкам Міколам Абабуркам, які пісаў: “Наша мова выступае ў дзвюх разнавіднасцях — літаратурнай і дыялектнай. Першая — унармаваная і адшліфаваная спецыялістамі. Другая — тэрытарыяльна абмежаваная і беспісьмовая”. Так шліфавалі, што ў іншых месцах толькі пыл і застаўся. Я больш згодны з Кузьмой Чорным. Моўная рэінкарнацыя, калі хочаце, выратаванне — у больш актыўным ужыванні дыялектнай. І не павінна яна, па маім меркаванні, стаяць асобна ад літаратурнай. Менавіта ў размоўнай лексіцы — працяг і развіццё агульнапрынятай. За кошт дыялектызмаў павінны прырастаць сінанімічныя і антанімічныя шэрагі, што надасць лексіцы яркасці, самабытнасці, прыроднай прыгажосці і пераканаўчасці. Яшчэ на маім веку настаўнік у адпаведнасці з методыкай выкладання павінен быў зніжаць адзнаку вучню за выкарыстанне дыялектызмаў. А менавіта яны, лічу, і робяць мову матчынай.

Дзед Сцяпан падараваў мне, малому, хімічны сіне-чырвоны аловак і сказаў: “Калі ў школу пойдзеш, ён табе як знахадка будзе!” Мне пастаянна правяць маю “знахадку” (націск на першым складзе) на “знаходку”. Я пастаянна супраціўляюся. Першы лексічны варыянт — больш семантычна афарбаваны, хоць і менш адшліфаваны.

Дык вось, як знахадка стаў для кіраўнікоў тэатральных калектываў клубных і адукацыйных устаноў Бабруйска семінар-практыкум “Асаблівасці арганізацыі работы самадзейнага тэатральнага калектыву”. Справа ў тым, што неўзабаве адбудзецца другі гарадскі конкурс тэатральнага мастацтва “У святле сафітаў Бабруйск”. Так што дадатковая вучоба тут — як раз да месца. Актрыса Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Вольга Матвеева правяла майстар-класы па сцэнічным руху, паказала, як раскрыць сябе, выкарыстаць нестандартнае мысленне, развіваць увагу, памяць, фантазію, а таксама — пластыку. Кіраўнік узорнага тэатральнага калектыву “На Біс” ДШМ № 1 імя Яўгена Цікоцкага горада Бабруйска Алеся Манько адказвала за правядзенне праграмы майстар-класаў па сцэнічнай мове. Назва мерапрыемства — “Слова як важнейшы кампанент спектакля”. Як бачна, са слова і тут усё пачалося.

Я тады яшчэ ў “ЛіМе” працаваў. І вось прыходзіць да мяне Ніл Гілевіч. У руцэ — свежы нумар тыднёвіка з маім артыкулам, а ў ім — сёе-тое падкрэслена. Пытаецца: “Вось тут ты напісаў “У іх цямы няма”, што меў на ўвазе?” Адказваю шаноўнаму Нілу Сымонавічу: “Цяма — гэта розум па нашаму, па-веткаўску”. “Ну, так, — працягвае Гілевіч. — “Недацяміць” — гэта “незразумець”, а “цямкі” — “разумны”. І пайшоў, вялікі і велічны. А мне і па сёння душу грэе, што мае гульні ў словы прыйшліся класіку даспадобы.

Ведаеце, колькі ў слова “гультай” сінонімаў? Так. Процьма. Абібок — гэта з агульнаўжывальных. А вось экзоты: дзяньгуб, лайнік, лянгуз, лут, ярыга. Сінанімічны шэраг можна працягваць да бясконцасці. І хто сказаў, што выкарыстанне гэтых дыялектызмаў мову нашу сапсуе?

Дарэчы, слова “лянівец” выкарыстоўвае ў сваім допісе вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры Наталля Бінкевіч. Лянівец, сцвярджае яна, — прыстасаванне для здымання абутку, якое месіцца недзе на падлозе. Нават нагінацца не трэба: зачапіўся пяткай і хадзі басанож. Лянівец — толькі адзін з экспанатаў музейнай экспазіцыі “Ізабелін кулінарны”. “Экспазіцыя, — піша аўтарка, — аб’яднала гаспадарскі досвед, дызайн сялянскай ды мяшчанскай кухні і кулінарны вопыт тутэйшага люду. Усе музейныя прадметы — аўтэнтычныя. А створана экспазіцыя для захавання рэцэптаў, традыцыйнай кухні Ваўкавышчыны, папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”. Далей аўтарка распавядае пра печ, дзе жыве хатнік, ды шматлікія рэцэпты страваў, якія можна ў ёй прыгатаваць.

З аграгарадка Мураваная Ашмянка, што на Ашмяншчыне, ліст нам даслала бібліятэкар СБ Таццяна Ціхановіч. Яна піша: “Наш народ мае надзвычай цікавую і драматычную гісторыю. Неаднаразова праз наш край праходзіла крывавая навала ваенных ліхалеццяў. Але мы выстаялі, захавалі мову, культуру, традыцыі. Сённяшняя наша задача — не згубіць каштоўны скарб і данесці яго з годнасцю да наступнага пакалення. У гэтым працэсе вялікую ролю адыгрывае жаданне кожнага з нас разабрацца ў тым, што было, чаго ўжо няма.” Дзеля гэтага Таццяна Іосіфаўна займаецца са сваімі чытачамі краязнаўствам, да драбніц вывучае гісторыю вёскі, рэгулярна дзеліцца вынікамі гэтай справы ў бібліятэчнай гасцінай “Сцежкамі роднага краю”.

І напрыканцы — пра наватворы, словы, якія маюць канкрэтнае аўтарства. Стрыечны дзядзька Мішык выводзіў маленькую пляменніцу Маню на вясновую вуліцу, зрываў з сівой галавы дэмісезонную фуражку і строга загадваў: “Ахапцэн свежае паветра!” Гумарыстычная інтэрпрэтацыя беларускага дзеяслова “хапай” пад слоўка нібыта замежнага паходжання дадае ўсёй фразе не толькі камічнасці, але і аптымізму.

Хтосьці з акадэмістаў скажа : “Здзек з мовы”. А я скажу: “Пазітыўная гульня ў словы, якая вучыць радавацца жыццю!”

Спадарства, вясна на носе. Выходзьце часцей пад сонейка і ахапцэн свежае паветра!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"