Каўчэг, які пабудаваў Янушкевіч

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Перакананне ў тым, што тэатр для дзяцей павінен толькі забаўляць ці, у лепшым выпадку, выхоўваць ды адукоўваць, ілюструючы прапісныя ісціны і даючы гатовыя ўзоры паводзін, пакрысе адыходзіць у нябыт. На сцэнах беларускіх тэатраў лялек у апошні час з’явіўся шэраг пастановак паводле сучаснай літаратуры і драматургіі, дзе закранаюцца праблемы, з якімі сутыкаецца сучаснае дзіця: адзінота, непадобнасць да іншых, здрада.

/i/content/pi/cult/733/15933/13.jpgАсабліва шчыруе на гэтым полі Аляксандр Янушкевіч: цягам мінулага года ён паставіў у Брэсце і Мінску спектаклі паводле твораў Дэвіда Алмонда “Мой тата — птушк” і “Хлопчык, які плаваў з піраннямі”. А на пачатку лютага на сцэне Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” адбылася яшчэ адна прэм’ера дзіцячай пастаноўкі Янушкевіча на “дарослую” тэму — “Каля каўчэга ў восем” па п’есе Ульрыха Хуба.

Тэкст нямецкага драматурга, напісаны ў 2006 годзе, быў адразу ж названы найлепшай п’есай у Германіі. “Каля каўчэга ў восем” неаднаразова ставілася ў рускамоўнай прасторы, але беларускі лялечны тэатр — прафесійны дык дакладна — ніколі да яе не звяртаўся. Між тым, расказаная Хубам гісторыя Сусветнага патопу і трох пінгвінаў, якія ратуюцца ў каўчэгу, — сапраўдны скарб. Драматург дзе з добрай усмешкай, а дзе з іроніяй сучаснай мовай распавядае аб важным і сур’ёзным, знаёміць дзяцей з эпізодам біблейскай гісторыі і асновамі хрысціянскай рэлігіі, пазбягаючы пры гэтым аднамернасці, чорных і белых фарбаў у вобразах і ўчынках герояў.

У сваім спектаклі Аляксандр Янушкевіч захоўвае адметную інтанацыю тэксту Хуба і натуральнасць яго мовы. Як і драматург, ён пазбягае просталінейнага дыдактызму: так рабіць можна, а так — не. Адным словам, усе лепшыя ўласцівасці п’есы ў спектаклі застаюцца на месцы, хоць яна і зведала прыкметныя скарачэнні. Напрыклад, у пастаноўцы няма сцэны, дзе агучвалася добраахвотнасць любові да Бога, і фіналу з заключэннем Новага Запавету з Ноем і людзьмі. Многія немалаважныя моманты тэксту Хуба пакінуты за бортам пабудаванага Аляксандрам Янушкевічам каўчэга, аднак у выніку спектакль атрымліваецца вельмі кампактным і дынамічным. І, самае галоўнае, не страчвае сэнсу. Тэма рэлігіі, стасункаў з Богам у пастаноўцы проста становіцца больш нязмушанай. Гісторыя пінгвінаў праз зразумелыя дзецям сітуацыі ўсё адно распавядае пра хрысціянскія і агульначалавечыя каштоўнасці, нават калі са сцэны і не гавораць “Бог сказаў “не забівай”.

Для размовы на складаныя тэмы рэжысёрам і мастачкай Людмілай Скітовіч абрана вельмі простая для ўспрымання форма — на сцэне толькі самае неабходнае. Фактычна, дэкарацыі абмежаваны некалькімі табурэтамі і заднікам, які змяняецца ў залежнасці ад сцэны, выяўляючы ўмоўны паўночны пейзаж ці нованароджаную зямлю, над якой ззяе сонца — выратавальны круг. Такое рашэнне дакладна абазначае месца і абставіны дзеяння і разам з тым стымулюе фантазію, бы дзіцячая гульня. “Водна-ледзяны” заднік калыша адзін з пінгвінаў, і вось ён — суворы вецер! Заднік змяняецца, і зверху абрыньваецца безліч каляровых шарыкаў — Сусветны патоп! Замест каўчэга на сцэну выязджае канструкцыя, складзеная з трох надзіманых лодак, якой кіруе Галубка, а калі нарэшце надыходзіць час выйсці на сушу, трохпалубнае гумовае судна проста здзімаецца.

Усе жывёлы-пасажыры каўчэга — плоскія яркіх колераў лялькі — лёгка змяшчаюцца на не такім ужо і вялікім караблі. Такой самай лялькай, часткі якой аніміруюць Пінгвіны і Галубка, прадстаўлены і Ной. А вось галоўныя героі спектакля іграюцца жывым планам. Акцёры апрануты ў дастаткова натуралістычныя касцюмы, але такі, на першы погляд, старамодны прыём не пакідае ў дзяцей пытанняў, хто тут пінгвін, а хто галубка. Акрамя таго касцюмы ў значнай ступені ўплываюць на пластыку выканаўцаў, дадаюць камізму вобразам і сітуацыям. Уявіце, як пінгвін з яго характэрнай “фігурай” плыве ў вадзе з пластыкавых шарыкаў!

“Каля каўчэга ў восем” пазбаўлены відовішчнасці, за якой можна было б схавацца акцёрам. Яны ўвесь час знаходзяцца ў цэнтры ўвагі і ў значнай ступені ад іх залежыць поспех спектакля, бо залішне сур’ёзная ці, наадварот, штучная “дзіцячая” інтанацыя можа ператварыць забаўную гісторыю ў нудна-павучальную ці недарэчную. І з гэтым цяжарам адказнасці акцёры спраўляюцца вельмі прыстойна. Вобразы трыа пінгвінаў, кожнага са сваім адметным характарам, ствараюць Таццяна Паўлючук, Міхаіл Асановіч і Аляксандр Майрын. Яны натуральна выяўляюць і добрыя якасці сваіх герояў, і тыя, якімі не варта ганарыцца. Першы пінгвін (Таццяна Паўлючук) — задавака і разумнік, які дакладна ведае, што правільна, а што не. Толькі нягледзячы на гэта, у пэўны момант ён гатовы пакінуць свайго сябра паміраць. А “дрэнны” Трэці (Аляксандр Майрын) шчыра пакутуе ад думкі, што ў Сусветным патопе вінаваты ён асабіста.

І без таго яркі персанаж п’есы Галубка ў выкананні Таццяны Чаеўскай становіцца ці не асноўнай разыначкай спектакля. Для дарослай публікі дык дакладна. Суворая “птушка міру і любові” часам нагадвае зборны вобраз тых савецкіх работніц сферы паслуг, што агрэсіўна пільнуюць парадак і інструкцыі незалежна ад сітуацыі.

Аляксандр Янушкевіч не загрувашчвае пастаноўку разнастайнымі цікавосткамі і нікога не імкнецца здзівіць. “Каля каўчэга ў восем” — гэта акуратна зроблены спектакль, у якім дазавана гучаць песні, ледзь заўважна змяняецца настрой з насмешлівага на сур’ёзны, ёсць свае прынады і для дарослых, і для дзяцей. Гарэзлівая, добрая і разумная пастаноўка поўная важных тэм і пытанняў: хто такі Бог, як Ён выглядае, за што карае, ці можа прабачыць? Таму і варта глядзець спектакль усёй сям’ёй, каб пасля яго бацькі змаглі адказаць дзецям на гэтыя пытанні ці разам паспрабавалі знайсці на іх адказы. Далёкім ад рэлігіі татам і мамам таксама не трэба абмінаць сваёй увагай гэтую пастаноўку, бо сяброўства, вернасць, самаахвяраванне, пра якія ідзе ў ёй гаворка, — катэгорыі ўніверсальныя. Да таго ж са спектакля вельмі ненавязліва вынікае: сапраўднага Бога варта шукаць не ў нябёсах, а ўнутры сябе, пінгвін ты ці чалавек.

Магчыма, для маладзечанскай “Батлейкі” і яе гледачоў “Каля каўчэга ў восем” — спектакль трохі незвычайны, перш за ўсё сваёй тэматыкай. Але рашэнне кіраўніцтва тэатра ўключыць яго ў рэпертуар можна толькі вітаць. І таму, што пастановак для дзяцей, у якіх бы закраналіся тэмы рэлігіі, беларускаму тэатру бракуе, і таму, што гэты спектакль, не прэтэндуючы на званне сенсацыі ці адкрыцця, з’яўляецца яшчэ адным важным і патрэбным крокам “Батлейкі” па выхадзе з ценю, з таго спакойнага і непрыкметнага існавання, якое тэатр дастаткова доўга вёў.

Кацярына ЯРОМІНА