Аўдыя & Відэа

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Студзеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць бубнач гурта N.R.M. Алег ДЗЕМІДОВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/733/15932/Vibe_opt.jpegГурт Vibeclub, альбом “Каляда”

A.: Этніка — самая тая музыка для эксперыментаў. І ў гурта атрымалася змяшаць беларускую аўтэнтыку з афрыкана-амерыканскімі матывамі — фанкам і джазам. Пры гэтым мікс выглядае вельмі сучасна. Але працягласць кампазіцый я б усё ж падкараціў, пакінуўшы ў першародным выглядзе хіба адну. Пад трэк “Каза” я бы сапраўды ў скокі пусціўся, і для такога “адрыву” мне б яго аднаго цалкам хапіла.

Цікавіць мяне вось што: ці будзе развіццё ў гэтага рэлізу? Песень калядных у нас вунь колькі, эксперымент у Vibeclub атрымаўся. Таму, на мой погляд, і напрошваецца стварэнне, запіс і выпуск альбома “Каляда-2”.

B.: Цікавы прадукт прадставіў гурт на айчынны музычны рынак. Па стылістыцы гэта афрабiт — замес з фанку, этнікі і джазу. Здавалася б — і што з таго? Але спяваюць артысты калядныя беларускія песні — у адпаведнай вакальнай тэхніцы. Некалькі дзіўнавата ўсё гэта слухаецца, але адпрэчвання не выклікае. Хутчэй, ты нават нецярпліва чакаеш: а што там у наступным трэку артысты выдумаюць? Да таго ж, усе кампазіцыі —рытмічныя, насычаныя інструменталам. Такія на танцпляцы і фольк-фэсце пойдуць за мілую душу. Экзамен здадзены, карацей.

/i/content/pi/cult/733/15932/_opt.jpegГурт “Некоторое отсутствие пуговиц”, альбом “Ягода грустника”

A.: Песня, па якой названы альбом, хоць і не адкрывае яго, але менавіта яна і вызначае ўвесь настрой рэлізу ў цэлым. Больш відавочных хітоў на ім і няма. Стан аўтара, — што ён хацеў сказаць і навошта — для мяне зразумелы. І гэта вельмі важна для любога аўтара, калі слухач знаходзіцца з ім на адной хвалі. Мяккі гук, добрае рэгі, меладычныя кампазіцыі, выразныя тэксты, практычна кожную песню можна сыграць пад гітару, прыемны вакал — адчуваецца, што запісвалі альбом людзі сапраўды таленавітыя. Усё тут зраслося.

B.: Гродзенскi гурт з дурацкай назвай выконвае зусім не дурацкую музыку. Вельмі прыемны на слых меланхалічны “мяккі” рок з акустычнымі ўкрапінамі. У татальны сум ён не ўганяе, нягледзячы на назву альбома. Можа, крыху перагружана па тэкстах, але не да такой ужо ступені, калі агульны сэнс спасцігаецца з цяжкасцю. Па справе і на сваім месцы розныя цытаты, у тым ліку песенныя. З прыблізных аналагаў — піцерскі “Сплин”.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/733/15932/Palina_opt.jpegPalina, кліп на песню Pinky

А.: Добрае ўражанне пакідае гэты мастацкі кліп — з усімі яго краявідамі, празрыстай карцiнкай, з гераіняй, што прыцягвае ўвагу. Нічога тут няма выдуманага, спецыяльнага — візуалізацыя падкрэслівае і раскрывае крохкасць, душэўнасць, лірычнасць песні. Хочацца яшчэ не раз пераглядаць дадзены ролік.

B.: Паліна экс-Рэспубліка ўся ў смузе і на прыродзе не спяшаючыся ходзіць, умерана пакутуе і заклікае кагосьці чакаць, пакуль яе дзесьці носіць. У 3D і на вялікім экране карцінка была б, напэўна, проста шыкоўная. А песня — пад адпаведны настрой, на паўтанах, пачуццёва стрыманая — толькі ў канцы трэка ёсць намёк на ўсплёск эмоцый. Кагосьці абавязкова “праб’е” і кліп, і кампазіцыя. Я ж застаўся цэлы.

/i/content/pi/cult/733/15932/Xelena Meraai_opt.jpegXelena Meraai, кліп на песню P.S.

A.: Відаць, што кліп зняты прафесіяналамі, але мяне ён не вельмі зачапіў — ужо занадта гладзенька атрымалася. Хацелася б большай драматургіі, перажыванняў гераіні відэа. Не пранікаешся яе станам, не атрымалася яго перадаць гледачу. Але песня нядрэнная.

B.: Гэта тая самая наша юная “зорачка”, што прадстаўляла Беларусь у такіх топавых расійскіх праектах, як “Новая хваля” і “Голас. Дзеці”, а таксама адстойвала гонар сучаснага айчыннага музычнага мастацтва на дзіцячым “Еўрабачанні”. Дзіця сталее, і ў рэпертуары спявачкі з’яўляюцца іншыя творы. Вось, напрыклад, R’n’B-кампазіцыя. Жанр гэты, мабыць, ужо ніколі на постсавецкай прасторы не выйдзе з клубаў, але асобныя артысты ўпарта працягваюць у ім удасканальвацца. Сцяг ім, як той казаў, і ўдачы! У роліку ж дзяўчына тусуецца — у статыцы і дынаміцы — у кампаніі сваіх аднагодкаў. Але на сэрцы ў яе — адзін-адзіны, з якім яна і адпраўляецца ў падарожжа па горадзе. Так, гэта быў кліп.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"