Прыгажунь не бывае замнога

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

У Магілёўскім драмтэатры паставілі “Трох прыгажунь” паводле аднайменнай камедыйнай меладрамы вядомага расійскага драматурга Валянціна Краснагорава: тры жанчыны бальзакаўскага ўзросту шукаюць сабе спадарожнікаў жыцця. Ці можа спектакль на такую асабіста-побытаваю тэму стаць не толькі касавым, а яшчэ і мастацкім, прэтэндуючы на культурную падзею далёка не гарадскога маштабу?

/i/content/pi/cult/733/15931/12.jpgЯк высветлілася, можа. Але парушаючы ўсе магчымыя і немагчымыя “правілы”. Першае з іх сфармулявана ў прадмове да п’есы. Карыстаючыся аўтарскімі правамі, драматург забараняе ўносіць хоць якія змены ў тэкст, а ў спектаклі ад п’есы засталася хіба агульная канва разгортвання сюжэту — і літаральна некалькі фраз. Усё астатняе — гэта пазначанае ў праграмцы “тэатральнае сачыненне” лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Расіі, рэжысёра Генадзя Трасцянецкага (Санкт-Пецярбург), у выніку чаго ўзнікла так званая “сцэнічная рэдакцыя тэатра”. Але згаданыя рэжысёр з драматургам — сябры, і дамова “на парушэнне” была дасягнута. Вось толькі галоўным тут стала не скажэнне, якога так баіцца кожны творца, а будаванне новай формы.

Хаця — якая ж яна новая? У аснове ўсяго спектакля — вядомая ўсім студэнтам-тэатралам эцюдная работа: адпушчаныя на волю артысты, скіраваныя рэжысёрам у патрэбны бок, імправізуюць на абраную тэму. Але з гэтых вольных фантазій нараджаецца куды больш цікавае відовішча, чым калі б артысты дакладна рушылі ўслед за літаратурным тэкстам.

П’еса неаднаразова ставілася ў Беларусі. У прыватнасці, у мінулым сезоне на Малой сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Надзвычай пладавіты драматург, на рахунку якога больш за паўсотні твораў, добра ведае, які матэрыял здольны знайсці свайго спажыўца. П’еса разлічана на трох артыстак сталага ўзросту — і на самую ўдзячную частку тэатральнай публікі. Вядучым актрысам бывае складана развітацца з ролямі закаханых дзяўчат, яны цяжка перажываюць змену амплуа, адчуваюць рэпертуарны голад. А тут кожная з роляў — цэнтральная. І кожная артыстка з той тройцы — апрыёры прыгажуня, дый узрост называецца не іначай, як “залатым”. Каму ж не спадабаецца? Асаблівых затратаў на сцэнаграфію не прадбачыцца: звычайны мэбліраваны пакой і сучасныя строі. Што ж да публікі, дык і без сацыялагічных апытанняў зразумела: самая адданая яе частка — па сутнасці, гераіні аповеду. Вядома, жанчыны будуць шчаслівыя, убачыўшы чарговую гісторыю Папялушкі — сваёй аднагодкі.

Заўзятыя ж тэатралы, калі спектакль будзе цалкам прытрымлівацца тэксту, могуць засумаваць ужо на першай дзеі, бо там нічога не адбываецца. Гераіні п’юць гарбату з пірожнымі ды размаўляюць усё пра тое ж — пошукі “ідэальнага мужчыны”. Неяк расквеціць гэты тэатр “гаворачых галоў” даволі цяжка. Тая ж Валянціна Янавец у Брэсце ператварыла сустрэчу сябровак у гэткі хатні “касцюміраваны баль”, закцэнтаваўшы ўвагу на псіхалагічныя тонкасці. У Магілёве ж дадаліся ажно шасцёра персанажаў, якія вывелі побытавую гісторыю на філасофскі ўзровень — дзе з лёгкай настальгіяй, а дзе і з іроніяй.

Гераіні маюць маладых двайнікоў: дзяўчаты не толькі дапамагаюць змяняць сцэнічны антураж, але і раз-пораз углядаюцца ў свае пасталелыя постаці — быццам вядуць бязмоўную гутарку праз гады. Хлопцы, пераапранутыя ў вядомых кінагерояў, з’яўляюцца ў фінале бы матэрыялізаваныя мроі пра абраннікаў, падобных да доктара Ватсана (Андрэй Корзан), капітана Джэка Вераб’я (Аляксандр Мацюшка), падпалкоўніка Фрэнка Слэйда (Чэслаў Вількін).

Фінал застаецца адкрытым: кожны з гледачоў можа сам акрэсліць далейшы лёс гераінь, скіраваць яго ў бок казкі ці жорсткай рэальнасці. Альбо ўвогуле сумясціць розныя полюсы ў сюррэалістычнай, крыху абсурдысцкай прасторы постмадэрну з яго развітым прынцыпам гульні. На апошняе настройвае ўжо сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай: рэчы, якія ёсць у кожнай кватэры (шафа, ложак, лядоўня), нечакана суседнічаюць з азораным месяцовым святлом “балконам Джульеты”.

Калі адкрываецца заслона, мы бачым нейкі шацёр. Няўжо ў гарэме? Але тая “накідка” павольна плыве ўгору і аказваецца вялізным абажурам кухоннага свяцільніка, хаваючы, бы ў кокане, жанчын. Апынуўшыся на волі, яны пачынаюць “вырашаць і дзейнічаць” — невыпадкова спектакль жанрава акрэслены “рашучай камедыяй”. У фінале абажур спускаецца, гарманічна абрамляючы форму, але гераіні адмахваюцца ад яго, не жадаючы вяртацца ў стан затворніцтва.

Спектакль фантануе рэжысёрскімі, акцёрскімі прыдумкамі, постмадэрнісцкімі спасылкамі на іншыя творы: ад цытавання Чэхава да амаль капусніцкага перайначвання Шэкспіра. Удзел жывых музыкантаў з камернага ансамбля “Экспромт-класіка”, якія ўвесь час знаходзяцца на сцэне, разнастайныя інтэрактыўныя моманты, калі гераіні звяртаюцца ў залу, надаюць відовішчу абрысы “тэатра ў тэатры”.

Пачатковая сцэна гульні ў карты вырашана як нямое кіно з выкарыстаннем запаволенага рапіду. Размова пра дыеты — як паралельнае дзеянне, дзе ніхто нікога не чуе, настойліва працягваючы сваё “сола” ў поліфаніі пластоў. Згадванне артысткамі фрагментаў уласных біяграфій асацыюецца з дакументальным тэатрам. Пашыраны аповед пра жыццё і дзейнасць княгіні Паўліны Метэрніх (у тэксце п’есы прыводзіцца ўсяго адна яе фраза) — з асветніцкім праектам. Разгорнутыя маналогі, ператвораныя рэжысёрам у насычаныя дзеяннем сцэны, — з монаспектаклямі. З арсеналу тэатра лялек — ператварэнне палатніны з міскай у мужчыну.

На жаль, у першай палове другой дзеі пастаноўка на сваім прэм’ерным паказе пачала крыху “буксаваць”. Магчыма, з-за таго, што артысткі надта зайграліся ў падпітых пакрыўджаных дам. Відавочна, спектакль вельмі падабаецца ім самім. Яны не выходзяць на сцэну як на цяжкую працу, а з задавальненнем бавяцца новай для іх гульнёй.

Наталля Калакустава (Ларыса), Галіна Лабанок (Мая), Алена Крыванос (Іна) ствараюць яркія, запамінальныя характары. Кожная з іх, лічыце, мае свой бенефіс. Ды яшчэ які! Пры ўсім тым, спектакль дасягае вяршыняў ансамблевай ігры, што немагчыма без узаемапаразумення ў камандзе. І створаны ён, дадамо, пры падтрымцы Саюза тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі. Хіба не ўдалы прыклад супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"