Ідэі новыя, традыцыя — жывая

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Наконт сённяшніх перспектыў развіцця фестывальнага руху ў Беларусі, а таксама адметных напрацовак арганізатараў “Славянскага базару ў Віцебску” разважаў у сваім дакладзе генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб ЛАПІЦКІ.

/i/content/pi/cult/733/15929/9.JPGПа яго словах, правядзенне фестываляў у суверэннай Беларусі сталася залогам фарміравання традыцый сучаснага мастацкага жыцця. Шырокі спектр форумаў сведчыць пра запатрабаванасць і перспектыўнасць іх развіцця.

Адным з актуальных кірункаў па захаванні ідэнтычнасці чалавека і развіцці нацыянальнай культуры і творчасці, на думку дакладчыка, з’яўляецца падтрымка святаў, фестываляў, конкурсаў і іншых формаў культурнай дзейнасці. Тым больш, што сёння арганізатары фестываляў заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых і цікавых ідэй.

Як мяркуе кіраўнік Цэнтра культуры “Віцебск”, пастаянна зменлівыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, у тым ліку і аб’ём бюджэтнага фінансавання сферы культуры, з’яўляюцца фактарамі, якія стрымліваюць развіццё фестываляў. Таму шмат што ў гэтым ключы залежыць ад энтузіязму і аўтарытэту арганізатараў. Пры гэтым, фестывальная дзейнасць займае годнае месца ў прыярытэтах агульнадзяржаўнай і рэгіянальнай культурнай палітыкі.

Цэнтр культуры “Віцебск”, па словах Глеба Лапіцкага, штораз пацвярджае статус адной з вядучых устаноў культуры ў краіне ўзроўнем сваіх міжнародных праектаў. Так, на прафесійным конкурсе “Брэнд года” ўстанова адзначана як лідар у галіне маркетынгу і брэндынгу ў намінацыі “Культура і мастацтва” за Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. А Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) з’яўляецца паўнапраўным членам Міжнароднага Савета па Танцы пры UNESCO.

За сваю шматгадовую гісторыю “Славянскі базар” набыў уласныя традыцыі. Але пры гэтым дырэкцыя штогод прапануе новыя ідэі для развіцця гэтага знакамітага форуму мастацтваў. Напрыклад, сёлета асновай канцэпцыі фэсту стануць шматфарматнасць і разнажанравасць, а таксама падзейнасць, выяўленая ў правядзенні эксклюзіўных праектаў на ўсіх пляцоўках. Усё гэта яшчэ раз пацвердзіць высокі статус фестывалю мастацтваў як унутры Беларусі, так і далёка за яе межамі. Таксама вялікая роля будзе нададзена інтэрактыўнасці, якая ўлічвае зацікаўленасці рознаўзроставай аўдыторыі гледачоў на аснове аналізу топавых рэйтынгаў тэлеканалаў і радыёстанцый ды апытанняў у афіцыйных групах фестывалю ў сацыяльных сетках.

Як адзначыў кіраўнік Цэнтра культуры “Віцебск”, значную дапамогу на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення фестывалю аказвае кіраўніцтва горада і вобласці. Прыкметныя вынікі дасягнуты ў мадэрнізацыі інфраструктуры і эстэтызацыі гарадскога асяроддзя. Аднак удасканальвацца тут яшчэ ёсць куды. Па словах дакладчыка, пытанні пражывання, харчавання і лагістыкі ўдзельнікаў фестывалю дасюль застаюцца актуальнымі. Гэта штучна абмяжоўвае развіццё форуму.

Як падкрэсліў Глеб Лапіцкі, вырашыць гэтую і многія іншыя праблемы здатныя адно зладжаныя сумесныя намаганні муніцыпальных уладаў і Дырэкцыі фестывалю.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"