Са смартфонам па цікавостках Гродзеншчыны

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

З расповедам пра прыярытэтныя кірункі ў працы ўстаноў культуры свайго краю выступіла начальнік упраўлення культуры Гродненскага аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ.

/i/content/pi/cult/733/15928/8.JPG— Адной з галоўных нашых задач на сёння з’яўляецца забеспячэнне ўстаноў адукацыі сферы культуры Гродзеншчыны музычнымі інструментамі. У снежні 2018 года мы набылі іх 102 адзінкі. Амаль 50 працэнтаў з іх было накіравана ў сельскія школы. Закупка ажыццяўлялася з улікам забеспячэння навучэнцаў не толькі вучэбнымі, але і канцэртнымі інструментамі, якія дазваляюць годна прадставіць вобласць на конкурсах.

Звыш двух тысяч навучэнцаў прынялі летась удзел у конкурсах рознага ўзроўню. З іх 909 сталі лаўрэатамі і дыпламантамі, 65 навучэнцаў атрымалі заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Хачу адзначыць, што шасцёра — са школы мастацтваў у аграгарадку Гальшаны, у якой навучаецца ўсяго 120 дзяцей.

Галоўнай культурнай падзеяй мінулага года стаў ХІІ Рэспубліканскі Фестываль нацыянальных культур у Гродна, які за тры дні сабраў 275 тысяч чалавек. У вобласці шмат увагі надаецца арганізацыі вольнага часу жыхароў сельскіх аддаленых населеных пунктаў. Амаль кожны з аграгарадкоў мае сваё брэндавае мерапрыемства. Асаблівая ўвага — тым рэгіёнам, дзе знаходзяцца ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс аб’екты нематэрыяльнай спадчыны. Пра ўсе фэсты можна прачытаць у інтэрнэце: на розных сайтах і ў рэгіянальных СМІ мы размясцілі каляндар культурных падзей з кароткімі анонсамі і кантактнымі звесткамі на некалькіх мовах. Гэты агляд змяшчае больш за 400 мерапрыемстваў.

На інтэрнэт-рэсурсах таксама з’явілася разнамоўная інтэрактыўная карта брэндавых мерапрыемстваў Гродзеншчыны, інтэрактыўная карта музеяў і гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгіёна. Да лета будзе завершана алічбоўка музейных экспазіцый для стварэння віртуальных экскурсій. Сумесна з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама да 1 мая будзе створана спецыяльнае мабільнае прыкладанне па Аўгустоўскім канале з уключэннем усіх турыстычных прывабнасцяў гэтага аб’екта.

У вобласці вялікая ўвага надаецца стварэнню музейных экспазіцый на базе ўстаноў клубнага і бібліятэчнага тыпаў. Адкрыта 48 музейных экспазіцый, якія летась наведала 54 тысячы чалавек. Нельга сказаць, што ўсе яны працуюць аднолькава эфектыўна, але досвед для пераймання дакладна ёсць: напрыклад, музеі беларускага ручніка, пісанкі, керамікі.

За мінулы год Гродзеншчыну толькі ў рамках бязвізавага ўезду наведала 95 тысяч замежных турыстаў. Мы плануем, што нашы музеі і помнікі архітэктуры стануць запатрабаванымі ў гасцей рэгіёна, якія выправяцца ў Беларусь на ІІ Еўрапейскія гульні. Шмат замежнікаў прыязджаюць да нас з боку Польшчы і Літвы. Для іх мы распрацоўваем адмысловае мабільнае прыкладанне, у якім можна будзе знайсці звесткі пра помнікі архітэктуры, музеі, пункты харчавання і адпачынку ўздоўж адпаведнай трасы М6. Дадам, што на адноўленай трасе будуць усталяваны дарожныя знакі з аналагічнай інфармацыяй пра выдатныя мясціны рэгіёна.

Асаблівая ўвага надаецца тым паселішчам, дзе няма стацыянарных устаноў культуры. У чатырох раёнах вобласці, у якіх пакуль адсутнічаюць аўтаклубы, канцэртныя праграмы ладзяцца з выкарыстаннем транспарту аддзелаў культуры райвыканкамаў або раённых цэнтраў культуры.

Прыярытэтным кірункам у вобласці з’яўляецца работа па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, аднаўленне Старога замку дазволіць зрабіць адзіны міжнародны маршрут, які звяжа чатыры рэзідэнцыі каралёў Рэчы Паспалітай: у Кракаве, Варшаве, Вільнюсе і Гродна. Працягваюцца работы ў паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка, вежы Гальшанскага замка, на мурах Крэўскага замка, у палацава-паркавым комплексе “Свяцк”. Завяршыліся рамонтныя работы ў Каложскай царкве, заменены дах на сядзібе Міцкевічаў у Навагрудку.

За кошт спонсарскіх сродкаў завершаны работы па рэстаўрацыі часткі англійскага пейзажнага парку і аднаўленні гідратэхнічных збудаванняў і кітайскай альтанкі Музея-сядзібы Мікалая Клеафаса Агінскага. Дастаткова паспяховай стала праца ўстаноў культуры па атрыманні фінансавання ў рамках праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва.

У першым квартале 2019 года павінна завяршыцца рэканструкцыя абласной філармоніі. Сёлета плануецца перавесці абласную бібліятэку ў асобны будынак, а на вызваленых плошчах у перспектыве можна будзе стварыць мастацкую галерэю.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"