Тэатр у кантакце з публікай

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

У кастрычніку Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы адзначыць 75-годдзе з дня заснавання. Генеральны дырэктар установы Вячаслаў ГАРБУЗАЎ упэўнены: яна становіцца цэнтрам прыцягнення культурнай грамадскасці горада.

Гендырэктар паведаміў, што за мінулы год тэатрам было зладжана больш за 400 мерапрыемстваў. Лічба значна перавышае ўсталяваны нарматыў, што стала магчымым дзякуючы пастаноўцы спектакляў разнастайных жанраў.

— Пры планаванні рэпертуару мы ўлічваем такія крытэрыі, як узроставыя групы, камерцыйны поспех, стварэнне якаснага фестывальнага прадукту, — распавёў Вячаслаў Іванавіч.

Тэатр штогод ладзіць найстарэйшы ў Беларусі міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. За 24 гады свайго існавання ён прыняў больш за 600 калектываў з 57 краін свету. Між іншым, сёлетні фэст стане адным з вядучых мерапрыемстваў у рамках святкавання тысячагоддзя Брэста. Акрамя гэтага, праходзяць міжнародныя фестывалі класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” і майстроў мастацтва “Стракаты цюльпан”.

Па словах выступоўцы, летась дзякуючы мэтаваму фінансаванню, а таксама за кошт асабістых сродкаў, установа палепшыла сваю матэрыяльна-тэхнічную базу і аднавіла вялікую глядзельную залу. Пры гэтым, тэатр працягвае шукаць магчымасці дадатковага даходу. Прыцягвае да супрацоўніцтва рэкламадаўцаў, пашырае спектр паслуг: напрыклад, з’явіліся такія новыя кірункі камерцыйнай дзейнасці, як экскурсіі па закуліссі і тэатральная студыя для дарослых. У выніку, памер няпрофільных даходаў за мінулы год узрос больш чым у паўтара разы. Гэта адбілася на заробку супрацоўнікаў тэатра.

— Канешне, ён яшчэ далёкі ад жаданага, але мы працягнем рух у тым кірунку, — зазначыў гендырэктар.

Летась быў праведзены рэбрэндынг сайта: ён набыў сучасны дызайн, функцыянал, англамоўную версію. Тэатр прадстаўлены ў найбольш папулярных сацсетках, абвесткі пра будучыя прэм’еры суправаджаюцца тызерамі спектакляў.

— Адзначу, група нашых падпісчыкаў ва “УКантакце” налічвае больш за пяць тысяч чалавек і з’яўляецца самай вялікай сярод беларускіх тэатраў краіны, — сцвярджае спадар Гарбузаў. — Штомесяц на старонку заходзіць каля 800 унікальных наведвальнікаў. Асноўная частка — маладыя людзі ва ўзросце 25 — 30 гадоў. Той самы кантынгент, за які мы павінны змагацца. Актыўная дзейнасць у інтэрнэце дае нам хуткую зваротную сувязь, якая выкарыстоўваецца пры планаванні далейшых высілкаў, а таксама для аналізу якасці праведзеных мерапрыемстваў.

У рамках прафесійнага развіцця трупы на працягу года быў праведзены шэраг майстар-класаў спецыялістаў тэатральнага мастацтва, а брэсцкія акцёры прынялі ўдзел у ХІІ Міжнароднай летняй тэатральнай школе ў Падмаскоўі. На гэты год запланаваны ўдзел калектыву ў як мінімум чатырох міжнародных фестывалях. Робяцца крокі па захаванні памяці пра людзей, якія свой талент аддалі служэнню тэатру: арганізаваны збор сродкаў, каб летам усталяваць у Брэсце ганаровыя дошкі народным артыстам БССР Анатолю Логінаву і Таццяне Зарынок.

Як і многія абласныя тэатры, брэсцкі калектыў сутыкнуўся з праблемамі ў фарміраванні трупы: прасочваецца гендарны дысбаланс, не хапае маладых спецыялістаў, дасведчанага тэхнічнага персаналу. Для вырашэння гэтай праблемы Вячаслаў Гарбузаў прапануе аднавіць у Брэсцкім музычным каледжы акцёрскі курс.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"