Рэагаваць аператыўна і гнутка

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Напрыканцы Выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь да прысутных звярнуўся намеснік Прэм’ер-міністра краіны Ігар ПЕТРЫШЭНКА. Ягонае выступленне было прысвечана як розным праблемным аспектам, так і перспектыўным кірункам функцыянавання сферы культуры на бліжэйшыя гады.

/i/content/pi/cult/733/15923/5.JPG— Як неаднаразова адзначаў Кіраўнік дзяржавы, культура — гэта падмурак, на якім фармуецца і развіваецца нацыя, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка напачатку свайго выступлення. — Ад узроўню развіцця культуры залежыць многае, у тым ліку ўзровень духоўнасці і адукаванасці грамадства, таму дзяржава надае вялікую ўвагу падтрымцы культуры, яе дзеячаў, маладых талентаў.

Думаць пра перспектыву

Па словах віцэ-прэм’ера, сфера культуры ў Беларусі захавала свае лепшыя традыцыі, што стала асновай яе функцыянавання сёння. Разам з тым, на думку Ігара Петрышэнкі, усе мы павінны дакладна разумець і прыняць як кіраўніцтва да дзеяння тое, што без шырокага ўкаранення інавацый, новых формаў і метадаў работы, пашырэння пераліку суб’ектаў культурнай дзейнасці далейшае развіццё галіны будзе праблематычным.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў: залог стабільнага развіцця галіны — яе якаснае кадравае забеспячэнне. Таму кадры сферы культуры патрабуюць мэтанакіраванай падрыхтоўкі. Таксама, на думку Ігара Петрышэнкі, трэба больш шчыльна працаваць у гэтым ключы з іншымі ведамствамі і грамадскімі арганізацыямі.

— Кадравыя пытанні — гэта, на мой погляд, адна з галоўных канцэптуальных праблем сферы культуры, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Яе вырашэнне магчымае толькі праз больш актыўнае прыцягненне творчай і ініцыятыўнай моладзі да стварэння і рэалізацыі новых нацыянальных праектаў.

Дакладчык адзначыў, што імёны беларускіх талентаў часцяком становяцца здабыткам шырокай грамадскасці краіны толькі пасля таго, як яны прагучаць у замежных тэлешоу і конкурсах. Між тым, на думку віцэ-прэм’ера, мы самі павінны выяўляць маладыя таленты і падтрымліваць іх. Менавіта па гэтай прычыне Ігар Петрышэнка даручыў Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй разгледзець пытанне аб запуску нацыянальнага тэлевізійнага праекта фармату вядомых замежных шоу “Голас” і “Х-фактар”.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер, фонду па падтрымцы таленавітай моладзі трэба распачаць пошукі новых формаў выяўлення нашых талентаў. Гэтую работу, на думку Ігара Петрышэнкі, варта зрабіць больш адраснай і эфектыўнай.

— У нас ёсць Маладзёжны тэатр эстрады, які павінен стаць цэнтрам развіцця і падтрымкі таленавітай моладзі, эксперыментальнай пляцоўкай для яе творчых ініцыятыў, — сказаў Ігар Петрышэнка. — На мой погляд, у тэатры ёсць добры кадравы патэнцыял, там працуюць заслужаныя артысты Беларусі Іна Афанасьева, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, якія вельмі шмат часу аддаюць рабоце з маладымі выканаўцамі.

Намеснік Прэм’ер-міністра даручыў Міністэрству культуры прапрацаваць пытанне аб эфектыўным развіцці Маладзёжнага тэатра эстрады і стварэння на яго базе цэнтра па рабоце з таленавітай моладдзю.

Таксама Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на дзейнасць саветаў спецфондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і па падтрымцы культуры і мастацтва. На яго думку, аблвыканкамы і ўстановы адукацыі і культуры не выкарыстоўваюць у належнай меры механізмы стымулявання творчай моладзі. Таму, адзначыў віцэ-прэм’ер, будзе мэтазгодным, каб члены саветаў акумулявалі праблемныя пытанні і выходзілі з ініцыятывамі.

Па словах дакладчыка, кожны праект, які паступіў на разгляд фонду, павінен быць старанна прааналізаваны з пункту гледжання навізны, актуальнасці, сацыяльнай і творчай значнасці. А лаўрэаты павінны атрымаць сапраўднае прызнанне ў грамадстве, якое можна дасягнуць, скажам, праз арганізацыю турнэ з іх удзелам па краіне.

Колькасць і якасць

Акрамя таго, як мяркуе Ігар Петрышэнка, варта абавязкова звярнуць увагу на праблемы развіцця культуры ў рэгіёнах. У полі зроку Міністэрства культуры Беларусі павінны быць не толькі рэспубліканскія ўстановы, але і невялікія раённыя ці абласныя арганізацыі. Жыхары невялікіх гарадоў і вёсак павінны бачыць усё лепшае, што ёсць у нашай культуры, у тым ліку — і ў сталічнай.

Як мяркуе віцэ-прэм’ер, таксама надышоў час разгледзець пытанне структуры сферы культуры з улікам сённяшніх рэалій і адпаведнасці яе патрабаванням часу. Напрыклад, не зусім зразумела, чым абумоўлена наяўнасць у абласным цэнтры абласнога музея, які знаходзіцца ў падпарадкаванні аблвыканкама, і музея гісторыі горада ў падпарадкаванні гарвыканкама. На думку дакладчыка, магчыма, у дадзеным выпадку варта
падумаць пра стварэнне музейных філіялаў, а не павялічваць колькасць юрыдычных асобаў.

Таксама выказаўся намеснік Прэм’ер-міністра і пра сённяшнія намаганні дзяржавы ў плане стварэння вытворчасці па вырабе айчынных музычных інструментаў для арганізацый сферы культуры. Ён звярнуў увагу прысутных, што гэта не дзеянні тактычнага характару, а паўнацэнная стратэгічная праграма.

Свая стратэгія развіцця

Як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, рэаліі часу патрабуюць, каб кожная арганізацыя культуры, пачынаючы ад універсітэтаў і акадэмій і заканчваючы раённымі музеямі і дамамі культуры, распрацавала і прыняла да дзеяння стратэгію свайго развіцця на доўгатэрміновую перспектыву.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі, віцэ-прэм’ер парэкамендаваў выбудоўваць работу так, каб жыхары і замежныя госці краіны маглі ацаніць разнастайнасць культурных традыцый Беларусі, іх разнапланавасць і самабытнасць. А для гэтага, на думку Ігара Петрышэнкі, варта больш актыўна падключаць да працы прадстаўнікоў творчых саюзаў краіны.

Як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, кожны рэгіён нашай краіны самабытны і валодае вялікім патэнцыялам для росту культурнага і пазнавальнага турызму. Беларусь мае ўнікальныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, помнікі археалогіі, цэнтры народных рамёстваў, а таксама насычаны графік міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных культурных фестываляў ды многае іншае. Аднак увесь гэты патэнцыял, на думку Ігара Петрышэнкі, выкарыстоўваецца не напоўніцу.

Па гэтай прычыне, як мяркуе віцэ-прэм’ер, у рэгіёнах трэба больш прадметна займацца стварэннем і прасоўваннем культурна-турыстычных брэндаў як унутры Беларусі, так і за яе межамі, аб’яднаўшы ў гэтым намаганні з Міністэрствам спорту і турызму. Усё гэта, натуральна, значна падвысіць турыстычную пазнавальнасць і прывабнасць нашай краіны.

Па словах Ігара Петрышэнкі, матэрыяльна-тэхнічная база ў сферы культуры — таксама адзін з ключавых фактараў якасці і эфектыўнасці яе работы. Падтрымка з боку дзяржавы ў гэтым кірунку не выклікае сумненняў: кожную пяцігодку здаваўся пасля грунтоўнага аднаўлення адзін, а то і два аб’екты сферы культуры рэспубліканскага значэння.

— Як вы ведаеце, не кожная краіна Еўропы можа сабе такое дазволіць, — адзначыў дакладчык. — Таму ад аб’екта культуры, пабудаванага або рэканструяванага дзяржавай, мы чакаем дастойнай аддачы.

На думку Ігара Петрышэнкі, установам культуры Беларусі як рэспубліканскага, так і мясцовага падпарадкавання варта не толькі спадзяваецца на бюджэтнае фінансаванне, а і актыўна ўдзельнічаць у розных грантавых праграмах і культурных кластарах, развіваць дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва. Як лічыць віцэ-прэм’ер, без прыватнага капіталу, без краўдфандынгу і іншых падобных інструментаў сёння складана рэалізоўваць вялікія праекты. Таму супрацоўнікам сферы культуры варта прапаноўваць грамадству цікавыя праекты, адметныя мерапрыемствы і агітаваць людзей да ўдзелу ў рэалізацыі культурных ініцыятыў.

— 2019 год — год тысячагоддзя Брэста, ІІ Еўрапейскіх гульняў, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — зазначыў Ігар Петрышэнка. — Гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы павінны стаць для нас тэставымі і паказаць, наколькі сфера культуры эфектыўная ў рабоце, наколькі аператыўна і гнутка яна рэагуе на запыты беларускага грамадства і замежных гасцей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"