“Злачынства і пакаранне” літвіна

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Частка ІІ. З шабляй у руках

/i/content/pi/cult/732/15921/24.JPGПадскарбій Трыбунала

У тым самым 1759 годзе Міхала Валадковіча абіраюць дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Наваградскага ваяводства.
Разам з тым, ён атрымлівае і далёка нешараговую пасаду трыбунальскага падскарбія — чалавека, які адказваў за фінансы. Але прадстаўнікі радзівілаўскай партыі ў Трыбунале апынуліся ў меншасці. Таму на прыхільныя для сябе судовыя выракі ёй разлічваць не выпадала.

Адной са справаў, якую разглядаў Трыбунал, быў зацяжны канфлікт Юзафа Валадковіча з пакрыўджаным Яцынічам. Саму ідэю выступіць на Трыбунале супраць Валадковіча Яцынічу мог падказаць будучы падканцлер ВКЛ Антоні Пшаздзецкі, які здавён меў ад гэтага роду непрыемнасці. Праўда гэта ці выдумка тых, хто пазней спрабаваў знайсці нейкую логіку ў падзеях 1760 года, таксама невядома.

Найбольш падрабязна гісторыя Міхала Валадковіча апісаная гісторыкам з наваградскімі каранямі Эдвардам Катлубаем. У 1857 годзе ў Вільні выйшла ягоная праца “Нясвіжская галерэя партрэтаў Радзівілаў”. Заснаваная на архіве магнатаў, яна згадвае вельмі шмат дэталяў, якія не прывёў нават радзівілаўскі агент Марцін Матушэвіч. А менавіта яго дыярыуш стаў для большасці пісьменнікаў асноўнай крыніцай, з якой яны чэрпалі натхненне, апісваючы гэтыя падзеі.

Свавольства як лад жыцця

Як вядома, нормай паводзінаў сапраўднага шляхціца ў тыя часы, была ўмоўная формула “чым горш, тым лепш” (або “баяцца — значыць паважаюць”). Яшчэ трэба было зрабіць выбар, з кім з “моцных гэтага свету” ў ВКЛ ты звяжаш сваё жыццё. Здрада патрону магла мець вельмі цяжкія наступствы. Застацца “незалежным назіральнікам” у бесперапыннай грамадзянскай вайне было немагчыма. Нават сяляне апынуліся ўцягнутымі ў канфлікт. Магчыма, яго водгулле засталося і да нашага часу, стаўшы прычынай варажнечы паміж асобнымі вёскамі, якая часам яшчэ сустракаецца. Сур’ёзны і абгрунтаваны прысуд таму змрочнаму часу анархіі змясціў у сваім нарысе звычаяў шляхты ў Польшчы і Літве (1898) гісторык з Меншчыны Аляксандр Ельскі.

Вось і Міхал Валадковіч мусіў апраўдваць высокі давер Пане Каханку.

Абраны дэпутатам, ён яшчэ падчас Віленскай кадэцыі трыбунала, якая распачалася ў 1759 годзе, адзначыўся рознымі эксцэсамі. Фактычна, сваімі справамі ён не займаўся, увесь час сноўдаючыся з сябрамі па віленскіх вуліцах, не даючы спакою месцічам. Праўда, сыйшло яму тое з рук.

У пачатку лютага Трыбунал распачаў сваю працу ў Менску. Яго маршалак Міхал Сапега, нібыта маючы хатні клопат (!), перадаў маршальскае жазло віцэ-маршалку Міхалу Марыконе, а сам выехаў у свой маёнтак.

Апынуўшыся ў родным Менску, Валадковіч, які і так пачуваўся гэткім рыцарам без страху і дакору, бо заўсёды меў падтрымку сына самага ўплывовага магната, цалкам адключыў тармазы. Маючы да Марыконе справядлівую антыпатыю як да прадстаўніка варожага лагеру Чартарыскіх, а таксама як да “замежніка” — віцэ-маршалак меў карані ў сонечнай Італіі, а Валадковічы былі соллю зямлі беларускай — малады падскарбі даў волю пачуццям.

1 лютага ў сядзібе Валадковічаў (верагодна, на месцы сённяшняга Палаца Рэспублікі) быў наладжаны шыкоўны абед для запрошаных трыбунальскіх калегаў. Кажуць, што такім чынам Міхал хацеў схіліць шалі поспеху ў вырашэнні братавай справы. Калегі ад’ехалі на пасяджэнне, а Валадковіч з бліжэйшымі сябрамі працягнуў баляванне. У зале Трыбунала ён з’явіўся толькі надвячоркам, узмоцнены віном і ў аж занадта добрым настроі.

Наконт таго, дзе маглі адбывацца пасяджэнні Трыбунала, існуе некалькі версій. Адна з іх кажа пра палац, які неўзабаве будзе прыналежыць Пшаздзецкім (цяпер там галерэя Леаніда Шчамялёва), другая — пра будынак менскага гродскага суда на старым замку.

Выхапіўшы шаблю, Валадковіч падскочыў да месца маршалка, дзе сядзелі дэпутаты троцкі Францішак Рамановіч і віленскі Міхал Шумскі. Але ўбачыўшы, што Марыконе там няма, адправіўся яго шукаць і знайшоў пры канцылярскім стале. Затым пачаў патрабаваць, каб той даў загад музыкам трыбунальскай варты прыйсці і ажывіць перапынак у справаводстве гукамі бубнаў і флейтаў. Такое раней здаралася. Але Марыконе не звярнуў увагі на патрабаванні Валадковіча ды яшчэ дадаў, што гэта “гультайскі звычай”. Валадковіч, убачыўшы, што віцэ-маршалак гуляў у пярэрве ў карты на грошы, слушна заўважыў, што “гульня ў карты — шулерская справа”. Пасля чаго з усяго маху трэснуў па стале шабляй, якая апусцілася зусім блізка ад рукі Марыконе. Апошні падхапіўся і спехам адскочыў у бок, падумаўшы, што калі не раздражняць шаленца, той хутка супакоіцца.

Але дух Бахуса і Шалу патрабаваў выйсця. Валадковіч схапіў абрус, якім быў накрыты стол, змахнуў яго разам з грашыма і картамі, а потым накінуў на Марыконе і падрыхтаваўся да нападу на бяззбройнага маршалка. Гэта ўбачыў лідскі дэпутат Юзаф Длускі і паспеў схапіць Валадковіча за кунтуш, выпадкова атрымаўшы пры гэтым шабляй па руцэ. Адносна таго, наколькі сур’ёзнай была атрыманая рана, версіі даследчыкаў
разыходзяцца. Катлубай пісаў пра “да косці”, а а Матушэвіч сцвярджаў, што тая драпіна загаілася ўжо праз суткі.

Длускі кінуўся наўцёкі, бо таксама не меў зброі. Загнаны Валадковічам у кут, ён бы, пэўна, страціў жыццё, калі б на гэты раз у бойку не рынуўся сам Марыконе. Выкруціўшы руку Валадковічу, ён выбіў шаблю, якую падабраў Тадэвуш Рэйтан — ён знаходзіўся побач. Абяззброены, Валадковіч вокамгненна супакоіўся. Але калі Длускі пачаў жаліцца на рану, Міхала зноў ахапіў шал і ён, аблаяўшы таго апошнімі словамі, даў яму ў твар кулаком.

Магчыма, такія паводзіны былі абумоўленыя яшчэ і тым, што дэкрэт у справе брата быў разгледжаны зусім не на карысць Юзафа. Цяпер яму належала выплаціць Яцынічу 2000 коп грошаў (4000 злотых), ды яшчэ адсядзець год і шэсць тыдняў, прычым гэтым разам у сапраўднай вязніцы.

Неўзабаве ў зале зноў пачалася сварка. На гэты раз Валадковіч стаў гасіць свечкі. Іх запальвалі, а ён працягваў секчы кноты. Нарэшце, Марыконе зачытаў дэкрэт. Тады Міхал страшэнна аблаяў сваіх калегаў, а тыя спехам, ад граху падалей, пакінулі залу і раз’ехаліся.

На гэтым справа не скончылася. Хмель штурхаў героя вечарыны на працяг подзвігаў. Трыбунальскім музыкам, якія сядзелі на гаўптвахце, ён загадаў ісці за сабой. Крочачы па цэнтры Менску, Валадковіч
заўважыў дамініканаў, якія рухаліся з насілкамі па памерлага. Разагнаў іх, завалодаў насілкамі і пад жалобныя гукі музычных інструментаў выправіўся ў турнэ па кватэрах, дзе жылі дэпутаты Трыбунала. Нікога не заспеўшы ні там, ні на кватэры маршалка Сапегі (дзе ён паразганяў дваровых людзей), Валадковіч з насілкамі з’явіўся на кватэры трыбунальскага пісара Антонія Паца. Уварваўшыся на вячэру з шабляй, убачыў Марыконе ды ізноў нарабіў вэрхалу. Пасля чаго, зняможаны, паваліўся на падлогу і ў непрытомнасці быў дастаўлены ў сваю сядзібу.

Нечаканы працяг

Трохі ачомаўшыся на раніцу, Міхал схапіўся за хворую галаву — і вывесіў белы сцяг. А тут акурат Пац запрасіў на сваю кватэру Марыконе і Длускага з аднаго боку, і Валадковіча з другога, паспрабаваўшы іх прымірыць. І, нібыта, гэта яму ўдалося. Ва ўсялякім выпадку, вонкава так і выглядала. Але надта разумныя і моцныя гульцы стаялі за спінамі пацярпелых. Ніхто з іх не хацеў марнаваць такі выдатны шанец разабрацца з ненавіснымі Валадковічамі і накаўтам зваліць Радзівілаў.

Таму пакуль падскарбій належным чынам выконваў свой трыбунальскі абавязак, за яго спіной закруцілася сапраўдная змова. На бяду Міхала, браты і ўплывовыя сваякі ў Менску на той час адсутнічалі. Таму Марыконе пайшоў ва-банк.

Лісты, у якіх апісваліся злачынствы Валадковіча, ляцелі ва ўсе бакі. У кожным з іх яго свавольствы павялічваліся ў маштабах. Вось ужо не толькі Длускі пацярпеў, але яшчэ і пара дэпутатаў, а таксама і мэбля. Вось шабляй было рассечанае маршальскае жазло і нават крыж, які стаяў на стале. Праўда, у адных “крыніцах” сцвярджаецца, што Валадковіч шабляй ударыў побач з ім, у другіх — што меў толькі намер знішчыць святыню, а ў трэціх — што ў паўзмроку адсек невялічкі кавалак крыжа. Але агулам на выхадзе атрымлівалася даволі сур’ёзная карціна.

Апісанні злочынаў буякі атрымалі пры каралеўскім двары. Даведаўся пра іх Міхал Сапега, а таксама Чартарыскія і Пшаздзецкія. Вядома, патрапіў такі ліст і да віленскага ваяводы Міхала Радзівіла. У ім Марыконе пытаў, як належыць пакараць Валадковіча. Але думка давесці ўсё да смяротнага выраку за зневажэнне каралеўскага гонару і збройны напад ужо выкрышталізавалася ў штабе змоўшчыкаў.

Аўтарам плана некаторыя лічаць графа Пшаздзецкага — уладальніка Заслаў’я і патрона Казіміра Дамейкі, дзеда Ігната. Пагатоў, графу не раз даводзілася ратавацца з Менску ўцёкамі, калі браты Валадковічы ды іх сваякі выходзілі на “вайскова-палітычны рынг”. Ну, а тое, што Марыконе смела пайшоў у наступ і ў далейшым карыстаўся поўнай падтрымкай Чартарыйскіх, падказвае, хто стаяў на вяршыні піраміды.

Для Радзівілаў і іх прыхільнікаў справа разгортвалася самым горшым чынам. З аднаго боку, Валадковіч быў “іх чалавекам”, і яны былі абавязаны бараніць яго любым чынам. Але з-за таго, што яго свавольства ўдалося падаць як нечуванае злачынства, у якім нібыта пацярпеў гонар караля, без пакарання яно застацца не магло. Тым болей, такая выхадка шляхціца магла даць добры прыклад астатнім, падахвоціўшы іх нападаць на найвышэйшую судовую ўстанову ВКЛ, калі таго пажадаецца.

Таму Міхал Радзівіл адказаў, што суд сам мае паўнамоцтвы вырашыць, як пакараць Валадковіча. Ад удзелу ў справе магнат абстрагаваўся, адчуваючы, што мэты яе значна больш амбітныя, чым проста пакаранне злачынцы. Але ніхто не думаў, што справа вырашыцца так, як таго хацеў Марыконе.

У ноч з 12 на 13 лютага ў памяшканні менскай гаўптвахты прагучаў залп, які абарваў жыццё Міхала Валадковіча.

Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар