“Кармэн” з блакітнымі вачыма

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Самай вядомай беларускай Кармэн — Ларысе Александроўскай — 15 лютага споўнілася б 115 гадоў. Менавіта з гэтай нагоды ўвечары 19 лютага на сцэне Вялікага тэатра Беларусі — неўміручая класіка Жоржа Бізэ. А непасрэдна перад спектаклем, на другім паверсе, каля Камернай залы, якая носіць імя прымадонны, адкрыецца выстава “Адзін дзень з Ларысай Пампееўнай”. Там можна будзе ўбачыць унікальныя фотаздымкі, праграмкі, афішы, касцюмы, аксесуары, асабістыя рэчы артысткі: напрыклад, яе патэфон і туалетны столік.

/i/content/pi/cult/732/15920/22.JPGУнікальнасць спявачкі вызначалася яе дзівосным, ад прыроды пастаўленым, голасам. Яна магла выконваць рэпертуар, прызначаны не толькі для сапрана, але і для мецца-сапрана. Сваю кар’еру Ларыса Пампееўна распачала ў паўпрафесійных калектывах, і яны прывялі яе да вялікай сцэны. Дарэчы, першай операй, якую ўбачыла спявачка, была “Снягурка” Мікалая Рымскага-Корсакава. Пасля гэтага мары пра вакальную кар’еру на час яе пакінулі. Агаломшаная ўражаннямі, яна казала: “Нельга хацець апусціць сонца на зямлю або дастаць з вады адлюстраванне”.

Але нягледзячы на гэта, сцэна дачакалася Ларысу Александроўскую. Здаецца, што яна выканала ўвесь рэпертуар для сапрана і мецца-сапрана ў беларускім тэатры. Першай яе партыяй была Маргарыта з оперы “Фаўст” Шарля Гуно. Немагчыма не прыгадаць хаця б самыя яскравыя яе вобразы — Таццяны і Лізы ў “Яўгене Анегіне” і “Пікавай даме” Пятра Чайкоўскага, Любашы ў “Царскай нявесце” Мікалая Рымскага-Корсакава, Аксінні ў “Ціхім доне” Івана Дзяржынскага, Яраслаўны ў “Князі Ігары” Аляксандра Барадзіна, Алесі ў аднайменнай оперы Яўгена Цікоцкага...

Але ў гісторыю тэатра яе імя ўвайшло менавіта пад зоркай “Кармэн”, партыя якой была візітоўкай спявачкі. Менавіта гэтай операй Жоржа Бізэ ў 1933 годзе афіцыйна адкрыўся Вялікі тэатр Беларусі. Першапачаткова Александроўская згадзілася ўзяцца за ролю толькі пры той умове, што, калі раптам ёй будзе складана працаваць альбо голас не загучыць, яна зможа адмовіцца. Але працэс работы і сама постаць гераіні захапілі яе.

— І сумленная, і чыстая, — характарызавала яна іспанку. — Гэтая асноўная лінія засталася ў маёй трактоўцы вобраза і цяпер. Кармэн кахае, а не пераходзіць ад аднаго да другога. Але, кахаючы ўсёй сваёй сутнасцю, яна і ў адказ патрабуе і чакае такога ж самаадданага кахання. У Хазэ яна яго не знаходзіць і пакутуе ад гэтага. Ці правільна я трактую гэты вобраз, не ведаю. Але я спяваю сваю Кармэн шчыра.

Спявачка стварыла свой непаўторны вобраз Кармэн, які скараў публіку не адно дзесяцігоддзе. Акрамя оперных партый, Александроўская была і непераўзыдзенай выканальніцай беларускіх народных і аўтарскіх песень.

“Здавалася, што яна можа ўсё”

Сёння вельмі складана знайсці чалавека, які б ведаў Александроўскую асабіста — надта шмат ужо прайшло часу. Але ж удача мне пасміхнулася. У мінулым балерына, а цяпер адміністратар Вялікага тэатра Нінэль АНДРОНАВА не раз мела радасць стасавацца са знакамітасцю.

— Нінэль Васільеўна, што вы ўзгадваеце адразу, калі чуеце прозвішча — Александроўская?

/i/content/pi/cult/732/15920/23.JPG— Ведаеце, першым чамусьці я прыгадала, як у 1955 годзе мы разам (оперная і балетная трупы тэатра — “К”) ездзілі ў Маскву, дзе праходзіла другая дэкада беларускага мастацтва. Наш тэатр вазіў туды балет “Салавей” Міхаіла Крошнэра, у якім я танчыла, і оперу “Дзяўчына з Палесся” Яўгена Цікоцкага, дзе Ларыса Пампееўна выконвала галоўную
партыю Алесі. Я з цеплынёй узгадваю гэты час! Аб ім таксама мне нагадваюць медалі, якія ў 1955 годзе нам з мужам (народным артыстам Беларусі Валерыем Міронавым — “К”) і Александроўскай уручылі ў Маскве.

— Што вас найбольш прываблівала ў спявачцы?

— Калі яна, напрыклад, выконвала партыю Кармэн, то ў яе прычоска заўсёды была на 100 працэнтаў! Мне падабалася, што яна накручвала сабе валасы, а наверх, на самую макаўку, чапляла чырвоную ружу. А калі спявала партыю Алесі ў “Дзяўчыне з Палесся”, то хустка ў яе на галаве была завязана менавіта так, як гэта рабілі ў той час. Праз такія дэталі яна заўсёды адпавядала сваім партыям і трапляла ў вобраз. Гэта галоўнае, як мне здаецца. Скажу шчыра, мяне дзівіла, што яна заўсёды выглядала стыльна.

— Якія рысы яе характару вы запомнілі?

— Па-першае, яна была вельмі простай і добрай. Ведаеце, калі праходзіла ў тэатры міма нас, не было такога, каб мы “ахалі” і “вохалі”. Мы ведалі, што ідзе яна — Ларыса Александроўская. Заўсёды радаваліся сустрэчы з ёй, бо яна была вельмі ветлівая і таварыская. Была сама сабою! Па-другое, не магу не ўзгадаць, што Александроўская была па-вар’яцку строгай у дачыненні да сябе самой. А яшчэ варта згадаць, што яна з’яўлялася грамадскім дзеячам. Ларыса Пампееўна магла ўвайсці куды заўгодна, з якім заўгодна пытаннем — і, галоўнае, вярнуцца з вынікам, прычым менавіта з тым, які ёй быў патрэбны. І вось тут мне заўсёды здавалася, што яна сапраўды можа ўсё!

— Ці хапала вам часу, каб паглядзець, напрыклад, оперу, дзе спявала знакамітая спявачка?

— Я больш вам скажу — пераглядзела ўсе оперы, у якіх яна выконвала галоўныя партыі! Нягледзячы на тое, што я і без таго амаль жыла ў тэатры, час на гэта знаходзіла. Бо немагчыма было не пайсці. На жаль, словамі не перакажаш, як яна валодала сваім голасам і паводзіла сябе на сцэне... Чамусьці яшчэ ўзгадала, як мы малымі хаваліся за крэслы ў тэатры перад спектаклем, каб нас не знайшлі. І вельмі часта спалі ў кулісах (усміхаецца).

— Ці давялося вам сутыкацца з Александроўскай па працы?

— Так, вельмі часта. Памятаю, што яна добра адносілася да дзяцей. Заўсёды казала: “Ой, мае вы харошыя!” Для маленькіх Александроўская была, здаецца, другой матуляй... Пасля Вялікай Айчыннай вайны Ларыса Пампееўна вярнулася на вялікую сцэну. А потым стала галоўным рэжысёрам тэатра. Яна, напрыклад, паставіла оперу “Аіда” Джузэпэ Вэрдзі, а мне даверыла выконваць у ёй галоўную балетную партыю. У Александроўскай-рэжысёра была свая асаблівасць: яна ставіла спектаклі без аніякіх паперак. Вы можаце сабе гэта ўявіць?! У яе была фенаменальная памяць.

— З якімі пачуццямі ўзгадваеце той час?

— Ведаеце, у мяне толькі самыя шчырыя і цёплыя ўспаміны, я заўжды ахвотна вяртаюся ў той час, калі была зусім юнай, а Александроўская — зоркай! І не ў тым сэнсе, які ў апошні час усе прывыклі ўкладваць у гэтае слова. Зоркай — значыць вялікай! Для многіх яна была эталонам. І застаецца ім і сёння.

Усяго за час працы на пасадзе галоўнага рэжысёра Александроўская паставіла 15 опер. За адзін год ёй удавалася выпускаць па два прэм'ерныя спектаклі. А “Аіда”, дарэчы, праіснавала ў рэпертуары Вялікага да 2008 года.

Ларыса Александроўская была ініцыятарам стварэння і старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства. Пра яе напісаны кнігі і зняты фільмы. Менавіта Александроўская ў 1935 годзе абрала ў самым сэрцы Мінска на Траецкай гары месца для ўзвядзення будынка Вялікага тэатра оперы і балета. Нягледзячы на час, яе імя заўсёды гучыць у тэатры. І будзе гучаць далей!

Іна КОРСАК

Фота прадастаўлены
Нацыянальным
акадэмічным Вялікім
тэатрам оперы і балета РБ