Патэлефанаваўшы нашаму Ван Хельсінгу (пад такім псеўданімам Іван быў вядомы раней) пачулі наступнае:
- Гэты прыз стаўся для мяне нечаканасцю, бо, як вы самі маглі бачыць па тэлетрансляцыях, паводле балаў, выстаўленых журы, я не прэтэндаваў на ўзнагароды. Пад час конкурсу Ала Барысаўна таксама не выказвала сваіх уражанняў. А ўжо пасля ўзнагароджання я зайшоў да яе ў грымёрку, падзякаваў, і яна дала мне слушныя парады. Увогуле, удзел у гэтым конкурсе стаў для мяне вялізнай школай: з намі мэтанакіравана працаваў рэжысёр Аляксандр Рэўзін (гэта ён, дарэчы, папрасіў мяне “падзяліцца” шоу-балетам “Candy MEN” з расіянкай Ірыс), іміджмейкеры, стылісты, лабараторыя “Персона”, гукарэжысёры. У выніку за два тыдні (у Юрмалу трэба было прыехаць за 10 дзён да пачатку конкурса) я атрымаў ледзь не столькі, колькі за ўсё астатняе жыццё.
— За вашымі плячыма — і рок-гурт, і ўдзел у КВЗ, і праца ў дзіцячым тэатры-студыі Беларускай оперы, і галоўная роля ў мюзікле “Байкер” Уладзіміра Кандрусевіча, прэм’ера якога адбудзецца ўвосень…
— Кожны з гэтых этапаў даў штосьці і для Юрмалы: музычны падыход да рэпертуару сумясціўся з камедыйным, тэатральна-драматычным — і атрымалася тое, што атрымалася.
Н.Б.