Нам, царам, без юшкі аніяк!

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Каб адчуць сябе царом (царэўнай), падрыхтуйце 15 літраў вады. У гэтае вядзерца закіньце без разваг кіло чырвонай рыбы, дзесяць ладных бульбін, дзве — тры морквы, пяць цыбулін, 200 грамаў зялёнага гарошку. Пятрушку, кроп, базілік, лаўровы ліст, духмяны перац і соль — па густу. Варыць, пакуль не з’явіцца адчуванне царскага водару ў паветры і царскай кароны — на галаве. Піць прагнымі каўткамі.

/i/content/pi/cult/732/15918/20.JPGЗа рэцэпт царскай юшкі, адшуканы бібліятэкарамі, каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама названа найлепшай. Як, зрэшты, і за афармленне месца прыгатавання незвычайнай стравы. Свята аматараў зімовага адпачынку трэці год ладзіцца ў аграгарадку Морын. Галоўная падзея акцыі — конкурс юшкі, якую гатуюць каманды прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна і жыхары аграгарадка. Пра гэта паведаміла вядучы метадыст народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна. “Дзень разнастаілі выставы-продажы рамеснікаў з Іўя, Ліды, Навагрудка, Слоніма, Баранавічаў і Мінска”, — дадала аўтарка.

Ніна Бурко, супрацоўнік Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі, робіць спробу намаляваць творчы партрэт каляжанкі — загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Тамары Круталевіч, асобы аўтарытэтнай, харызматычнай. “Ёй няма роўных па ініцыятыўнасці, незвычайнасці задумак. Тамара Мікалаеўна — пазаштатны карэспандэнт 14 выданняў, у сваёй асобе прэзентуе тэатр аднаго акцёра цэнтральнай бібліятэкі. Пераможца шматлікіх конкурсаў і таленавіты артыст… Тамара Круталевіч у кожны свой праект імкнецца ўкласці максімум духоўнасці і шчырасці. Таму і даходзяць яны да сэрца кожнага чытача”.

6 лютага ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў адкрылася персанальная выстава Алены Піразевай — удзельніцы народнага клуба майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка”. Муж Алены, Аляксандр, таксама майстар. Жывуць і твораць яны на сядзібе “Залатая падкова”. Алена з поспехам спрабуе сябе ў розных жанрах. Яе вышытыя карціны і іконы дэманструюцца ў Мінску, Гродне, Салігорску, Валожыне, Маладзечне, Мядзелі, Слоніме. Шмат абразоў захоўваецца ў храмах Беларусі. Займаецца яна і роспісам па тканіне і шкле, вышыўкай стужкамі, набіўнымі дыванамі, жывапісам. Больш за тое, піша вершы і кожную карціну суправаджае лірычным дадаткам. Бягучая выстаўка — яшчэ адзін доказ шматграннасці таленту майстрыхі. Называецца яна “Берасцяной мазаікі чароўны напеў”. Прэзентуюцца аплікацыі з бяросты, выкананыя па нестандартнай тэхналогіі. Алена Піразева нарыхтоўвае квадрацікі з розных слаёў кары, фарміруе з іх адмысловыя арнаменты, падфарбаваныя акрылам і акварэллю. На выставе — 35 карцін з бяросты на самыя розныя сюжэты. Прадстаўлена і творчасць мужа Аляксандра: мастацкае кавальства. Пра гэта напісала дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко.

Вельмі цікавы ліст прыйшоў з Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры. Вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Наталля Бінкевіч распавядае, што яе РЦК распачаў сёлета раённы конкурс калядных гуртоў “KAZAфэст”. Установа плануе ладзіць яго штогод для захавання і адраджэння абраду калядавання, дзеля папулярызацыі традыцыйнай культуры, вывучэння асаблівасцяў абраду на Ваўкавышчыне і стварэння ўмоў для творчай камунікацыі, абмену вопытам паміж каляднымі камандамі раёна.

Піша загадчык Ашмянскай гарадской бібліятэкі Людміла Зарэцкая: “У юбілейны 75-ты год з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэкары нашай установы правялі гучныя чытанні “Мы не забудзем вас, Героі”. Мерапрыемства адбылося ў рамках літаратурна-патрыятычнай акцыі “Чытаем кнігі аб вайне”. Кніжная выстава прэзентавала сапраўдныя артэфакты: палявы планшэт, салдацкую каску, газету “Красная звязда”, датаваную 10 мая 1945 года”.

Грынкаўскі сектар культуры і вольнага часу (Свіслацкі раён) рэалізоўвае праект, прызначаны для людзей сталага ўзросту: цыкл інтэрактыўных канцэртаў называецца “Песні маёй маладосці”. Першы такі выступ адбыўся ў вёсцы Каліноўская (названа ў гонар Кастуся Каліноўскага), ва ўтульнай хаце Таццяны Калач. Звыш 30 гадоў адспявала яна ў мастацкай самадзейнасці. А дачка Таццяны Лявонцьеўны — Ніна — 18 гадоў займала пасаду загадчыка Каліноўскага сельскага клуба. Напісала пра “камерны” канцэрт загадчык Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу Марыя Самалевіч.

Раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні” ўдала ўпісаўся ў канцэпцыю вывучэння лакальнай культуры Лідчыны. Ужо чацвёрты па ліку, ён прайшоў у аграгарадку Беліца. Тут сабраліся ўсе работнікі культуры. Гатавалі гэтым разам вясельныя стравы 20 — 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Кілбаскі, мясное асарці, тварожны сыр і пірагі — усё гэта не толькі вока радавала, але і страўнік. Першым стаў Ваверскі дом культуры. Другое і трэцяе месца падзялілі Першамайскі і Беліцкі ДК.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы стала ініцыятарам правядзення ў філіяле “Дварышчанская сельская бібліятэка” выставы вышыўкі на канве “Цудоўнае — сваімі рукамі”. Загадчык аддзела бібліятэчнага абслугоўвання ўстановы Дар’я Марцінкевіч з удзячнасцю называе аўтараў: Людмілу Козел, Аляксандру Максімчык, Настассю Грыцай, Марту Шостак, Святлану і Настассю Юргель, Вольгу Кукраш.

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці прэзентаваў выданне “Забава. Народная цацка і лялька Віцебшчыны”. Выданне змяшчае інфармацыю пра традыцыйныя народныя цацкі, лялькі; звесткі пра творчасць сучасных майстроў вобласці; фотаматэрыялы па батлейцы, тэатральнай і тэкстыльнай ляльках, па драўлянай рухомай цаццы, керамічных свістульках, саламяных скрутках і цаццы з прыродных матэрыялаў. Кніга змяшчае 152 ілюстраваныя старонкі. Укладальнік і аўтар тэксту — кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар.

У аграгарадку Чарняны Маладзечанскага раёна сельская бібліятэка прэзентавала чарговы зборнік вершаў мясцовага літаратара Уладзіміра Данілюка “Не пакідай мяне…” Кніжка выдадзена напрыканцы мінулага года брэсцкай друкарняй у серыі “Маларытчына паэтычная”.

20 — 23 лютага ў Гродне пройдзе Міжнародны фестываль праваслаўных песнаспеваў “Каложскі Благавест”. У ім бяруць удзел царкоўна-прыходскія і свецкія харавыя калектывы Гродзеншчыны, а таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Сербіі, Румыніі, Беларусі. За 18 гадоў свайго існавання свята стала не толькі візітоўкай Гродзенскай вобласці, але і адным з вядучых фестываляў свету ў сваёй галіне.

Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна ўжо ў пяты раз ладзіў Шляхетны баль. У ім прынялі ўдзел усе клубныя ўстановы раёна. Супрацоўнік ЦКіНТ Пастаўскага раёна Людміла Чатовіч піша пра тое, як мерапрыемства ўдасканальвалася і з “шляхецкага” стала “шляхетным”. Сёлета баль прысвячаўся неафіцыйнаму Дню студэнта. Восем каманд сустрэліся ў Юнькаўскім СДК, каб і пабаляваць, і абраць у выніку шчырага спаборніцтва Каралеву балю. Ёй стала Ірына Іршонак з гарадскога пасёлка Варапаева. А быў яшчэ турнір шашыстаў, гучаў паланез, згадвалася студэнцкае жыццё.

Конкурс патрыятычнай песні прайшоў у Ашмянах. Называўся ён “Сэрца зямлі маёй”. На сцэне РЦК выступілі выканаўцы ўзростам ад 13 да 26 гадоў з усіх куткоў раёна. Перамогу ў намінацыі “Саліст” (14 — 18 гадоў) заваявала Ангеліна Паўлюковіч. У другой узроставай катэгорыі (19 — 35 гадоў) найлепшым аказаўся Канстанцін Яраш. Творчы калектыў “Элегія” перамог у намінацыі “Вакальны гурт”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"