Высокае неба над высокай вадой

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Талент, калі ён ёсць, праявіцца ў кожнай справе, да якой бы чалавек ні спрычыніўся. Ды ўсё ж людзей, якія былі б аднолькава паспяховымі ў розных іпастасях, не так ужо і шмат. Прынамсі, калі гаворка ідзе пра мастацкую творчасць. Не такі ўжо рэдкі выпадак, калі, скажам, графікі спрабуюць сцвердзіць сябе ў жывапісе ці нават у пластыцы. Гэтыя эксперыменты могуць быць даволі цікавымі, ды ўсё ж адчуваецца: нешта дамінуе, а штосьці ідзе “падвёрсткай”. Выключэннем з гэтага правіла з’яўляецца творчасць Георгія Паплаўскага — выдатнага графіка, майстра эстампа і такога ж значнага жывапісца. У гэтым можна пераканацца на ягонай персанальнай выставе, якая праходзіць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

/i/content/pi/cult/732/15915/15.jpgВыстава фактычна з’яўляецца падсумаваннем творчага шляху Георгія Паплаўскага. Мастак пражыў 86 гадоў, пайшоўшы з жыцця ў 2017-м. Гэта выстава памяці, першая пасмяротная. У тым, што яна адбываецца менавіта ў дадзенай экспазіцыйнай прасторы, ёсць нешта сімвалічнае. Па-першае, Георгій Георгіевіч і Міхаіл Андрэевіч сябравалі (а паміж творцамі такога рангу прыязныя стасункі — з’ява не такая і частая), а па-другое — пры ўсім непадабенстве характараў і почыркаў, і аднаму, і другому належыць надзвычай важная роля ў станаўленні беларускай мастацкай школы.

На афішы выставы радок Барыса Пастэрнака “Даўжэй за век трывае дзень…” Праўда, шмат для каго гэтыя словы больш вядомыя як назва класічнага твора Чынгіза Айтматава. І беручы да ўвагі шырокае кола інтарэсаў Георгія Паплаўскага і тэматычную панараму ягонай творчасці, назва выставе вельмі пасуе. Для беларускага творцы былі блізкімі Казахстан (на выставе прадстаўлены цудоўны цыкл лінагравюр 1960-х гадоў, прысвечаны гэтай зямлі), Індыя, Мексіка, Расія… Ён адначасова чалавек Сусвету і патрыёт сваёй зямлі.

Выставу складаюць лепшыя творы Георгія Паплаўскага — ад першых канцэптуальна самастойных работ учорашняга студэнта Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута да працаў, якія сталі нашай класікай і нацыянальным культурніцкім брэндам. Экспазіцыя зроблена надзвычай густоўна і дае ўяўленне не толькі пра творчасць мэтра, але і пра яго жыццё. Арганізатары парупіліся дапоўніць выявы тэкстамі, якія тлумачаць гледачам розныя аспекты творчасці Паплаўскага і біяграфіі мастака. Гэта “Беларусь. Пачатак шляху”, “Атлантыка. 1965”, “Берынгава мора. 1979”, “Космас. 1974 — 1994”, “Біблейскія сюжэты” і гэтак далей. У зале ўсталяваны экран, на якім дэманструюцца фрагменты хронікі жыцця мастака. Разглядаючы творы, адначасова чуеш з экрана голас іх аўтара.

Я, здаецца, някепска ведаю творчасць Паплаўскага, не абмінаю яго работы на выставах і кнігі з ягонымі ілюстрацыямі ў букіністычных крамах. Але гэтая персаналка ў чымсьці стала для мяне адкрыццём. Надзвычай уразіла спалучэнне розных іпастасяў — высокага драматызму і глыбокай лірычнасці, непадробнага пафасу і незласлівай іроніі. Не пакінулі абыякавым цыклы паводле твораў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, Чарнобыльская нізка.

А побач — такія цёплыя, эмацыйна прывабныя партрэты жонкі і ўнучкі. Філасофскае, глыбіннае асэнсаванне біблейскіх прыпавесцяў і рэалій нашай гісторыі — і разам з тым нейкае дзіцячае захапленне экзотыкай далёкіх краін. Не магу не згадаць і цудоўныя беларускія краявіды. Вышэй я ўжо пісаў, што пэндзлем Паплаўскі валодаў не горш, чым штыхелем і афортнай іглой.

Калісьці Барыс Крэпак назваў Георгія Паплаўскага “рамантыкам суровага стылю”. Мяркую, гэта вельмі трапнае вызначэнне, хоць яно і датычыць толькі адной з іпастасяў мастака. Прычым ягоны рамантызм не мае нічога агульнага з замілаванасцю. Творцу вабіць тое, што не ўплішчваецца ў рамкі будзённасці. Адзін з самых вядомых графічных цыклаў Паплаўскага прысвечаны касмічным доследам і мае паэтычную назву “Высокае неба”. Разам з тым, ці не ўлюбёны пейзажны матыў у ягонай творчасці — высокая вада, павадак на Дзвіне. У абодвух выпадках гаворка ідзе пра выйсце за звыклыя межы. Уласна кажучы, у гэтым і ёсць сутнасць творчасці. Прынамсі, творчасці Георгія Паплаўскага.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"