Бяжы, Пінок’ё, бяжы!

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Калі запрасіць на адзін рынг Пінок’ё і Бураціна — хто выйграе? У нашай краіне перамога хутчэй за ўсё будзе за другім драўляным чалавечкам, бо персанаж Аляксея Талстога даўно стаў больш папулярны за свайго італьянскага прататыпа, выйшаў за межы канкрэтнай кнігі і ператварыўся ў архетып гарэзлівасці, дапытлівасці і мэтанакіраванасці. Пры такім раскладзе сіл айчынныя тэатры ўсё роўна звяртаюцца да казкі Карла Калодзі. Апошні прыклад — “Пінок’ё” ў Тэатры юнага гледача. Аднак ці адчувальна, навошта звыклы даўганосы герой саступае месца менш знаёмаму?

/i/content/pi/cult/732/15914/14.jpgРозніца паміж дзвюма казкамі, зразумела, не толькі ў непадобных імёнах і адсутнасці/наяўнасці легендарнага залатога ключыка. Аляксей Талстой выбудоўваў раўнюткую магістральную лінію: яго драўляны чалавечак, не збіваючыся з курсу, ідзе да раскрыцця прывабнай тайны, праз неверагодныя прыгоды крыху абчэсваючы свой упарты і бестурботны характар. Карла Калодзі ж цягнула да павучальнасці: ён перамяшчаў Пінок’ё з адной жудаснай гісторыі ў другую, каб дзеці маглі дакладна засвоіць, чаго ім нельга рабіць. Яго лялечны гарэза марыць стаць жывым чалавекам, паддаецца ўплыву дарослых — і ў выніку ператвараецца ў добра выхаванага сапраўднага хлопчыка.

Пакінуўшы ў аснове фабулу Калодзі, аўтар п’есы Жанна Лашкевіч смела міксуе класічную аповесць з нашымі рэаліямі. Сучаснымі ідыёмамі расквечваецца не толькі лексіка твора. Яго дзеянне адбываецца праз сто гадоў пасля тых часоў, калі была ўпершыню распаведзеная гісторыя пра Пінок’ё. Драматург уводзіць новую рэчаіснасць: горад, які разросся так, што паглынуў практычна ўсё наваколле і вось-вось падамне пад сябе былое “поле цудаў”. Кот і Ліса тут ужо не проста махляры: яны імкнуцца здзейсніць практычна рэйдарскі захоп вольнай тэрыторыі, спілаваць легендарны Вялікі дуб ды пабудаваць на яго месцы шматпавярховы забаўляльны цэнтр пад назвай “Краіна забаў”. Фею — гаспадыню казкі — вельмі непакоіць такі паварот і, каб змяніць развіццё падзей, яна наноў запускае аповед пра драўлянага неслуха.

П’еса сапраўды прываблівае: у ёй цікава прапісана экалагічная тэматыка, дыхтоўна выбудавана змена падзей і лагічна пададзены вынікі, да якіх вядуць канкрэтныя ўчынкі на шляху духоўнага сталення героя. Аднак рэжысёр Віталь Баркоўскі моцна перапрацаваў літаратурную аснову, і многае з задумак аўтара, на жаль, так і засталося на паперы. Вядома, пастаноўшчык мае права на свой творчы погляд, аднак купіраванне многіх сцэн і дыялогаў прыглушыла першапачатковую выразнасць думкі і зблытала карты развіцця дзеяння.

Спектакль пачынаецца з уцёкаў Пінок’ё. На працягу ўсёй дзеі гэтае адчуванне бегу навыперадкі не пакідае, бо падзеі развіваюцца так імкліва, што магчымасць узяць паўзу і асэнсаваць, што ж адбываецца на сцэне, з’яўляецца хіба зрэдку. Пэўна, бяда тут — у жаданні ўціснуць увесь сюжэт арыгінальнай кнігі ў адно дзеянне. Ад пабачанага мне нават прыгадаўся апошні бестсэлер пра стварэнне тэкстаў. Прапанаваны метад пабудаваны на прынцыпе як мага больш скарачаць напісанае, маўляў, інфармацыя павінна падавацца даходліва. У тэатры падобныя правілы не заўсёды пракоцяць, бо ў падрабязнасцях і “лішніх” словах можа хавацца такое неабходнае абагульненне.

Без гэтага мізансцэнам пагражае збочванне ў занудлівае маралізатарства, як тое адбылося ў відавочна падрэзанай размове паміж Пінок’ё і татам Джапэта. Драўляны хлопчык адмовіўся есці неабабраную ад скуркі грушу і выкінуў плод, на што дарослы адразу выступіў з патрабаваннем “есці, што даюць, а то ці мала што можа здарыцца ў жыцці”. Чуць такое як мінімум дзіўна, бо, на шчасце, не ў пасляваенныя гады жывём, каб такі ракурс гастранамічных пытанняў станавіўся самай вострай праблемай выхавання…

Адна справа, калі знікла такая дэталь, як нос, што расце ад хлусні (на мой погляд, яна неабходная, бо дапамагае прынцыпова адрозніць персанажаў — каб не чуць больш за спінай запыт маленькай глядачкі: “Дык як тут клічуць Бураціна?”) або тэма з ператварэннем гультаёў у аслоў. Іншая — калі наступная ўстаўная сцэна ўвогуле згубіла пачатак і канец, пакінуўшы рытарычным пытанне, з чаго гэта раптам Пінок’ё гаворыць Феі пра сваю любоў да яе. Адказ схаваны ў выкрасленых радках: паводле тэксту п’есы, у Феі драўляны гарэза пабачыў маці, якой яму так не ставала. А ў іншым скасаваным маналогу ён прыходзіць да высновы: “Я так хачу стаць чалавекам, таму што чалавек умее любіць!” Пагадзіцеся, гэтая фраза робіць гісторыю зусім іншай!

Такія недарэчнасці выклікаюць шкадаванне, бо спектакль насамрэч задуманы няблага. ТЮГ урэшце пачаў пазбаўляцца ўласцівай яму раней манеры павучальнасці і натужлівай маштабнасці. Апошнія прэм’еры накшталт пастаноўкі для падлеткаў “Паводле мёртвых душ” ці для малечы “Муха-Цакатуха” падаравалі шмат гарэзлівых і шчырых акцёрскіх работ. У тым жа “Пінок’ё” нямала складнікаў для глядацкага поспеху: стыльныя касцюмы і дэкарацыі-трансформеры ад мастака-пастаноўшчыка Дар’і Волкавай, дакладна падабранае музычнае афармленне ад Паўла Захаранкі, крутыя медыяпраекцыі, раздолле для акцёрскага самавыяўлення (чым, напрыклад скарысталіся Марыя Возба і Генадзь Гаранскі ў ролях Лісы і Ката). Не хапае хіба ўцямных акцэнтаў, што дазваляюць зразумець, чаму менавіта Пінок’ё і яго пошукі сябе неабходныя юнаму пакаленню.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"