Навагодні святочны… прымітыў

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Практыкум побытавай этнаграфіі
За кароткі прамежак часу Беларусь стала краінай, дзе пераважае гарадское насельніцтва. Як і ва ўсім свеце, наша этнічная культура сфарміравалася ў сельскім асяроддзі. І як усюды ў свеце, яна адыходзіць у нябыт, бо пераемнасць страчваецца. Пытанне ў тым, што з гэтай культуры мы ўсвядомім як сваю нацыянальную каштоўнасць, як частку сваёй душы. Лічу, надышоў час прыстасаваць нашы народныя традыцыі да гарадскога асяроддзя. А яны ў нас багатыя і адметныя. Многае захавалася ў архаічных формах. Паразважаем найперш пра зімовыя карнавальныя звычаі, здатныя стаць крыніцай натхнення для творчых культработнікаў.

/i/content/pi/cult/732/15910/9.JPGПастаялі і пайшлі

Каторы год з сумам назіраю, як у нашай сталіцы перад Новым годам арганізуюць шэсце Санта-Клаусаў, Дзядоў Марозаў і Снягурак. Па-першае, гэта змешванне традыцый розных народаў, не характэрнае для беларусаў. Па-другое, даецца ў знакі поўнае няведанне арганізатарамі традыцый святкавання Новага года ў нашым краі. Нарэшце, відавочнай становіцца абыякавасць да гэтых традыцый асоб, адказных за культурную праграму ў раёнах сталіцы падчас навагодняй ночы.

Гэты Новы год я сустракала ва Уруччы, дзе ў кожным двары грымелі феерверкі і петарды. Усё, як і ў кожным раёне: каля ялінкі ладзілася праграма, вядучыя якой (можа, іх запрасілі з дзіцячага садка?) арыентаваліся ў асноўным на малечу. Гульні кшталту “Море волнуется раз…” — гэта добра, бо дзяцей разам з бацькамі прыйшло шмат. Дарослых на поўным сур’ёзе прымушалі гаўкаць, бо мінуў Год сабакі па ўсходнім календары, і рохкаць як свіння — у гонар новага года. Тым, хто прыйшоў, было нецікава — пастаялі і пайшлі.

Бачыла, як людзі рознага ўзросту імкнуліся стаць у карагод вакол ёлкі, але ініцыятыва не была падтрымана, і яны настальгічна спявалі “В лесу родилась ёлочка” ў сваім вузкім коле, трымаючы дзяцей на руках.

Між тым, у памяці засталіся 1990-я гады, калі для дзяцей і дарослых ля такіх жа раённых ёлак праводзіліся масоўкі з гульнямі, танцамі, выступленнямі добраахвотнікаў з натоўпу, якім выпадаў фант, і ўсе дружна загадвалі ім паскакаць полечку, расказаць вершык або пахадзіць буслом. У некаторыя раёны запрашалі народныя фальклорна-этнаграфічныя калектывы з розных куткоў Беларусі, ладзілі паказы батлейкі і спектакляў фальклорных тэатраў.

На такія пляцоўкі ў навагоднюю ноч па ўласнай ініцыятыве прыходзілі гарманісты і спаборнічалі — хто каго перайграе, а дарослыя пад гэтыя мелодыі танчылі і вадзілі карагоды. Забаўлялі прысутных традыцыйныя маскі: Дзед і Баба (дзед вадзіў на ланцугу Казу, якая скакала, мэкала, бадала дзяцей і дарослых), Цыган прадаваў Каня, а Цыганка варажыла, танчыла, спявала. Яшчэ былі маскі Мядзведзя і Бусла, якія па чарзе наладжвалі гульні і дыялогі з прысутнымі.

Гучалі шчадроўскія песні ў выкананні маладзёжных спеўных гуртоў. Да такіх масовак моладзь рыхтавалася загадзя, за месяц — паўтара. На спецыяльныя заняткі прыходзілі вучоныя з Акадэміі навук і расказвалі пра народныя традыцыі з розных рэгіёнаў Беларусі, пра атрыбуты абрадаў калядавання і шчадравання, пра міфалагічнае значэнне і функцыі ў абрадзе пэўных масак. Для гэтага муніцыпальныя ўлады выдзялялі памяшканне ў цэнтры горада. Працуючы на радыё, я рабіла рэпартажы з такіх сустрэч у навагоднюю ноч з розных раёнаў сталіцы. І гэтыя масоўкі ўсюды праходзілі на добрым мастацкім узроўні. Ніякага параўнання з сучасным прымітывам!

Час змяніць канцэпцыю

У гэтым кантэксце натуральна прагучыць пытанне: “А што ты прапануеш?” Думаю, час змяніць канцэпцыю святкавання Новага года ў сталіцы і абласных ды раённых цэнтрах, пабудаваўшы яе на аснове беларускіх народных калядных традыцый. Правядзіце конкурс праграм, адбярыце лепшыя фальклорныя калектывы, добра заплаціце ўдзельнікам, стварыце ім належныя ўмовы, каб можна было абагрэцца ды паесці гарачага ў перапынках паміж выступамі, бо працаваць на марозе нялёгка. Упэўнена, што знойдуцца тыя, каму будзе цікава арганізаваць для мінчан навагодняе свята, ды і самім павесяліцца ад душы, пры гэтым зарабіўшы грошай.

Святкаванне Новага года ў Беларусі па народных традыцыях — гэта карнавал традыцыйных масак, якія выконваюць пэўныя абрадавыя функцыі. Але перш за ўсё варта нагадаць: а што ж такое карнавал увогуле?

Пахаванне Дзеда

У многіх еўрапейскіх краінах карнавалы ладзяць на Масленіцу. Некалі па вуліцах гарадоў вазілі на вялізных павозках пудзіла Дзеда-Карнавала з выразнымі атрыбутамі мужчынскай прыналежнасці. Ён увасабляў продка ўсіх людзей. Але менавіта ў Беларусі да нашага часу захаваўся абрад “Пахаванне Дзеда і Бабы на Масленіцу”, які мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Яго практыкуе жменька пажылых жанчын у Гарадоцкім раёне. Пакуль невядома, хто падхопіць традыцыю і захавае яе для нашчадкаў.

У панядзелак маслянага тыдня памірае Дзед. Ён для ўсіх дзед-продак, нягледзячы на тое, што ўдзельніцы абраду размяркоўваюць паміж сабой ролі яго палюбоўніц, пляменіц, унучак, далучаючы тых, хто прыходзіць паглядзець на дзіўную па форме і змесце дзею. Дзед ляжыць на покуці, гарыць свечка, на стале ляжыць бохан хлеба, а на падаконніку — шклянка з вадой. Бабы галосяць па нябожчыку, прыдумляючы па ходу ягоную біяграфію. Дзеду даюць імя Сідорка або якое іншае. Пражыў 120 гадоў, а гуляка быў, абжора і п’яніца. Аднак работнік добры, усё ўмеў рабіць. За такой гаворкай пра яго і галашэннямі працягваецца развітанне з Дзедам.

Даўней казалі: “Дзед касцёй у Каляды падавіўся і памёр, а баба ягоная ўлякнулася (сырніцай падавілася) і ляжыць. Мабыць, і яна памрэ, хоць маладзейшая за дзеда”. Прыходзіць Лекарка і шукае гэтую костку. За ёю поп і дзяк адпяваюць “нябожчыка”, махаюць кадзілам, пасля чаго мужчыны выносяць Дзеда з хаты і кладуць на саначкі. Яго вязуць у канец агарода і закідваюць снегам. Прыйшоўшы дадому, накрываюць “памінальны” стол, выпіваюць па тры чарачкі, аддаўшы даніну памяці Дзеду-продку, а затым гуляюць падчас застолля, якое наладжваецца ў складчыну.

Раней праз тыдзень у панядзелак хавалі такім жа чынам і Бабу, цяпер толькі абазначаюць яе існаванне. А некалі ж гэтыя пахаванні маркіравалі межы Масленіцы і ўслаўлялі продкаў, ад якіх пайшлі ўсе людзі. Закопваючы Дзеда і Бабу ў зямлю, хацелі, каб яны аддалі ёй сваю плоднасць, садзейнічалі багатаму ўраджаю. У Дзеда і Бабу ўвасобіліся некаторыя жыхары ў вёсцы, іх біяграфіі ўпляталі ў гісторыі жыцця персанажа. Яны, як і Дзед-продак, былі доўгажыхарамі, мелі шмат дзяцей і былі здаровымі, жыццялюбівымі, працавітымі. Такімі ж жадалі быць і ўсім прысутным.

Карнавал па-нашаму

Даследчыкі лічаць, што слова “карнавал” або абазначае мяса, якім да абжорства наядаюцца перад Вялікім постам, або паходзіць ад лацінскага carrus navalis — павозка-карабель. І тут варта ўзгадаць, што Даждзьбог (адна з іпастасяў Пяруна) раз’язджае па небе на сонечнай калясніцы, упрэжанай у чацвёрку белых коней. Конь — татэмная жывёла, звязаная з салярным культам у старажытных славян.

І калі Цыган вядзе Каня, то гэта азначае пажаданне быць моцнымі, здаровымі, працавітымі і цягавітымі. Конь звязаны з працай земляроба, ваяра і святара. У касмаганічных міфах ён належыць сонечнаму боству. Ярылу (адна з іпастасяў Пяруна), якога ўяўлялі вярхом на белым кані. Каня таксама звязвалі з душамі продкаў — узгадаем з летапісаў пра нашэсце
наўяў (душ памерлых) у Полацку: яны пакідалі пасля сябе конскія сляды. Або Дзікае паляванне, апісанае Уладзімірам Караткевічам.

Некаторыя ўзводзяць паходжанне карнавалу ад рымскіх сатурналіяў. Пры гэтым у заходнееўрапейскіх краінах гэтая традыцыя выключна гарадская — з касцюміраванымі пагулянкамі, маскарадамі, танцамі, маляўнічымі шэсцямі па вуліцах. У Ніццы возяць вялізных шматмятровых лялек, у Кёльне паляць саламянае пудзіла, як і ў нас. Да вялікіх гарадскіх карнавалаў рыхтуюцца цэлы год, падбіраючы каманды ўдзельнікаў на конкурснай аснове. Самы знакаміты карнавал — у Рыа-дэ-Жанэйра. А карнавал у Калумбіі мае статус нематэрыяльнай каштоўнасці чалавецтва. Існуе Асацыяцыя еўрапейскіх карнавальных гарадоў.

У нас існуе толькі адна гарадская (дакладней, местачковая) карнавальная традыцыя: у Давыд-Гарадку. Мясцовыя жыхары вырабляюць для “Коныкаў” разнастайныя маскі з пап’е-машэ, шыюць касцюмы, беражліва захоўваюць асноўныя атрыбуты свята — калядную зорку і макет Каня. Галаву Каня вырабляюць з валёнка або набіваюць анучамі сшыты мяшок, да якога прышываюць грыву, малююць вочы і рот, робяць з двух лазовых кошыкаў, якія змацоўваюцца рэйкамі. Разам з канём на падворкі гарадчукоў прыходзяць разнастайныя маскі — Дзед і Баба, Казёл, Бык, Мядзведзь, Воўк, Заяц, Баран, Бусел з немаўлём, Цыган і Цыганка з дзіцем, Смерць з касой, Звяздар, Скарбнік. Яны апавяшчаюць пра сваё з’яўленне гукамі труб, барабанаў, ражкоў. Мясцовы настаўнік Мікалай Бразоўскі стаў вучыць дзяцей рабіць маскі з пап’е-машэ, з’явілася шмат іншых казачных персанажаў, герояў мультфільмаў, вобразаў сучаснікаў. І гэта таксама цікава.

Некалькі гадоў таму Мікалай Паўлавіч узгадаў аповед свайго бацькі Паўла Андрэевіча (1905 — 1993) пра тое, што ў час Першай сусветнай вайны тут стаяла казацкае войска, пасля чаго на Шчадрэц сталі вадзіць каня. З такой гіпотэзай паходжання свята пагадзіцца нельга, бо Каня або Кабылку на Палессі вадзілі не толькі ў Давыд-Гарадку, і не толькі Цыган з Цыганкай, але і такія маскі, як Афіцэр і Барыня.

Доктар філалагічных навук Васіль Ліцвінка, які нарадзіўся і вырас у Столінскім раёне, лічыў, што Конь у абрадзе шчадравання — гэта водгук перасялення плямён і народаў. І ўзгадвае шчадроўку, якая сведчыць, што маску Каня звязвалі менавіта з днём Васіля 14 студзеня (першым днём Новага года). Навуковец лічыў, што калядаванне і шчадраванне ў вёсках лепш прымяркоўваць да мясцовай традыцыі, а ў гарадах яны больш арганічна ўпісваюцца ў святочны настрой 31 снежня.

На Масленіцу на Міншчыне была традыцыя гушкання на арэлях, а таксама, як і ўсюды — катання на конях (на доўгі лён), з горак на санках. На Віцебшчыне кацілі вялікую або насілі ў руках малую ўпрыгожаную калодку і наведвалі з ёю халастых хлопцаў з напамінам і пажаданнем хутчэй ажаніцца.

На Усходнім Палессі ў апошні дзень Масленіцы, развітваючыся з зімой, ужо гукалі вясну, бо лічылі, што паміж каляндарнымі перыядамі не павінна быць перапынкаў. Адна такая традыцыя ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна захавалася і мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі.

Зімовая традыцыя ігрышчаў (на Паазер’і гэта “Жаніцьба Цярэшкі”, а на Міншчыне — “Ката пячы”) таксама мае элемент карнавалізацыі, які праяўляецца ў перавёрнутасці вясельных звычаяў, выкарыстанні эратычных гульняў у мастацкай форме. Абрадавая гульня ў вяселле або ў сімвалічнага Ката праводзілася ў сельскай абшчыне для таго, каб падабраліся новыя шлюбныя пары і ніхто не заставаўся адзінокім. На Лепельшчыне быў нават натуральны карнавальны персанаж — Дзед, а ў Глыбоцкім раёне шлюбную пару продкаў сімвалізавалі ступа з таўкачом.Усе пералічаныя карнавальныя традыцыі могуць далікатна ў той ці іншай ступені выкарыстоўвацца падчас гарадскіх святкаванняў Новага года і Масленіцы — што будзе цікава не толькі карэнным гараджанам, але і тым, хто яшчэ памятае свае вясковыя звычаі. Натуральна, што і замежныя госці не застануцца абыякавымі да праяў этнічнай культуры беларусаў.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ, грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі