Бе-Lа-Рускія досвіткі

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

На мінулым тыдні каля Кургана дружбы на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі адбыўся XVII Міжнародны маладзёжны лагер “Бе-Lа-Русь-2008”. У ім прынялі ўдзел каля 600 дэлегатаў. У самім брэндзе, які складаецца з першых складоў назваў трох дзяржаў, закладзена ідэя адзінства моладзі.

Рашэнне аб арганізацыі і правядзенні лагера было зацверджана на ўзроўні ўрадаў і міністэрстваў краін, арганізатарамі ж палатачнага гарадка ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці на працягу гэтых гадоў нязменна заставаліся Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Саюз моладзі за прагрэс Латвіі і Расійскі саюз моладзі.
Як паведаміў “К” намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыйна-ідэалагічнай работы ЦК БРСМ Іван Сінічкін, ля Кургана дружбы сабралася самая актыўная, ініцыятыўная, спартыўная і творчая моладзь, якую не спалохалі адлегласці і межы. Ад кургана ў тры бакі разбегліся алеі: бярозы вядуць да Беларусі, клёны — да Расіі, ліпы — да Латвіі. З вяршыні на іх паглядаў велічны дуб, які сімвалізуе добрасуседскія адносіны трох народаў. Яго галінкамі асвячаюць на ўрачыстым адкрыцці пачаткоўцаў. Тую ж дубовую галінку як галоўны сімвал міжнароднага лагера на закрыцці перадалі прадстаўнікам Латвіі, якая стане гаспадыняй у наступным годзе.
Сёлета ж на памежжы гаспадарыў Расійскі саюз моладзі. Беларускі бок прадстаўляла дэлегацыя БРСМ. А латышы прывезлі з сабою навучэнцаў ліцэя з польскага горада Ціхановіцэ, каб тыя на добрым прыкладзе павучыліся ў краін-суседак эфектыўнаму супрацоўніцтву маладзёжных арганізацый.
Увогуле, на змену запрашалі тых актывістаў, якія бачаць сябе ў будучым у якасці журналіста ці ўжо сёння шмат супрацоўнічаюць з маладзёжнымі выданнямі сваіх краін. Спецыяльна для іх была арганізавана медыя-школа. Для зацікаўленай моладзі прафесіяналы раскрылі некаторыя сакрэты майстэрства, распавялі пра нюансы працы журналіста ў “гарачых кропках” планеты і паднялі пытанні інтэрнет-журналістыкі.
Фантазію і арыгінальнасць праявілі дзяўчаты і хлопцы ў конкурсах: песенным “Бе-Lа-Рускія досвіткі”, конкурсе бівакаў, лепшых фотаздымкаў, малюнкаў на асфальце. Гаспадары змены ўвялі сёлета новуютрадыцыю: імёны і фатаграфіі ўсіх пераможцаў, а таксама самых адметных асоб лагера ўнеслі ў Кнігу рэкордаў, якую латышская дэлегацыя прадоўжыць у наступным годзе.
У рамках праекта адбылася сустрэча кіраўнікоў дэлегацый, на якой закраналіся аспекты далейшага супрацоўніцтва маладзёжных арганізацый і па-за межамі міжнароднага лагера. Больш за другія абмяркоўвалі пытанне аб арганізацыі студэнцкіх атрадаў. Асабліва беларускім вопытам арганізацыі студэнцкіх атрадаў зацікавіліся латышы, бо на сёння ў Латвіі дзейнічае ўсяго адзін студатрад, а запатрабаванасць у іх нашмат перавышае прапанову.
Напярэдадні ж закрыцця дэлегаты сустрэліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Урачысты мітынг і ўскладанне гірлянд ды кампазіцый з кветак да падножжа Кургана дружбы стала добрым сімвалам еднасці пакаленняў і ўмацавання добрасуседскіх адносін.

Наш кар.