Цела як сродак выяўлення

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Заўтра ў Мінску завяршаецца VII Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа”. Чым ён адрозніваецца ад ранейшых такіх фестываляў?

/i/content/pi/cult/732/15908/8.JPGАсаблівасці сёлетняга форуму відавочныя нават тым, хто пакуль не паспеў на яго патрапіць, але бачыў афішу: на ёй некалькі разоў паўтараецца слова “перформанс”. На мінулых жа форумах, здаецца, часцей пераважалі паказы ў кірунку contemporary dance. Ці ўласна пластычныя спектаклі.

Большай стала і колькасць замежных удзельнікаў. Прычым не толькі з суседніх Польшчы і Расіі, але і з далёкіх краін: Аўстрыі, Ізраіля, Кітая. Форум пашырае свае межы? Вядома. Прычым не толькі геаграфічныя, але і жанравыя. А яшчэ — сцэнічныя, бо з цягам часу ахоплівае ўсё новыя канцэртна-тэатральныя пляцоўкі. Апошніх сёлета аказалася чатыры: культурны хаб Ок16, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, а таксама Музей-майстэрня Заіра Азгура.

Больш насычанай і канцэптуальна скіраванай стала адукацыйная праграма. Лекцыі ды майстар-класы праводзіліся ў час форуму і дагэтуль. Але сёлета яны яшчэ шчыльней звязаныя паміж сабой, некаторыя нават групуюцца ў своеасаблівыя тандэмы ці мініцыклы, дзе лекцыйны матэрыял і сам паказ перформансу ці спектаклю ўяўляюцца рознымі складнікамі адзінага цэлага.

— Адной з галоўных мэтаў форуму, — гаворыць мастацтвазнаўца, тэатральны і танцавальны крытык Святлана Уланоўская, — стала імкненне прадэманстраваць самыя розныя спосабы работы з чалавечым целам, якія далёка не вычэрпваюцца адно танцавальнай культурай. Танец у праграме таксама застаўся, але толькі як частка куды больш шырокай тэатральнай прасторы, у цэнтры якой — чалавечае цела. Яно выступае галоўным сродкам выяўлення, якому падуладна ўсё. Так, сёлета шырока былі ахоплены перфарматыўныя тэхнікі і пантаміма, прадстаўленая польскім акцёрам і рэжысёрам Юзэфам Маркоцкім. Апошняму належыць наступнае трапнае выказванне: “Слова бывае адназначным, а пластыка і форма даюць чалавеку свабоду інтэрпрэтацыі — кожны сам для сябе можа штосьці зразумець”.

Ёсць на форуме, як ужо адзначалася, і contemporary dance. Але побач з дадзеным кірункам — да прыкладу, фізічны тэатр OddDancе з Санкт-Пецярбурга. Гэты калектыў прывёз “Чалавека па імені…” — спектакль, прысвечаны знакамітаму англійскаму пісьменніку, матэматыку і філосафу Льюісу Кэралу. Міждысцыплінарныя сувязі прадстаўлены Люблінскім тэатрам танца. Акрамя лекцыі заснавальніцы калектыву харэографа Ханны Стрэмецкай, будзе паказаны перформанс цяперашняга арт-дырэктара тэатра Рышарда Каліноўскага. А ў гэтым перформансе, да ўсяго, скарыстаны відэафрагмент аднаго са спектакляў.

Увогуле, акцэнт сёлета быў зроблены найперш на замежныя пастаноўкі — і ў гэтым ёсць рацыя. Беларускае мастацтва павінна развівацца ў кантэксце найноўшых еўрапейскіх тэндэнцый. Ну, а тое, наколькі поўна яны былі прадстаўлены на форуме, якімі мастацкімі якасцямі вылучаліся прывезеныя пастаноўкі, будзем бачыць у фінале, падводзячы вынікі.

Зразумела, за пяць фестывальных дзён немагчыма ахапіць усё. Гэтак жа марна спадзявацца, што цягам некалькіх лекцый і майстар-класаў можна выкласці рэальныя вектары нашага далейшага руху ў неабсяжным моры пластыкі. Таму сёлета было вырашана пашырыць адукацыйную праграму — у тым ліку, у часавым вымярэнні. Хацелася б, каб яна не абмяжоўвалася тэрмінам правядзення самога форуму, а працягвалася ўвесь год — ад аднаго фестывалю да другога. Дзеля гэтага з сакавіка пачне дзейнічаць сумесны праект — цыкл кінапаказаў “Спачатку было цела”. А ў перспектыве — стварэнне супольнасці тых, хто цікавіцца эксперыментальным тэатрам, сучаснымі пластычнымі кірункамі і здольны іх развіваць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"