Сведчанне сур'ёзных намераў

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Дакументальных стужак пра “Песняроў” ужо існуе нямала, а праз нейкі час можа з’явіцца і мастацкая. Новая прыватная ініцыятыва з красамоўнай назвай Фонд падтрымкі і развіцця мастацтваў аб’явіла конкурс сцэнарыяў чатырох ігравых фільмаў, тэмы якіх пачэрпнутыя з нашай нядаўняй мінуўшчыны. Гэта зорны для “Дынама Мінск” чэмпіянат 1982 года, спартыўныя і асабістыя лёсы Вольгі Корбут і Аляксандра Мядзведзя, а таксама гісторыя легендарнага ВІА.

— У грамадстве ёсць запыт на айчынныя мастацкія фільмы, які поўнага задавальнення доўгі час не знаходзіць, — кажа заснавальнік фонду прадзюсар Аляксандр Мышалаў. — Таму беларусы з зайздрасцю глядзяць стужкі пра расійскіх герояў. А хацелася б, каб з’явілася і адваротная тэндэнцыя. Няма сумневу, што кожны такі прарыў быў бы карысны для ўсіх удзельнікаў кінавытворчасці. Бо на сёння ўсім нам, каб годна прадставіць сябе, трэба спярша прадставіць краіну.

Па яго словах, менавіта памкненнем прасунуць айчыннае кіно на рынкі суседніх дзяржаў (а гэта адзіны спосаб зрабіць яго рэнтабельным) абумоўлены і выбар тэм — блізкіх не толькі кожнаму айчыннаму гледачу, але і бадай для ўсёй постсавецкай прасторы.

— Адзіны шанс для нас прарвацца на сумежныя рынкі — гэта зрабіць добрую гісторыю, — перакананы суразмоўца. — Мы не чакаем, што нехта дашле нам на конкурс той шэдэўр, які мы чакалі. Гатовыя доўга і карпатліва працаваць з тымі аўтарамі, якія маюць здольнасць генерыраваць цікавыя ідэі.

Сродкі на здымкі фільмаў прадзюсары будуць шукаць ужо пасля з’яўлення сцэнарыяў. Але пра сур’ёзнасць іх намераў сведчыць як мінімум сума ўзнагароджвання для аўтараў. Кожны з чатырох пераможцаў атрымае па дзесяць тысяч рублёў без залежнасці ад далейшага лёсу праекта — плюс аналагічны ганарар пры яго рэалізацыі.

На думку спадара Мышалава, такі падыход заахвоціць да сур’ёзнай працы на ніве кіно як пачаткоўцаў, так і ўжо рэалізаваных аўтараў і адкрые новыя таленты.

— Мы ні ў якім разе не імкнёмся супрацьпаставіць сябе іншым суб’ектам культурнага працэсу, — падкрэслівае ён. — Лічу, нам усім трэба разам працаваць для далейшага развіцця айчыннай кінасупольнасці. І натхніўшыся прыкладам тых, хто ўжо плённа і самастойна шчыруе на ніве беларускага кіно — скажам, Аляксандрай Бутар — мы хочам таксама зрабіць свой унёсак у фарміраванне іміджу Беларусі.