Жыў на Палессі мастак…

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Прамінуў ужо больш за год з таго снежаньскага дня, калі на зямлі на аднаго добрага чалавека стала меней. Заўсёды ўсмешлівы, падцягнуты, бадзёры, мастак Мікалай Дуброва пакінуў наш свет раптоўна. Адбылося гэта непасрэдна на сустрэчы выпускнікоў у сяле Каменка, акурат у той гістарычны момант, калі ён прэзентаваў роднай школе сваю карціну. Сэрца...

/i/content/pi/cult/731/15901/page-14-1.jpgЛетапіс краю

Крыху пазней мастацтвазнаўцы раскладуць творчасць Дубровы па паліцах, апішуць яго манеры, стыль, унёсак у беларускае мастацтва. Але ўжо і цяпер зразумела, што культура Гомельшчыны панесла цяжкую страту.

Пра знешні выгляд мастакоў звычайна не гавораць, робячы акцэнт на іх творчасць. Але як выкрасліць з памяці ягоны круглы твар з добрымі, дзівоснымі, таксама круглаватымі ярка-блакітнымі вачыма? Дабрадушны выраз таму твару надавала і абавязковая барада, часам акруглая, часам “лапатай”. А вузкія скураная штаны — такія звычайна носяць нейкія рокеры-металісты — пацешна дапаўнялі яго гарманічным вобраз “палешука”.

— Я рады за свайго сябра, які выдатна праспяваў і працягвае спяваць сваю песню... — прамаўляў у 2016 годзе на адкрыцці выставы “Зямля палеская” ў Нацыянальным мастацкім музеі старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.

Шчыра кажучы, карціны Дубровы не вельмі нагадваюць песню ці музыку, з якой так часта любяць параўноўваць жывапіс. Меладычнасцю вылучаюцца творы, больш набліжаныя да абстрактнага мастацтва. Мікалай жа стварыў своеасаблівы летапіс краю, альбо — як адзначыў у сваім некралогу архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі ўладыка Стэфан, “карціны Мікалая Кузьміча — гэта як экскурсія па Палессі, якая апявае прыгажосць роднай зямлі і простага чалавека”. Ад сябе дадамо — у духу дыхтоўнага рэалізму беларускай школы.

/i/content/pi/cult/731/15901/page-14-2.jpg

Дуб і бяроза

У Беларусі шмат месцаў з найменнем Дуброва. Толькі ў Гомельскай вобласці налічваецца 11 аднайменных паселішчаў. А колькі іх у іншых абласцях, а таксама ў суседніх Расіі і Украіне! Пэўна, аналагі такога тапоніму ёсць ва ўсіх славянскіх краінах. Ён пазначае раўнінны лес з перавагай дубовых дрэў. Так верыцца ў вітальную сілу прозвішча, што асацыюецца ў нас з магутным дубам...

Тым не менш, Мікалай Дуброва нарадзіўся 15 студзеня 1952 года ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна. Разам са сваім братам Віктарам, скончыў Пензенскую мастацкую вучэльню. Затым, у 1982 годзе, паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут — цяперашнюю Акадэмію мастацтваў. Гэта ўжо само па сабе сведчыць пра адоранасць абодвух братоў. На другую палову XX стагоддзя прыпадае росквіт беларускай графікі, і адпаведнае аддзяленне БДТМІ славілася на ўвесь Савецкі Саюз. Таму паступіць туды здавалася нерэальным.

Кажуць, Віктар Кузьміч Дуброва быў адным з любімых вучняў народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага. Малады творца валодаў яркім талентам і падаваў вялікія надзеі. Ды, на жаль, лёс яму адмерыў вельмі кароткі век: мастак пакінуў гэты свет яшчэ ў 1994 годзе. След яго жыцця і творчасці губляецца ў Мазыры... Сёння я вельмі шкадую, што не распытала ў Мікалая Кузьміча пра яго брата, пакуль такая магчымасць была.

У атмасферы правінцыі

Мікалай Дуброва вядомы найперш не графікай, а жывапісам, з дапамогай якога ён як мог апяваў сваю малую радзіму. У Беларусі цяжка кагосьці здзівіць пейзажным жанрам — і, напэўна, таму на змену драматычна выбудаваным прыродным матывам у творчасць мастака паступова прыходзяць глыбокія па сваім змесце партрэты сучаснікаў. Асабліва ўражвае цыкл выяваў пажылых жанчын, створаны Дубровам у апошнія гады жыцця. Антонаўна з аднайменнай карціны разам са сваім домам назаўсёды застанецца ў памяці людзей такой, якой яе ўбачыў і захаваў мастак.

Пажылая жанчына ў хустцы і старой расцягнутай кофце застыла, абапёршыся рукой на кут бярвеністай хаты. Святло слізгае па ейным круглявым твары, па траўцы, што вясёла зелянее на заднім фоне. Погляд Антонаўны хоць і скіраваны на гледача, але ўпарта ўнікае кантакту з ім. Яна пагружана ў свае думкі, аднак цікаўнасць да таго, што адбываецца на вуліцы, прымусіла яе выбрацца з дому. Атмасфера глухой правінцыі — паняцця, не толькі геаграфічнага, але таксама і духоўнага ды і сацыяльнага — перададзеная вельмі праўдзіва, тонка, прачула і высокапрафесійна.

Такія і іншыя партрэты з гэтай серыі. Старыя людзі, то са скамечанай ля слязлівых вачэй хустачкай, то цяжка абапіраючыся на карчакаватую палку, моўчкі сузіраюць за тым, як слізгае паўз іх наш век, ХХІ стагоддзе. Са спакойным выразам твару і глыбока схаваным пачуццём годнасці, яны нібы выплываюць з глыбіні палатна, з нетраў пражытых гадоў, з задворкаў існасці. Гэтым карцінам — самае месца ў музеі!

/i/content/pi/cult/731/15901/page-14-3.jpgПогляд спадылба

Раман з адным з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў Мазыром пачаўся ў Мікалая адразу па заканчэнні ім тэатральна-мастацкага інстытута. У той час там жыў і працаваў знакаміты на ўсю Беларусь мастак-кераміст Мікалай Пушкар. Чалавек з цяжкім лёсам.

З партрэту пэндзля Дубровы на гледача спадылба, без залішняй сентыментальнасці пазірае шырокі ў плячах чалавек у турэмнай ватоўцы. Скрозь лагерныя “лічбы на сэрцы” праступілі кроплі гарачай крыві, а ў руцэ — моцна заціснуты чырвоны партыйны білет...

Дый гэта не рука, а магутны кулак, які нездарма з’явіўся на пярэднім плане карціны. Пушкар можа пастаяць за сябе, за краіну, за перакананні! Твар былога беспрытульніка і зняволенага поўніцца добрым гумарам — нягледзячы ні на што. Глядач дзякуючы гэтай карціне можа не толькі ўбачыць, але і “прачытаць” перыпетыі лёсу вялікага майстра і чалавека.

Дуброва выкладаў у педінстытуце, кіраваў народнай студыяй выяўленчага мастацтва “Фарбы” Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, з вялікім задавальненнем працаваў у сваёй майстэрні. Узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага І ступені, медалямі Францыска Скарыны і “100 гадоў славянскаму руху на Беларусі”. А вось выставамі распешчаны не быў.

На плёсах

Як падаецца, развіццё выяўленчага мастацтва ў апошні час змяншае
абароты. А вось магчымасці для творчасці наадварот узрастаюць. Моднай з’явай на мяжы стагоддзяў сталі спецыяльна арганізаваныя кароткатэрміновыя зборы мастакоў дзеля работы на прыродзе і абмену прафесійнага досведу — пленэры. Вельмі любіў працаваць у гэтай творчай добразычлівай абстаноўцы і Мікалай Кузьміч. На пленэрах ён пачуваўся, як кажуць, сваім сярод сваіх, быў разняволеным і таварыскім. І таму хутка і ўмела ствараў алеем мноства эцюдаў. Як прызнаны мастак, Дуброва выязджаў на пленэры і ў іншыя краіны, асаблівую прыхільнасць меў да Галандыі. Але і невялічкім рэгіянальным падзеям не адмаўляў. Такім, як, напрыклад, “Рагачоўскія плёсы”.

Рагачоўшчына, дняпроўскія краявіды якой памятаюць знакамітага Уладзіміра Караткевіча — вабны куток і для пачаткоўцаў, і для мастакоў масцітых. Прыбыўшы на пленэр, Дуброва нікому са старонніх не дэманстраваў свой настрой. Ніхто б не здагадаўся, што ўнутры ў яго пануе бязладдзе, што ён перажывае складаныя сямейныя праблемы — хаця яны былі. Усе ведалі толькі, што ён адзін гадуе дачку ад другога шлюбу і жывуць яны добра ды дружна...

“Уж сколько их упало в эту бездну разверстую вдали…” — неверагодна пранікнёныя радкі вялікай Марыны Цвятаевай гучаць для нас голасам Алы Пугачовай. Час няўмольны. Трэба сёння аддаць належнае даробку Мікалая Дубровы, ушанаваць яго памяць добрым словам, правільна распарадзіцца творчай спадчынай, якая ў поўнай меры яшчэ не ацэненая. Але няма сумневаў, што яна абавязкова паслужыць на славу Беларусі.

Леся МІЛЕЙША