Аптымізм “неперспектыўнага” мястэчка

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Здаралася, прыязджаў я з “рэгіянальных камандзіровак” з настроем ніжэй за сярэдні. Быццам бы і ўстановы культуры ў такіх “глыбінках” дзейнічаюць, і працуюць у іх падзвіжнікі, але часам апускаўся я ў атмасферу гнятлівую — з-за розных абставінаў. У паселішчы, гаворка пра які пойдзе далей, таксама ўсё не без навальнічных аблокаў, але да іх наяўнасці кіраўніцтва мясцовай культуры ставіцца, ва ўсякім разе, без панікі, па-філасофску. І разводзяць яны хмары сваімі працавітымі рукамі...

/i/content/pi/cult/731/15898/18.JPGСын за бацькам

Сям’я дырэктара філіяла Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў Генадзя Бутара — спрэс музычная: жонка яго, Людміла, выкладае ў гэтай жа ўстанове баян, ды і ўсе чацвёра дзяцей абралі для ўласнай рэалізацыі той жа від мастацтва.

— Калі б мяне сёння спыталі, ці пажадаў бы я такі шлях сваім дзецям, то іх бы не адгаворваў, ды і сам бы пайшоў па ім, — прызнаецца Генадзь Уладзіміравіч. — Нягледзячы на тое, што праца музыкантаў магла б аплачвацца лепей. Але гэта наш лёс, наша пакліканне. Зрэшты, у “маёй” установе, як я лічу, заробкі годныя.

Музычная школа ў Поразаве адкрылася ў 1974-м. Жонка Генадзя Бутара, дарэчы, стаяла ля яе вытокаў, а сам ён уліўся ў калектыў установы двума гадамі пазней і з 1990-га яе узначаліў.

Як змянялася “музыкалка”? У адпаведнасці з дэмаграфічнай сітуацыяй: працаздольнае дарослае насельніцтва гарадскога пасёлка паволі з’язджала туды, дзе хлеба і відовішчаў, як яно лічыла, больш, звозячы з сабою і сваіх дзяцей. Што адбівалася на колькасці навучэнцаў. Урэшце, у рамках усеагульнай аптымізацыі музычная школа перастала быць самастойнай адзінкай ды ператварылася ў філіял Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў. Сёння ў ёй вучыцца 29 чалавек — амаль пятая частка ад колькасці вучняў агульнаадукацыйнай школы.

/i/content/pi/cult/731/15898/19.JPG— Але ў працэнтных адносінах цікавых дзяцей не стала менш, — сцвярджае Генадзь Уладзіміравіч. — Не было года, каб хто-небудзь з нашых выхаванцаў не працягнуў сваю музычную адукацыю. Многія цяпер працуюць у вядомых калектывах краіны, дамагліся прызнання на самых розных узроўнях. Напэўна, нясціпла будзе хваліцца, але што ўжо тут... Напрыклад, мой сын Сяргей з’яўляецца выкладчыкам кафедры баяна і акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ён лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, фігура паважаная і ў асяроддзі прафесіяналаў, і ў звычайнай публікі.

Да праблемных месцаў у дзейнасці такіх устаноў Генадзь Уладзіміравіч адносіць тое, што маладыя спецыялісты ў малыя паселішчы едуць працаваць без асаблівага жадання. Неперспектыўнымі яны іх лічаць — і ў плане побыту, і як плацдарм для пабудовы ўласнай кар’еры.

— Я надта моцна не вінавачу моладзь, — кажа дырэктар. — Што ім, сапраўды, рабіць, як планаваць сваё жыццё, калі, дапусцім, у нас з жыллём цяжка? Таму адпрацоўваюць размеркаванне і з’язджаюць.

А на высокіх нарадах такія “неперспектыўныя” ўстановы заклікаюць шукаць “унутраныя рэзервы” — і ўсё ж такі знаходзіць магчымасці для таго, каб новае пакаленне выкладчыкаў у іх затрымлівалася, расло і мацнела. Арыентуюць на тое, каб быў мінімізаваны адсеў навучэнцаў: няхай ты далёка не Паганіні, але скончыць ДШМ абавязаны.

— У цэлым, я за такі
падыход, — згаджаецца спадар Бутар. — Хоць бы таму, што калі хлопец заняты, ён менш рызыкуе трапіць у сумнеўную кампанію.

А найчасцей нагадваюць пра планы платных паслуг.

— Шчыра кажучы, мне гэта не вельмі падабаецца, — дзеліцца мой суразмоўца. — Асноўная наша задача — даць дзецям якасную пачатковую музычную
адукацыю, каб гэтая база дапамагла працягнуць навучанне тым, хто захоча. І галоўная мэта — прышчапіць выхаванцам агульны эстэтычны густ. Але калі жыццё прымушае, дык будзем зарабляць. Інструменты нам бы яшчэ абнавіць, моцна ўжо яны зношаныя...

Няма калі плакаць

Раз у два гады ў Поразаве праходзіць фестываль польскай песні, кожны год — фестываль народнай музыкі і песні, арганізуецца шмат гульнявых і забаўляльных акцый для дзетак.

— Імкнёмся па максімуму “загружаць” наша мястэчка, насельніцтва якога складае каля тысячы чалавек, — паведамляе загадчыца мясцовага Сектара культуры і вольнага часу Алена Андрушка. — Але на платныя мерапрыемствы — нават такія як дыскатэкі — моладзь адгукаецца з меншым энтузіязмам. А нам жа грошы зарабляць трэба! Таму нашы калектывы не проста гастралююць, а выступаюць вельмі шмат, асабліва па раёне.

Дні вёсак, абрады, фэсты, канцэрты… Праграмы для 43 населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання Сектара, могуць прапаноўвацца на розных мовах — у залежнасці ад таго, дзе якая пераважае, бо на гэтай тэрыторыі суседнічаюць беларуская, польская і трасянка на іх аснове. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца пастаноўкі Тэатра мініяцюр, актрысай і аўтарам якога з’яўляецца і Алена Уладзіміраўна.

— Вывозім нашы інсцэніроўкі і ў Польшчу, — распавядае яна. — Наогул, культурная сувязь з суседняй краінай у Поразава даўняя і трывалая.

Папрацаваўшы ў беларускай культуры ў тыя гады, калі стан спраў у ёй быў зусім дрэнным, Алена Андрушка сённяшнім становішчам рэчаў збольшага задаволеная:

— Калі 1990-я можна назваць крызіснымі гадамі ў нашай культуры, бо намаганняў дзяржавы хапала, у асноўным, толькі на тое, каб захоўваць “топавыя” мерапрыемствы, калектывы ды ўстановы, то сёння тая ж “перыферыя” ў гэтым сэнсе жыве паўнакроўным жыццём. Вядома, хочацца большага фінансавання, але і таго, што маецца, дастаткова тым жа бібліятэкам, цэнтрам, клубам, музеям, школам мастацтваў, каб весці цікавую, насычаную працу, вынікі якой выклікаюць станоўчую рэакцыю ў людзей. Натуральна, пры ўмове, што ў іх супрацоўнікаў ёсць жаданне працаваць з агеньчыкам, прыдумляць нешта незвычайнае.

Паводле яе словаў, сёння работнікі культуры сталі больш вольныя ў тым, якім чынам арганізоўваць розныя iмпрэзы.

— Метадычкі засталіся, але ў нас болей арыентуюцца на мясцовыя рэаліі, таму даверу ў публікі стала куды больш. Ведаеце, калі некалькі гадоў таму і хацелася часам паплакацца ў камізэльку самому сабе, то цяпер — няма часу! Асабліва ўзімку, калі мерапрыемствы ідуць адно за адным, калі нас чакаюць ва ўсіх вёсках. Вельмі чакаюць! І мы павінны апраўдваць іх чаканні!

Алена Казюк і Ганна Шалкевіч — таксама вядомыя тутэйшыя выдумшчыцы. Яны кулінары, фірмовай стравай якіх з’яўляецца банкуха — вясельны, святочны пірог. Кажуць, “прыйшоў” ён у Беларусь з Германіі не меней за пару стагоддзяў таму. Сяброўкі лічаць сябе захавальнікамі рэцэпту падрыхтоўкі сапраўднай банкухі ў Свіслацкім раёне і рэўнасна ставяцца да такога звання. Спадарыня Казюк доўгі час працавала ў трыкатажным цэху, спадарыня Шалкевіч — у гандлі, цяпер абедзве — на пенсіі. Гэты тандэм я і папрасіў даць ацэнку “культурнай кухні” Поразава.

Каментарый Алены КАЗЮК і Ганны ШАЛКЕВІЧ:

— З таго часу, як “культурную працу” ў Поразава ўзначаліла Алена Уладзіміраўна Андрушка, жыць у нас стала... весялей! Столькі ўсялякіх мерапрыемстваў праводзіцца, што нават, бывае, стамляешся ад іх, просіш: “Алена, ты б супакоілася на тыдзень, перадыхнула, ды і жыхарам дала б адпачынак!” Яна кіўне галавой — а там на выхадных зноў якая-небудзь падзея.

Шмат увагі стала надавацца састарэлым людзям — іх наведаюць клубныя работнікі, з нумарам якім-небудзь канцэртным прыйдуць, на свята вёскі выцягнуць — хоць бы і на ганак уласнага дома. Шчыра кажучы, адзін час у нас пра іх забываць сталі, а калі пра пажылых перастаюць памятаць, яны і паміраюць раней за адмераны тэрмін...

А можна мы праз газету “Культура” звернемся да мясцовых уладаў? Паважаныя мясцовыя ўлады, мы ўдзячныя вам за тое, што вы паставілі кіраваць культурай Поразава Алену Андрушка. Але ці не маглі б вы выканаць і такую просьбу жыхароў? У нас тут ёсць возера — некалі проста выдатнае, але яно зарасло травой і глеем. Яго бы трошкі пачысціць, паставіць на беразе альтанкі, разбіць невялікія атракцыёны — і было б яшчэ адно месца для культурнага адпачынку жыхароў нашага гарадскога пасёлка. Не думаем, што для такога акультурвання спатрэбяцца вельмі вялікія сродкі...

P.S. “К” разам са спадарынямi Казюк і Шалкевіч дзякуе кіраўнікам Свіслацкага раёна за ўдалае прызначэнне і далучаецца да просьбы хадайнікаў!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"