Што мы ведаем пра джаз?

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Нядаўна ў Вялікабрытаніі выйшла кніга The History of European Jazz. Ёсць у ёй і некалькі раздзелаў, прысвечаных беларускаму джазу. Іх аўтар — вядомы журналіст і музычны крытык, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва” Дзмітрый Падбярэзскi — пазнаёміў замежных чытачоў не проста з мала- ці ўвогуле невядомымі ім музычнымі старонкамі, але і з нашай краінай як такой.

/i/content/pi/cult/731/15895/DSCN6888_opt.jpegМы яшчэ не адзін год будзем адкрываць для сябе нешта новае ў гісторыі сваёй культуры. Вось што мы ведаем пра беларускі джаз? Хіба асобныя прозвішчы ды назвы. Сёння найпершы папулярызатар жанру — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Больш за 40 гадоў на эстрадзе ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнесанс”. Ёсць гурт Apple Tea, якi шмат рэалізуе сябе ў гэтым кірунку. А ўчора ў джазавай сферы беларусаў адукоўваў Авенір Вайнштэйн. Пазаўчора — Эдзі Рознер.

А вось цікава, ці кожны з чытачоў ведае, што сёлета беларускі джаз адсвяткуе 80-гадовы юбілей? Яшчэ ў канцы 1939 года быў створаны Дзяржаўны джаз-аркестр БССР на чале з Юрыем Бяльзацкiм, а салістам-трубачом і музычным кіраўніком неўзабаве стаў той самы Рознер. У канцы 1940-х ён быў асуджаны, а разам з ім амаль на дзесяць гадоў быў “асуджаны” і сам стыль, трапіўшы ў СССР пад чарговую хвалю ганенняў. Адліга наступіла толькі праз дзесяцігоддзе.

Але з часам стаўленне ўлады змянілася. Падбярэзскі прыводзіць цікавы факт: Мінскі клуб аматараў джазу паўстаў у 1977 годзе пад эгідай абкама камсамола! З ім звязаны і яшчэ адзін варты ўвагі эпізод. У 1984 годзе ў Саюз завітаў з канцэртамі ансамбль англійскага трубача Кені Бола. Дабраўся ён і да беларускай сталіцы, дзе павінен быў даць афіцыйнае выступленне. Але айчынным джазмэнам гэтага было замала: як жа можна ўпусціць магчымасць “паджэміць” з замежнай зоркай? Яны звярнуліся ў той самы абкам з просьбай пасадзейнічаць. Камсамольцы звязаліся з вышэйшымі інстанцыямі, і тыя далі “дабро”, але з умовай — каб у імпрэзе з боку гасцей прыняло ўдзел не больш за два чалавекі. Бол пагадзіўся і ўзяў з сабой бубнача. Перад сэйшнам тандэм пачаставалі, i не толькі гарбатай. А потым быў вір імправізацыі. І вось, па выніках гастроляў англамоўнае выданне The Moscow News апублікавала інтэрв’ю з Кені, у якім той назваў мінскі джэм самай запамінальнай падзеяй тура.

Дык наколькі ж вядомы наш джаз у Еўропе і ў свеце? Вядомы. Напрыклад, дзякуючы праекту “Джазавы мост”, калі ў Беларусь прыязджаюць замежныя вакалісты з імем і даюць тут канцэрты з айчыннымі музыкантамі. Яшчэ адзін шлях распаўсюджвання па планеце вядомасці беларускага джаза — водны: гэта калі нашы джазмэны падзарабляюць інструменталістамі на круізных лайнерах. Або на сушы — у аблюбаваным імі Бахрэйне.

Ёсць і прасцейшы шлях: удзел у міжнародных джазавых фестывалях за мяжой. Неяк на такім форуме ў Польшчы да нашага саксафаніста Ігара Лютага падышоў незнаёмы чалавек, каб выказаць сваё захапленне майстэрствам музыканта. І распавёў, што па працы ён часцяком бывае ў Мінску, а паколькі джаз — яго жарсць, у вольны час стараецца выбірацца на канцэрты беларускіх джазмэнаў. “І як вам яны?” — пацікавіўся Ігар. “Сядзіш у зале, заплюшчыш вочы, і здаецца, быццам граюць фірмовыя амерыканскія музыканты, — адказаў меламан. — Мне і так падабаецца ваша краіна, але пасля таго, як я пазнаёміўся з беларускім джазам, палюбіў яе яшчэ больш...”

І рэзюмуючы. Было б вельмі добра, калі б The History of European Jazz прачыталі як мага больш суайчыннікаў — у арыгінале, або, яшчэ лепш, у перакладзе на беларускую мову. Бо што мы ведаем, па вялікім рахунку, пра джаз аўстрыйскі?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"